Аб тым, што хвалюе

Наколькі помніцца, гадоў сорак таму ў раёне было толькі некалькі, як кажуць, “горкіх” п’яніц. А цяпер не буду лічбу называць.. Яна выкліча трывогу.
Успомнім былое… Здаралася хто-небудзь моцна захмялее на вяселлі, на хрысцінах, дзе хапала і выпіць, і смачна закусіць. На Вялікдзень ці Каляды людзі хадзілі ў госці адзін да аднаго: хто да свата ці да брата, добрага суседа, да знаёмых, шматлікіх сваякоў, але мала хто напіваўся — усе былі вясёлымі, радаснымі, шчаслівымі. Праўда, больш спявалі, жартавалі, наладжвалі гульні. А п’яных, няхай паверыць сучасная моладзь, — не было. Ніхто не напіваўся, ніхто не ляжаў пад плотам. Гэта было брыдка! А цяпер п’юць у любы будзённы дзень, ці ёсць свята, ці няма яго, ды нават “на заўтра” гарэлка не праходзіць. І які з яго работнік? На жаль, нікому не брыдка. А некаторыя нават хваляцца і ганарацца гэтым.
А як раней паважалі (ці баяліся!) участковага інспектара міліцыі! Яго ведалі ўсе: дарослыя і дзеці, жанчыны і мужчыны. А калі хто-небудзь спрабаваў выгнаць самагонку, дык пра гэтага парушальніка ведалі ўсе, бо міліцыянер (той жа ўчастковы) раскрываў парушэнне заканадаўства і яно жорстка каралася. А сёння ў любой вёсцы ўсе ведаюць адрасы тых, хто рэалізуе разбаўлены спірт ці самагонку (калі ёсць такія!), асабліва жонкі мужоў, якія часта выпіваюць і пакідаюць там заробленыя грошы, якія патрэбныя сям’і, каб карміць, абуваць і апранаць дзяцей.
Не ўсім людзям зразумела сітуацыя: адрасы вядомыя, а “гарачыя кропкі” працуюць і днём, і ноччу — прадаюць атруту (штогодна медыкі фіксуюць гэтыя факты). А якія вялікія штрафы існуюць за парушэнне заканадаўства! І пачынаем верыць, што ёсць нейкае “зачараванае кола”. Усё працуе ці, як кажуць, “усё ўключана”, а для грамадства пакуль карысці ніякай.
Узрастае колькасць п’яніц, парушэнняў, здзейсненых у стане алкагольнага ап’янення, колькасць сем’яў, якія пазбаўлены бацькоўскіх правоў, і дзяцей, якіх узяла дзяржава на ўтрыманне ў дзіцячыя прытулкі, інтэрнаты, дзіцячыя дамы, колькасць разводаў з-за таго, што муж п’е “усё, што гарыць сінім полымем”, колькасць атручэнняў алкаголем, “спіртам” ці яшчэ нейкай заразай, ад якой мутнее не толькі розум, але і чалавек слепне, моцна хварэе, і адыходзіць у свет іншы, нават дактары ўжо не ў стане дапамагчы. А як пераносіць усё маці ці бацька сына, які п’е, нідзе не працуе і не жадае працаваць, адбіўся ад сям’і, дзяцей не выхоўвае. Як кажуць, хоць праз зямлю праваліся, брыдка людзям у вочы глядзець…
А яны, п’яніцы, лайдакі, жывуць, п’юць. Ім не брыдка. Ужо не брыдка! Ім не ўласцівы сорам, а пра сумленне і гаварыць няма чаго. Яны з самай раніцы (яшчэ магазіны зачыненыя) “дзяжураць”, каб хутчэй купіць выпіўкі, бо “трубы гараць”, і “палячыцца”, а затым зноў п’юць цэлы дзень… Цікава, а за што яны п’юць? Ці хто-небудзь хоча ведаць адказ на гэта пытанне?
Памятаецца, знаёмая бабуля (без мужа жыла) распавядала на гэту тэму так. “Раней можна было каго з мужчын ці суседа папрасіць, каб выкінулі гной з хлява ад каровы ці свіней, прывезлі дроў з лесу ці сена жывёле, саломы на подсціл на возе, бульбу абагнаць ці разагнаць восенню, даставіць выкапаную дамоў. Разлічвалася ў розныя гады па-рознаму: раней хапала толькі сказаць “дзякуй”, здаралася чарку налівала з салам і агурком з бочкі, пазней купляла бутэльку віна, а калі хапала грошай, то і гарэлкі “дзяржаўнай”, а пазней, калі моцна сусед распіўся, разлічвалася салам (за выпіўку жонка злавала) і я сама не хацела сварку ў дом прыносіць, давала грошы, праўда, жонцы. А цяпер ён толькі п’е, палец аб палец ні стукне ні дома, ні ў мяне. І такіх аболтусаў у вёсцы ўжо некалькі. Яны толькі п’юць, а адзін — яшчэ малады — і рукі налажыў, павесіўся. І нікому да іх справы няма. Прападаюць людзі. Вайны няма, а людзі прападаюць…Няўжо і далей так будзе?”.
І сапраўды, мясцовая ўлада многае што робіць, каб вярнуць такіх людзей да нармальнага жыцця, пасялковы і сельскія выканкамы на месцах, старасты, дэпутаты, настаўнікі, медыкі, культработнікі клубаў, бібліятэк. Заслугоўваюць добрага слова ў гэтай важнай рабоце старшыні праўленняў сельскагаспадарчых вытворчых кааператываў, галоўныя спецыялісты, якія з’яўляюцца прыкладам для многіх… А добрых, працавітых, прыстойных людзей цяжка і пералічыць. Іх усё-такі, на шчасце, больш у нас. А абібокаў, выпівох, дармаедаў колькасць узрастае, нягледзячы на паляпшэнне якасці жыцця, вялікі працэнт адукаваных людзей, адсутнасць бедных…
А яшчэ мы чамусьці забыліся пра нашы органы ўнутраных спраў, пра тую міліцыю, дзе і раней (гадоў 40 таму) працаваў наш участковы, якога і паважалі, і баяліся адначасова.
І цяпер што ў нас атрымліваецца? Пералічылі амаль усіх, хто займаецца ці павінен займацца выхаваннем, прафілактычнай работай, каб у нашым грамадстве зніклі негатыўныя з’явы: п’янства, сваркі, бойкі, каб нашы дзеці жылі ў радасці, бачылі шчаслівыя твары таты і мамы, бабулі і дзядулі, добра вучыліся і цікава адпачывалі.
Дарэчы, вялікую ролю адыгралі каардынацыйныя саветы, створаныя мясцовай уладай некалькі гадоў таму. Яны ўзварушылі, так бы мовіць, балота (дрыгву), у якім “сядзелі” і нядрэнна сябе адчувалі п’яніцы, дармаеды, хуліганы, злодзеі. Гэтыя саветы праходзяць даволі часта ва ўсіх сельвыканкамах, СВК, на якіх, іх, дарослых, выхоўваюць, ставяць на правільны шлях, накіроўваюць на лячэнне, некаторыя гаспадаркі кадзіруюць за свой кошт, каб не піў, прымушаюць працаваць, у тым ліку і па Дэкрэту Прэзідэнта № 18.
Як паказала практыка, многія сталі на шлях выпраўлення. Аднак трэба яшчэ працаваць…
Дык давайце ўсе разам мабілізуемся і аб’явім вайну п’янству і ўсяму, што з ім звязана. Пакажам чаго мы ўсе вартыя і навядзём узорны парадак не толькі на зямлі, але і ў быце, у адносінах адзін да аднаго, у кожнай сям’і, у кожнай душы. У нашым грамадстве павінны панаваць згода, любоў, спагада, добрасумленнасць і высокая КУЛЬТУРА паводзін. Толькі тады мы скажам смела, што якасць жыцця палепшылася ці ўзрасла. І менавіта ў Год якасці.
Іван ВЕРАСОК.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.