Абласны семінар

На базе гаспадарак Карэліцкага раёна адбыўся абласны семінар-нарада старшынь райвыканкамаў, іх намеснікаў па будаўніцтву, намеснікаў начальнікаў райсельгасхарчаў па жывёлагадоўлі, кіраўнікоў і спецыялістаў абласных службаў і арганізацый на тэму: “Вынікі работы ў жывёлагадоўлі за дзевяць месяцаў 2010 года і задачы на зімова-стойлавы перыяд”.
З праграмай семінара яе ўдзельнікаў азнаёміў намеснік старшыні абласнога камітэта па сельскай гаспадарцы і харчаванню А. В. ВАЙЦЯХОВІЧ.
З інфармацыяй аб сацыяльна-эканамічным развіцці Карэліччыны і выніках работы ў жывёлагадоўлі выступіў старшыня райвыканкама В. Л. ШАЙБАК.
Потым слова трымаў намеснік старшыні аблвыканкама І. А. ЖУК, які крытычна ацаніў становішча спраў не толькі ў жывёлагадоўлі, але і ў раслінаводстве і запатрабаваў навесці парадак на зямлі і эфектыўна выкарыстоўваць фінансавыя і матэрыяльныя рэсурсы.
Асобна спыніўся Іван Алейзавіч на кадравай праблеме ў арганізацыях аграпрамысловага комплексу, падрыхтоўцы маладых спецыялістаў і вылучэнні іх на кіраўніцкія пасады, стварэнні ўмоў для плённай работы і адпачынку.
Практычная частка семінара-нарады адбылася ў час наведвання жывёлагадоўчых аб’ектаў раёна, а заключная частка аб’езду праходзіла на новай малочнатаварнай ферме “Вялікія Жухавічы”, дзе тлумачэнні давалі старшыня СВК “Жухавічы” Д. Д. ЯНКОЎСКІ і галоўны заатэхнік гаспадаркі А. А. КОКАЛА.
На пленарным пасяджэнні, якое праходзіла ў актавай зале Дома Саветаў, з інфармацыяй “Аб выніках работы ў галіне жывёлагадоўлі за верасень 2010 года і выкананні даручэнняў пратакола папярэдняй нарады па пытаннях жывёлагадоўлі ў Слонімскім раёне” выступіў намеснік старшыні абласнога камітэта па сельскай гаспадарцы і харчаванню А. В. ВАЙЦЯХОВІЧ.
Брыгадзір малочнатаварнага комплексу “Масаляны” Бераставіцкага раёна А. В. ЛЕГАШОВА расказала прысутным аб вопыце і фактарах, якія забяспечваюць высокі ўзровень прадуктыўнасці дойнага статка (21 кг) на новым комплексе.
З інфармацыяй аб будаўніцтве аб’ектаў вытворчай сферы АПК, у тым ліку гаспадарчым спосабам, выступіў старшыня камітэта па архітэктуры і будаўніцтву аблвыканкама  М. А. ПЕТУХ.
На нарадзе былі заслуханы справаздачы шэрагу начальнікаў і намеснікаў кіраўнікоў райсельгасхарчаў аб недахопах і прынятых мерах па павышэнню эфектыўнасці работы ў жывёлагадоўлі, аб невыкананні задання па пастаўцы маладняку БРЖ на комплексы і дапушчаным высокім невытворчым выбыцці яго, аб непрыняцці мер па выбарцы з перапрацоўчых прадпрыемстваў рапсавых жамерын, а таксама аб нездавальняючай закупцы і выкарыстанні каўшоў для забору сіласных кармоў, якія вырабляе ДП “Шчучынскі рамонтны завод”.
З заключным словам выступіў старшыня камітэта па сельскай гаспадарцы і харчаванню аблвыканкама М. Э. САРАСЕК.
Станіслаў ЛУКА.
Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.