Школы да новага навучальнага гатовы

Напярэдадні нарады па выніках праверкі гатоўнасці ўстаноў адукацыі да новага навучальнага года, 11 і 12 жніўня, дзве рэйдавыя брыгады наведалі школы раёна, дзе дэталёва азнаёміліся з тым, як навучальныя ўстановы раёна падрыхтаваліся да прыняцця вучняў.
У ходзе рэйдаў звярталася ўвага на стан класных пакояў, спартыўных залаў, харчблокаў, а таксама стадыёнаў, тэрыторый прышкольных участкаў, цеплавузлоў і г. д. Адным словам, правяраючыя стараліся не прапусціць нават дробязяў, бо іх у гэтай важнай справе не павінна быць.
На нарадзе слова трымала начальнік аддзела адукацыі райвыканкама І. В. Асташэвіч. Ірына Валер’еўна адзначыла, што ўстановы гатовы да новага навучальнага года (з ліквідаваннем дробных недаробкаў на працягу 5 дзён). На рамонт устаноў аддзела адукацыі затрачана 147 857 673 рублі. Спонсарская дапамога складае 12 мільёнаў 168 тысяч рублёў.
Па якасці праведзенага бягучага рамонту адзначыла Райцаўскі дзіцячы сад— школу, Мірскую СШ, Аюцавіцкі дзіцячы сад— школу, Жухавіцкую СШ. Значная работа праведзена ў Варанчанскім і Палужскім дзіцячых садах (асабліва харчблокі).
Патрабуе ўвагі з боку адміністрацыі якасць і аб’ём выкананых работ у час рамонту ў Палужскай БШ, Баранавіцкай СШ.
Калектывам Малюшыцкай, Баранавіцкай СШ, Палужскай, Мядзвядскай БШ трэба звяртаць увагу на падабраную колеравую гаму пры пафарбоўцы кабінетаў, калідораў, школьнай мэблі.
Прамоўца назвала агульныя недахопы, якія датычаць шэрагу школ, — замацаванне вазонаў на шафах і паліцах, маркіроўка разетак, пажарныя ўказальнікі (запасны выхад, стрэлкі руху, значкі “вогнетушыцель”), афармленне куткоў здароўя і дзяржаўнай сімволікі.
І. В. Асташэвіч выказала асаблівыя словы падзякі за выкананую работу па добраўпарадкаванню прышкольнай тэрыторыі і афармленне кветнікаў калектывам Жухавіцкай СШ, Райцаўскай і Аюцавіцкай дзіцячым садам— школам. Па яе словах, гэтыя тэрыторыі адрозніваюцца ідэальнай чысцінёй, кветнікі — прыгожа падабранымі кампазіцыямі, відавой разнастайнасцю, шматграннасцю архітэктурных форм, прычым з асаблівым густам растаўленых.
Значная работа па афармленню кветкавых клумбаў зроблена ў Малюшыцкім дзіцячым садзе—школе, Баранавіцкай СШ і садзе, Палужскім, Варанчанскім, Мірскім дзіцячых садах. У добрым стане падтрымліваюцца тэрыторыя і кветнікі ў Цырынскім дзіцячым садзе-школе, Луцкім дзіцячым садзе, Мядзвядскай, Некрашэвіцкай БШ.
У сваім выступленні намеснік начальніка аддзела адукацыі райвыканкама А. У. Шэўка, гаворачы аб гатоўнасці школ, выказала падзяку за добрыя кветнікі і прышкольныя ўчасткі калектывам Ярэміцкай і Красненскай СШ-садоў, цэнтру развіцця дзіцяці. Па яе меркаванню, да вызначанай даты школы павінны быць гатовы, а хвалюючыя пытанні ў час наведвання навучальных устаноў па вызначаму маршруту сустракаліся такія ж як і ў папярэдняй групы.
На нарадзе аб гатоўнасці харчблокаў да новага навучальнага года і захаванні патрабаванняў СанПін пры арганізацыі адукацыйнага працэсу расказаў урач-гігіеніст райЦГЭ У. І. Новік, аб падрыхтоўцы спартыўнай базы ўстаноў адукацыі да новага навучальнага года — метадыст аддзела адукацыі Н. І. Рыбак, аб наяўнасці і стану супрацьпажарнага інвентару ва ўстановах адукацыі — начальнік інспекцыі дзяржаўнага пажарнага нагляду С. І. Бурнос, аб падрыхтоўцы ўстаноў адукацыі да ацяпляльнага сезону — спецыяліст групы цэнтралізаванага гаспадарчага абслугоўвання Г. П. Васілеўская.
На нарадзе прысутнічаў і выступіў намеснік старшыні райвыканкама Р. Ю. Абрамчык.
Галіна СМАЛЯНКА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.