Філасофія і сэнс жыцця сялян

Гучнымі і працяглымі апладысментамі вяскоўцы сустракалі каравай, спечаны з зерня новага ўраджаю, — хлеб, здабыты рукамі свіцязянскіх хлебаробаў.
Так пачалося свята “Дажынкі-2010” у СВК “Свіцязянка-2003”.
Вось яны, гаспадары хлебнай нівы. Права ўвесці камбайнераў, якія працавалі на ўборцы сёлетняга ўраджаю, было даручана галоўнаму аграному сельгаскааператыву А. А. Мяцеліцы.
Слова прадастаўляецца старшыні СВК У. А. Галавачу.
— Паважаныя госці, удзельнікі жніва, працаўнікі сельгаскааператыву, — гаворыць Уладзі-мір Арсенцьевіч. — Сёння ў нашай гаспадарцы свята, бо дзякуючы вашым старанням і намаганням, нягледзячы на прыродныя катаклізмы, мы змаглі дабіцца добрых вынікаў. Сярэдняя ўраджайнасць зерневых і зернебабовых па гаспадарцы склала 41 ц/га, а таму і намалот атрыманы важкі — больш 9 тысяч тон збожжа, каля 250 тон трыцікале дастаўлена на Мірскі спіртавы завод. І гэты сумесны вынік дасягнуты працай рук вашых. Таму не трэба расслабляцца, а будзем і надалей працаваць заўзята, каб дабіцца высокіх паказчыкаў не толькі ў раслінаводстве. Дзякуй вам за працу і вашым сем’ям за падтрымку!
Словы віншаванняў адрасавалі ўдзельнікам жніва і ўсім хлебаробам галоўны аграном А. А. Мяцеліца і старшыня прафкама З. І. Маковік.
А якое свята без ушанавання перадавікоў. Вялікая група ўдзельнікаў жніва-2010 узнагароджана грашовымі прэміямі. Пераможцамі спаборніцтва сярод камбайнавых экіпажаў сталі М. А. Саўка, В. М. Якімовіч, якія камбайнам MDW намалацілі 1318 т, затым за лідарамі ідуць М. І. Найба і Д. М. Найба, якія камбайнам “Мега-208” намалацілі 1245 т збожжа. Трэцяе месца ў СВК па намалоту занялі сёлета А. М. Радзюк і А. С. Тур на камбайне “Мега-208” з паказчыкам у 1061 т.
Былі ўзнагароджаны пераможцы спаборніцтва сярод шафёраў на адвозцы зерня, адзначаны ўсе астатнія камбайнеры, вадзіцелі, механізатары, спецыялісты гаспадаркі і іншыя хлебаробы, усе, хто прымаў удзел ва ўборцы сёлетняга ўраджаю ў СВК “Свіцязянка-2003”.
Кіраўнік гаспадаркі У. А. Галавач разам са спецыялістамі частаваў прысутных смачным караваем. А канцэрт удзельнікаў мастацкай самадзейнасці Райцаўскага ЦСДК надаў бадзёрасці і аптымізму працаўнікам вёскі. У час мерапрыемства ў зале панаваў добразычлівы і вясёлы настрой. Бо нездарма ж кажуць: “Ёсць хлеб, будзе і песня”.
І як тут не згадаць пажаданне арганізатараў свята: “Няхай і надалей на нашай роднай зямлі расце і каласіцца хлеб, родзіць агародніна, поўняцца садавінай сады, бо чалавек нараджаецца на зямлі, каб сеяць, збіраць ўраджай і зноўку сеяць. Такая бясконцая філасофія чалавечага жыцця”.
Святлана ВАРАВА,
студэнтка БДПУ імя Максіма Танка.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.