Укараняем інфармацыйныя тэхналогіі

Бібліятэкі з’яўляюцца шматфункцыянальнымі ўстановамі культуры, інфармацыйнымі, сацыякультурнымі і асветніцкімі цэнтрамі, якія ў адпаведнасці з патрабаваннямі часу і запытам розных слаёў насельніцтва шырока і актыўна ўкараняюць у сваю дзейнасць інфармацыйныя тэхналогіі.
Дзень бібліятэк — прызнанне на самым высокім узроўні значнасці гэтых устаноў культуры для беларускага грамадства і даніна павагі працы бібліятэчных работнікаў і ўсіх, хто працуе на развіццё бібліятэчнай справы, для каго кніга — частка жыцця.
Інфармацыйна-бібліятэчнае абслугоўванне насельніцтва раёна ажыццяўляюць 24 бібліятэчныя ўстановы. Галоўная функцыя бібліятэк — інфармацыйная, а для яе выканання неабходна мець разнастайны кніжны фонд. Сукупны фонд бібліятэк раёна налічвае 446 591 асобнік. Выконваецца нарматыў на камплектаванне. Ён складае за 1 паўгоддзе г. г. 16,3 %.
Павышэнню прававой культуры насельніцтва садзейнічае работа 8 публічных цэнтраў прававой інфармацыі, паслугамі якіх карысталася летась 800 чытачоў, выканана 1177 даведак.
Наладжана работа па аказанні бясплатных юрыдычных кансультацый малазабяспечаным слаям насельніцтва. Было аказана 98 юрыдычных кансультацый. Фонд прававых дакументаў на 1 студзеня 2010 г. складае 2735 экзэмпляраў.
Карыстальнікам бібліятэкі прапаноўваецца 23 віды платных паслуг. Найбольшым попытам карыстаюцца ксеракапіраванне дакументаў, выдача літаратуры з камерцыйнага фонду, выдача кніг з фондаў чытальнай залы на дом, набор і распячатка тэксту, пошук інфармацыі па запыту чытача ў Інтэрнэце.
Сучасныя тэхналогіі садзейнічаюць папулярызацыі кнігі і бібліятэкі сярод насельніцтва. Аўтаматызацыя бібліятэчных працэсаў станоўча паўплывала на дзейнасць бібліятэк, якая накіравана на стварэнне ўмоў для адукацыі і культурнага адпачынку чытачоў, задавальненне інфармацыйных запытаў. У сістэме налічваецца 21 камп’ютар, 12 бібліятэк, маюць выхад у Інтэрнэт. Карыстацца электронным каталогам цэнтральнай раённай бібліятэкі маюць магчымасць чытачы Мірскай гарпасялковай бібліятэкі і 6 сельскіх  бібліятэк. Аператыўна папаўняюцца новымі дадзенымі камп’ютэрныя праграммы “Камплектаванне і апрацоўка”, “Аналітыка”. Створана база даных “Памяць”, якая ўключае помнікі архітэктуры, археалогіі гісторыі раёна, хроніку гістарычных падзей на Карэліччыне.
У сістэме працуе 6 мультымедыйных і 3 інфармацыйна-адукацыйныя цэнтры. Дзеці, падлеткі, вучнёўская моладзь могуць знайсці неабходную інфармацыю для павышэння інтэлектуальнага ўзроўню, адпачынку і падрыхтоўкі да ўрокаў. У фонды цэнтраў былі набыты камп’ютэрныя пазнавальныя гульні, электронныя энцыклапедыі і іншыя дакументы на электронных носьбітах.
У арганізацыйна-масавай рабоце бібліятэкі раёна адлюстроўваюцца ўсе значныя падзеі ў жыцці грамадства. Арганізавана шмат цікавых мерапрыемстваў да 65-годдзя Вялікай Перамогі. Радуе тое, што яны праводзяцца ў цеснай сувязі з клубнымі ўстановамі і дзіцячымі школамі мастацтваў, што павышае іх якасны ўзровень. У гэтым напрамку хочацца адзначыць работу цэнтральнай раённай бібліятэкі, Мірскай гарпасялковай, Варанчанскай, Жухавіцкай, Турэцкай сельскіх бібліятэк.
Пры бібліятэках працуюць аматарскія аб’яднанні, з іх 11 — для дарослых і 11 — для дзяцей. Цікава пастаўлена работа ў аматарскіх аб’яднаннях: “Нашчадкі”, Сямейны круг” Мірскай гарпасялковай, “Сустрэча” — цэнтральнай раённай, “Надзея” — Цырынскай, “Субяседнік” — Варанчанскай сельскіх бібліятэк, “Флора” — Жухавіцкай бібліятэкі інфармацыйна-культурнага цэнтра.
Летась Мірская гарпасялковая бібліятэка перамагла ў абласным конкурсе па ідэалагічнай рабоце сярод устаноў сацыяльнай сферы і ўзнагароджана Дыпломам і грашовай прэміяй.
Шчыра віншую калег і ветранаў працы з прафесійным святам — Днём бібліятэк! Жадаю добрага здароўя, прафесійнага ўдасканалення і росту, ажыццяўлення творчых планаў, смелых задумак, паслядоўнасці, выніковасці ва ўсіх пачынаннях, матэрыяльнай стабільнасці і душэўнай раўнавагі.
Лілія АРЦЮХ,
дырэктар Карэліцкай цэнтралізаванай бібліятэчнай сістэмы.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.