Наш адрас — Савецкі Саюз

Ленінскаму Камуністычнаму Саюзу Моладзі Беларусі — 90 гадоў. Праз гэту масавую маладзёжную арганізацыю прайшлі, за рэдкім выключэннем, усе людзі старэйшага пакалення. З яе шэрагаў выйшла шмат знакамітых кіраўнікоў партыі, урада, прадпрыемстваў, гаспадарак, арганізацый і ўстаноў. Камсамол даў пуцёўку ў жыццё вядомым літаратарам, мастакам і навукоўцам, спецыялістам народнай гаспадаркі, аховы здароўя, адукацыі і культуры і ў іншых сферах гаспадарчай і інтэлектуальнай дзейнасці.
Значны ўклад у летапіс ЛКСМБ унеслі камсамольцы Карэліччыны. Усім вядомы змагар за народнае шчасце, камсамолец-падпольшчык Мікалай Арцюх, які загінуў ад рук белапольскіх акупантаў.
Менавіта камсамольцы Пагарэлкі, Новага Сяла, Лядак, Беражна і іншых населеных пунктаў сталі першымі байцамі партызанскіх атрадаў. І недарма народныя мсціўцы далі сваім першым фарміраванням назвы “Камсамольскі”. Маладосць, непрымірымасць да гітлераўскіх акупантаў і іх парадкаў клікалі камсамольцаў да барацьбы, вялі іх у бой.
Шмат слаўных спраў запісалі камсамольцы ў працоўны летапіс раёна. Яны ішлі наперадзе ў справе аднаўлення з руін і папялішчаў родных вёсак, стварэння калектыўных гаспадарак, развіцця прамысловасці, сацыяльна-культурнай сферы.
Гэту дату адзначаюць не толькі людзі пажылога ўзросту, але і пераемнік ЛКСМБ ГА “БРСМ”. Членам Беларускага Рэспубліканскага Саюза Моладзі ёсць з каго браць прыклад, ёсць на каго раўняцца. І сёння аб гэтым расказвае былы першы сакратар Карэліцкага РК ЛКСМБ Уладзімір Пятровіч Клімянкоў:
— Мне выпаў гонар узначальваць раённую камсамольскую арганізацыю ў перыяд з лютага 1975 да чэрвеня 1979 года. У той час яна аб’ядноўвала больш чатырох тысяч юнакоў і дзяўчат. Пярвічныя камсамольскія арганізацыі дзейнічалі тады ў гаспадарках, на прадпрыемствах, у арганізацыях і ўстановах адукацыі. Існавалі Карэліцкая і Мірская тэрытарыяльныя камсамольскія арганізацыі. Разнапланавай была іх работа ў маладзёжным асяроддзі. Але каб яна прыносіла плён, патрэбен каардынацыйны цэнтр, якім і з’яўляўся райкам камсамола.
Гэта заўсёды была каманда аднадумцаў. І сёння варта назваць тых, хто ўзначальваў у свой час раённую камсамольскую арганізацыю. Гэта Аляксандр Хілімон, Аляксандр Вета, Ала Фалюк, Аляксандр Багушэвіч. У апараце райкама ў той перыяд працавалі Людміла Гоўша, Тамара Міхалкевіч, Аляксандр Барышнікаў, Святлана Кохан, Міхаіл Кунец, Міхаіл Шацкі і іншыя.
Асноўнымі напрамкамі работы з моладдзю былі: выхаванне патрыятызму, любові да Радзімы, гатоўнасці да працы і абароны Радзімы, фарміраванне эстэтычных і маральных устояў, духоўнае выхаванне і г. д.
Па ініцыятыве РК ЛКСМБ была ажыццёўлена раённая праграма падрыхтоўкі механізатарскіх кадраў праз курсы, створаны ва ўсіх гаспадарках і райсельгастэхніцы.
Гэта праграма, адобраная ў абкаме ЛКСМБ, дазволіла значна папоўніць рады механізатараў раёна.
Важкі ўклад у сацыяльна-эканамічнае развіццё раёна ўнеслі камсамольска-маладзёжныя звенні, якія працавалі ва ўсіх галінах народнай гаспадаркі. Сярод іх — механізаванае звяно лаўрэата Ленінскай прэміі Уладзіміра Блакіцкага з тагачаснага калгаса імя Калініна, звяно будаўнікоў пад кіраўніцтвам Мікалая Скварады, якому за высокія вытворчыя паказчыкі і актыўную грамадскую работу быў аказаны высокі гонар сфатаграфавацца ля Сцяга Перамогі ў Маскве.
За высокія вытворчыя дасягненні ў сельскагаспадарчай вытворчасці лідар механізаванага звяна з былога калгаса імя Дзяржынскага Мікалай Логіш быў удастоены ордэна Працоўнага Чырвонага Сцяга.
З ліку правафланговых было механізаванае звяно з калгаса імя “Чырвоных партызан” Мікалая Гуцуляка, а таксама камсамольска-маладзёжнае звяно Мікалая Малышчыка з льнозавода, аграпрамбанка начале з Алінай Макар, маладзёжныя фарміраванні масларобчага завода, птушкафабрыкі “Чырвонаармейская” і іншыя.
Значная работа вялася па арганізацыі вольнага часу моладзі. У 1977 годзе па праекту мясцовага архітэктара Алі Шэгідзевіча была пабудавана ў парку г. п. Карэлічы капітальная танцавальная пляцоўка. У тыя гады ствараліся першыя вакальна-інструментальныя ансамблі, прататыпы сучасных дыскатэк. А хары ў Заполлі і Малюшычах, у якіх спявала шмат моладзі, атрымалі ганаровае званне “народны”.
Папулярнымі і масавымі былі ў той час турыстычныя злёты і спартакіяды. Актыўна будаваліся стадыёны, спартыўныя пляцоўкі.
Праводзіліся масавыя камсамольска-маладзёжныя суботнікі, члены ЛКСМБ шэфствавалі над ветэранамі вайны і працы, запісвалі іх успаміны, даглядалі помнікі героям Вялікай Айчыннай вайны.
Усё гэта рабілася на энтузіязме юнакоў і дзяўчат. Падкрэсліваю гэту акалічнасць невыпадкова, а з разлікам на нашых нашчадкаў, сучасную моладзь. Трэба перш за ўсё працаваць, паважаць сваю і чужую працу, людзей старэйшага пакалення, карыстацца іх вопытам у стварэнні моцнай, квітнеючай Беларусі. Трэба карэнным чынам пазбаўляцца ад інфантыльнасці, мацаваць маральна-этычныя ўстоі, весці здаровы лад жыцця, клапаціцца аб здароўі нацыі.
Што датычыць арганізацыі культурнага адпачынку, то гэта не толькі танцы, але і пазнавальныя мерапрыемствы аб музыцы, літаратуры, мастацтве і культуры ўвогуле.
Ленінскаму Камуністычнаму Саюзу Моладзі спаўняецца 90 гадоў. З гэтай нагоды віншую камсамольцаў мінулых гадоў і іх пераемнікаў, членаў БРСМ. Жадаю маладога задору, бадзёрасці духу, здароўя, поспехаў ва ўсіх справах.
Гутарыў Станіслаў ЛУКА.
Фота з архіва Уладзіміра КЛІМЯНКОВА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.