Пра кафлю замкавага комплексу “Мір” і гарадскога пасёлка

Сярод прадметаў матэрыяльнай культуры, знойдзеных пад час археалагічных раскопак беларускімі археолагамі на тэрыторыі замкавага комплексу “Мір” і гарпасёлка Мір, па колькасці рэчаў кафлі было найбольш. Аповед пра кафлю з Міра дапоўнім звесткамі пра кафлю з іншых беларускіх земляў. Беларускае слова кафля паходзіць ад нямецкага kachel (начынне), першыя з якіх былі падобны да формы звычайнага гаршка. Не толькі слова, але і сам выраб быў запазычаны ў пачатку XIV cт., дзякуючы культурна-эканамічным стасункам з паўночнай Германіяй. Кафляй абліцоўвалі печы, каміны, грубкі (стопкі) і выраблялася яна з гліны, а абпальвалася ў ганчарных печах. Ад знешняга выгляду, які нагадвае гаршковы посуд выцягнутай цыліндрычнай формы, самы ранні від кафлі названы “гаршковай”, ці “пасудападобнай”. Першыя кафліны рабіліся на прымітыўным ганчарным крузе, якім падпраўлялі налепленае цеста сценак і донца. Кафля муравалася ў сцяну печы вусцем вонкі. Павелічэнне рэльефу плошчы вонкавай паверхні печы спрыяе хуткаму праграванню паветра ў пакоі. Каб упрыгожыць кафлю, майстры пастаянна прыўносілі штосьці новае. Вусце выгіналі ў выглядзе чатырохпялёсткавай (радзей – трохпялёсткавай) разеткі, а пазней і квадрата. У замкавым комплексе “Мір” такія кафліны знойдзены ў развале глінабітнай печы, у слоі пажарышча першапачатковага паселішча. З XV ст. форма кафлі змяняецца і нагадвае адкрытую каробку. Па тыльнаму боку ўскрайку пласціны, формай квадрата або прамавугольніка, лепіцца борцік (румпа), якім кафля замацоўваецца ў сцяну печы. Румпу фарміруюць на ганчарным крузе. Тонкім кіёчкам або пальцам у ёй робяць дзве адтуліны, праз якія прасоўваецца дрот для замацавання кафлі ў сцяне печы. На пласціне адціскаецца рэльефны арнамент драўляным, радзей гліняным штампам. У першай палове XVI ст. арнаментальную частку кафлі пакрываюць зялёнай палівай, а пазней спалучаюць у розных камбінацыях паліву карычневага, чырвонага, белага і жоўтага колераў. Каробкавая кафля таго часу вырабляецца з масіўнай румпай і паглыбленай вонкавай пласцінай. Да XVIII ст. з вонкавай часткі знікае рэльеф, які змяняецца маляваным адлюстраваннем сюжэтаў. У канцы XIX – першай чвэрці XX ст. на Беларусі аднаўляецца выраб кафлі, пакрытай карычневай палівай з рэльефам, выкананым у больш рэалістычнай і складанай манеры. Немагчыма ўявіць сабе паверхню печаў без вуглоў, выступаў і ярусаў. Пачынаючы з XVI ст. для абліцоўкі печаў, паводле іх форм і прызначэння, вырабляюць сценную, вуглавую, паясовую і карнізную каробкавыя кафлі. Печы афармляюцца з высокім густам кафляй іншых форм: каронкай, дахоўкай, балясінамі, медальёнамі. Вялікая колькасць арнаментаў кафлі, што знойдзена ў замкавым комплексе “Мір” і ў гарадскім пасёлку Мір, сведчыць аб развітасці дадзенага віду рамяства ў Cярэднявеччы на гэтай мясцовасці. Каронкавая кафля Каронкавая кафля завяршае верх печы. У профілі яна вырабляецца ў форме вугалка. Муравалася ў печ гарызантальнай паліцай, прымацаванай да ніжняй часткі доўгай планкі. Апошняя аздабляецца па вонкавай частцы геаметрычным або раслінным арнаментамі, нярэдка з антрапаморфнай, анімалістычнай выявамі. Планка падзяляецца на ніжнюю прамавугольную і верхнюю зубчастую часткі. Прадстаўленая на малюнках кафля ў навуковай літаратуры называецца “гарадок”. Контур зубчастага верху планкі нагадвае дахі пабудоў. У калекцыі замкавага комплекса “Мір” ёсць каронкавыя кафліны XVI – XVII ст.ст., у якіх ніжняя, прамавугольная частка вонкавай паверхні арнаментавана ў форме крыжа, а зубчастая — трохвугольнікамі. Арнаментацыя з касога крыжа на планцы і трохвугольнікаў аздабляе каронкавую кафлю XVI ст. выяўленую ў Смаленску маскоўскім археолагам Міхаілам Гусаковым. Беларускае кафлярства значна паўплывала на развіццё вытворчасці кафлі і ў Расіі, дзе працавалі майстры з Копысі, Мсціслава, Дуброўны, Віцебска і іншых гарадоў. Кафляй, зробленай рукамі беларускіх майстроў, аздоблены адзін з палацаў Крамля, Круціцкі церам, царква Георгія Неакесарыйскага ў Маскве, Уваскрасенскі сабор Новаіерусалімскага манастыра ў Істры.

Пётр РУСАЎ, гісторык, краязнаўца, археолаг.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.