Убіраюць лён-даўгунец

З кожным годам пашыраюць плошчы пасеваў лёну ў ААТ “Карэлічы-Лён”. Сёлета даўгунец размешчаны на 815 гектарах. Зараз сіламі завадскога мехатрада вядзецця яго ўборка. Завадчане мяркуюць нарыхтаваць з арандаваных зямель 2400 тон ільнотрасты, а разам з гаспадаркамі раёна — 4500 тон, што забяспечыць двухзменную работу прадпрыемства на ўвесь перапрацоўчы сезон.
Сёлета на ўзбраенні мехатрада ёсць уся неабходная ўборачная тэхніка, якая дазваляе пазбавіцца ад ручной працы. Гэта самаходныя прэспадборшчыкі замежнай і айчыннай вытворчасці, абарочвальнікі льняных стужак, успушвальнікі, пагрузчыкі рулонаў, тэхніка для дастаўкі сыравіны на завод.
Механізатары льнозавода ўжо нарыхтавалі 928 тон ільнотрасты. Вызначыліся і найбольш старанныя. Гэта Сяргей Мікалаевіч Ліпскі, які прэсам ПРЛ-150 у агрэгаце з МТЗ-82 запрасаваў у рулоны 101,8 т лёну.
На самаходных прэсах беларускай вытворчасці шчыруюць Аляксандр Мікалаевіч Рачынскі і Аляксандр Уладзіміравіч Кныш, на рахунку якіх па 112,7 т запрасаванага даўгунца.
На 257 гектарах успушыў лён трактарыст Уладзімір Мікалаевіч Бокша, а Мікалай Міхайлавіч Кавальчук абярнуў ленты лёну на 130 гектарах.
Машыніст пагрузчыка Мікалай Мікалаевіч Харошка адгрузіў на завод 350 т сыравіны.
На адвозцы рулонаў добра працуюць трактарыст Мікалай Аляксандравіч Макоўскі і вадзіцель аўтамабіля МАЗ Дзмітрый Антонавіч Кавалько.
Гаспадаркі раёна адправілі на перапрацоўку 1632 т ільнотрасты. Пакуль самымі высокімі нумарамі здаюць лён СВК “Свіцязянка-2003” (1,27), “Лукі-Агра” (1,11), імя Чарняхоўскага (1,03).
Валянціна РУСАК,
бухгалтар мехатрада.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.