Ахоўваць і выкарыстоўваць гісторыка-культурную спадчыну

На пасяджэнні райвыканкама разгледжана пытанне “Аб ахове і выкарыстанні гісторыка-культурных каштоўнасцей, якія знаходзяцца пад аховай дзяржавы”.
Заслухана і абмеркавана інфармацыя начальніка аддзела культуры райвыканкама Іны Міхайлаўны Лазар.
Адзначалася, што ў дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Беларусі ўнесена 16 помнікаў, якія знаходзяцца на тэрыторыі раёна: 4 помнікі гісторыі (вайсковыя пахаванні ў райцэнтры — уласнік РУП ЖКГ, брацкая магіла ў г. п. Мір — уласнік Мірскі пассельвыканкам, брацкая магіла ў в. Малыя Жухавічы — мясцовы сельвыканкам, брацкая магіла ў в. Сіняўская Слабада — Ярэміцкі сельвыканкам; 6 помнікаў архітэктуры: Троіцкая царква ў г. п. Мір (уласнік — прыход храма Жыватворнай Троіцы ў г. п. Мір Навагрудскай епархіі Беларускай Праваслаўнай царквы), царква Святой Варвары ў в. Райца (уласнік — прыход храма Праабражэння Гасподняга), замкавы комплекс “Мір” і мазаічная выява на ўсыпальніцы ў г. п. Мір (уласнік — ДУ “Нацыянальны мастацкі музей Рэспублікі Беларусь), будынак былога бровара ў райцэнтры (уласнік — аддзел адукацыі), комплекс Мікалаеўскага касцёла — касцёл, вароты з агароджай і звонам (уласнік — прыход рэлігійнай абшчыны касцёла Святога Мікалая ў г. п. Мір Гродзенскай епархіі Рымска-каталіцкага Касцёла ў Рэспубліцы Беларусь), будынак былых школы і шпіталя (уласнік адной часткі будынку — Мірскі пассельвыканкам, які здаў у арэнду частку будынку ПГУП “Пузата хата”, уласнік другой часткі будынку — РУП ЖКГ); 6 помнікаў археалогіі: гарадзішча перыяду жалезнага веку, селішча перыяду Сярэднявечча (уласнік — Турэцкі сельвыканкам), курганы (могільнік) у в. Плужыны, гарадзішча перыяду Сярэднявечча ў в. Сёгда, курганы (могільнік) у в. Скрышава (уласнік — Райцаўскі сельвыканкам), стаянкі перыяду каменнага і бронзавага вякоў у в. Ярэмічы (Ярэміцкі сельвыканкам), каменны могільнік у в. Альшаны (уласнік — Цырынскі сельвыканкам).
Праводзіцца работа з уласнікамі па ўстаноўцы ахоўных дошак на гісторыка-культурныя аб’екты. На дадзены момант устаноўлена 16. Аднак работа яшчэ не завершана.
Распрацаваны турыстычныя маршруты, якія ўключаюць помнікі гісторыка-культурных каштоўнасцей Беларусі: Замкавы комплекс “Мір”, Троіцкая царква, Мікалаеўскі касцёл, брацкая магіла ў г. п. Мір, царква Святой Варвары ў в. Райца, воінскія пахаванні ў г. п. Карэлічы. У перспектыве будуць унесены ў турмаршруты помнікі археалогіі.
Раённы краязнаўчы музей у рабоце па азнаямленню з гісторыка-культурнай спадчынай выкарыстоўвае розныя формы і метады — заняткі, гульні-падарожжы, лекцыі, урокі гісторыі, краязнаўчыя падарожжы. Разам з тым, неабходна стварыць каардынацыйны савет па ахове гісторыка-культурнай спадчыны.
З мэтай належнага выкарыстання заканадаўства, накіраванага на ахову аб’ектаў, якія ўяўляюць гісторыка-культурную каштоўнасць, райвыканкам прыняў канкрэтнае рашэнне.
Уласнікам помнікаў археалогіі (Райцаўскі, Ярэміцкі, Турэцкі, Цырынскі сельвыканкамы) абавязкова трэба да 1 лістапада 2010 г. арганізаваць і правесці інвентарызацыю аб’ектаў археалогіі.
Уласнікам усіх гісторыка-культурных каштоўнасцей да 1 снежня 2010 г. правесці работу па распрацоўцы праектнай дакументацыі зон аховы гісторыка-культурных каштоўнасцей.
Цырынскаму сельвыканкаму (Л. Ф. Атрашкевіч) неабходна да 1 лістапада арганізаваць работу па выяўленню помніка археалогіі — каменнага могільніка ў в. Альшаны.
Райвыканкам абавязаў уласнікаў усіх гісторыка-культурных каштоўнасцей праводзіць работы, звязаныя з рэстаўрацыяй, капрамонтам, рэканструкцыяй на аб’ектах гісторыка-культурнай спадчыны толькі з дазволу Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь.
Аддзелы эканомікі і адукацыі райвыканкама (А. А. Сакаловіч, І. В. Асташэвіч) абавязаны падрыхтаваць пакет дакументаў для рэалізацыі будынку былога бровара на аўкцыёне за адну базавую велічыню.
Аддзел фізічнай культуры, спорту і турызму райвыканкама павінен да 1 кастрычніка 2010 г. правесці неабходную работу па занясенню помнікаў археалогіі ў турыстычныя маршруты раёна.
Кантроль за выкананнем дадзенага рашэння ўскладзены на намесніка старшыні райвыканкама Р. Ю. Абрамчыка.
Інфармацыя аб ходзе выканання рашэння будзе заслухана на пасяджэнні райвыканкама ў снежні гэтага года.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.