Абяцанага тры гады чакаюць

Асабістая гігіена ў жыцці чалавека адыгрывае вялікую ролю, бо яна садзейнічае захаванню здароўя. А значыць лазня — асноўнае месца, дзе можна займацца асабістай гігіенай.
Гэта важнае пытанне знаходзіцца пад пастаянным кантролем мясцовай і раённай улады. Дарэчы, згодна з рашэннем райвыканкама ад 2 жніўня 2010 г. і сацыяльнымі стандартамі на тэрыторыі раёна павінна функцыянаваць 21 лазня: у райцэнтры і гарпасёлку Мір; у сельсаветах: Красненскім (вёскі Паланая, Востухава, Горная Рута) Луцкім (вёскі Лукі і Крышылоўшчына), Турэцкім (Турэц, Вялікая Слабада, Некрашэвічы, Загор’е), Малюшыцкім (в. Баранавічы), Жухавіцкім (Вялікія Жухавічы, Пясочная), Ярэміцкім (Ярэмічы, Пагарэлка), Райцаўскім (Міратычы, Райца), Варанчанскім (Варонча), Цырынскім (Цырын), Мірскім пассавеце (ДП “Птушкафабрыка “Чырвонаармейская”, в. Аюцавічы).
А як выконваюцца сацыяльныя стандарты? Пракантралявала гэта пытанне рэйдавая брыгада супрацоўнікаў райЦГЭ. Вынік — несуцяшальны. У Горнай Руце лазня рамантуецца з верасня г. г. У Крышылоўшчыне ў кастрычніку 2009 г. кацёл прызнаны непрыгодным для эксплуатацыі. Пакуль ідзе пошук новага катла. А ў Міратычах лазню не апальваюць з-за таго, што нерэнтабельная. Патрабуецца касметычны рамонт. Людзі не мыюцца. У Аюцавічах ёсць праблемы з каналізацыяй.Завяршаецца капрамонт лазні ў Баранавічах. Аматары лёгкай пары пагаворваюць, што мясцовая лазня стане філіялам раённай, а можа карэліччане будуць зайздросціць жыхарам самага вялікага Малюшыцкага сельсавета.
Хоць у Ярэміцкім сельсавеце найбольш асабістых лазняў (гэта радуе), але сацыяльныя стандарты трэба выконваць. А пакуль рамонт лазні ў Ярэмічах цягнецца больш трох гадоў. Як кажуць у народзе — абяцанага тры гады чакаюць.
Да гонару Турэцкага, Цырынскага, Варанчанскага і Жухавіцкага сельсаветаў тут лазні працуюць рэгулярна. Праўда, у Пясочнай і ў Загор’і ёсць праблемы, на вырашэнне якіх указала рэйдавая брыгада.
Рэйдавая брыгада.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.