Па новых техналогіях

З новымі тэхналогіямі ў раслінаводстве земляробы СВК “Лукі-Агра” знаёмы не толькі са спецыяльнай літаратуры, але і з уласнага вопыту, дзякуючы цеснаму супрацоўніцтву з навукоўцамі-аграрнікамі.
Адзін з напрамкаў дзейнасці — нетрадыцыйная падрыхтоўка глебы да сяўбы зерневых культур.
Вялікім прапагандыстам безадвальнага ворыва быў акадэмік Мальцаў. Аднак яго ідэі шырокага распаўсюджання не атрымалі па прычыне адсутнасці надзейнай спецыяльнай тэхнікі.
Сёння такая магчымасць ёсць, і луцкія земляробы не прамінулі гэтым скарыстацца. Першы вопыт безадвальнага ворыва ў 2006 годзе асаблівага поспеху не прынёс, мала чым адрозніваўся ад сяўбы па звычайна ўзаранай зямлі.
Знайшліся і апаненты новаму метаду. Але ў Луках не здаваліся. Набывалі тэхніку, набіраліся вопыту, і вынік не прымусіў сябе чакаць. У 2010 годзе 600 га азімых і 350 га яравых зерневых культур (50 % зерневага кліну) у гаспадарцы былі пасеяны на палетках, падрыхтаваных безадвальным спосабам. Ураджайнасць склала 51,6 ц з гектара, а намалот перавысіў паказчык папярэдняга года на  300 т і склаў 9765 т.
Пад ураджай 2011 года безадвальная апрацоўка праведзена механізатарам Віктарам Тананкам на трактары МТЗ-3022 ДЦ у агрэгаце з дыскатарам “Дыскавер ХМ” на плошчы 870 гектараў. За дзень ён рыхтаваў да сяўбы па 30-40 гектараў глебы.
Новы метад дазваляе ўзрыхляць глебу на глыбіню да 15 сантыметраў, амаль удвая зменшыць расход паліва і значна скараціць тэрміны сяўбы. Гэта праверана практыкай і не толькі на зерневай групе. Але пры такім метадзе земляробства абавязковай з’яўляецца папярэдняя апрацоўка палеткаў гліфасатутрымліваючымі гербіцыдамі. У адваротным выпадку вынік будзе цалкам адмоўны.
З выбранага шляху мы не збочым, і прапануем гэты метад агранамічным службам іншых гаспадарак.
Анатолій ПАЛУЯН,
намеснік старшыні СВК “Лукі-Агра” па раслінаводству.

Добавить комментарий