Цвіў бэз

Часта сустракаемся з былым франтавіком Іванам Пятровічам Бярозным. Аб ваенных прыгодах, эпізодах ён можа расказваць гадзінамі. Але аднойчы Іван Пятровіч нас здзівіў.
Быў май. У белай кіпені купаліся сады. Водар кветак, птушыныя галасы напаўнялі наваколле. У гэты час Бярозны задумліва хадзіў па невялікім пакоі і быццам не заўважаў нікога.
— Чым Вы так заклапочаны?  — не ўстрымаўся хтосьці.
Нейкі час Іван Пятровіч маўчаў, а потым падыйшоў да старога куфра і, адкрыўшы яго, дастаў невялікі пакунак. Беражліва, з нейкім трапяткім пачуццём у душы, ён разгарнуў ручнік. Там ляжала звычайнае, засохшае і пажаўцейшае ад часу суквецце бэзу. Вось дзіва. Навошта яно яму?
Аднак гісторыя старога суквецця прымусіла змяніць погляды. Вясна 1941-га. З незвычайнай сілай уварвалася яна ў душу Івана Пятровіча, напоўніла сэрца шчасцем. Ён пакахаў Таню. Запаветным месцам іх сустрэч быў квітнеючы бэз. Тут яны марылі, на крылах кахання ўзляталі да зорак. Але нядоўгім было шчасце. Пачалася вайна…
Іван ваяваў на II–м Беларускім фронце. Аднойчы, у час прывалу, паштальён прынёс пісьмо: “Каханы, я пасылаю табе суквецце бэзу, як памяць аб нашых сустрэчах. Веру, што хутка фашысты будуць выгнаны з роднай зямлі. Неба зноў стане мірным, зноў людскія сэрцы напоўняцца шчасцем і мы сустрэнемся ля нашага бэзу. Я пабягу туды адразу ж, як толькі скончыцца вайна…”.
Сэрца агарнула хваля радасці. Загарнуўшы суквецце ў паперу, салдат паклаў у левую кішэню гімнасцёркі. Кароткі прывал – і зноў бой. У атаку за атакай хадзіў Іван. Ён бязлітасна біў ворага, крок за крокам ачышчаў родную зямлю ад фашыстаў. Часам здавалася, што шалёная куля не праміне смелага воіна. Але так здавалася. Ці то акрыленасць вялікім каханнем, ці то суквецце бэзу, якое ляжала ля сэрца, ахоўвала салдата ад куляў, мін, снарадаў.
— У шчаслівай кашулі нарадзіўся Іван, — жартавалі байцы.
— У мяне талісман ёсць, — адказваў той.
Адгрымеў салют у гонар Перамогі над фашысцкай Германіяй. Іван быццам на крылах ляцеў на радзіму. Вось і парог роднай хаты. Ля печы маці завіхаецца.
— Мама! — выдыхнуў ён.
— Сынок! — яна прыхінулася да грудзей сына, на якіх звінелі ордэны і медалі.
Слёзы самі цяклі з вачэй. Яна не заўважала іх. Іван беражліва пасадзіў маці на крэсла і спытаў:
— А дзе Таня?
Маці маўчала. Потым прыглушаным голасам сказала:
— Тані больш няма.
Яна стала расказваць аб тых страшных гадзінах і месяцах акупацыі, якія перажыла вёска. Таня была сувязной партызанскага атрада. Аднойчы пры выкананні баявога задання яе схапілі гітлераўцы. Ворагі доўга мучылі дзяўчыну, усё хацелі даведацца пра атрад партызан, яго месцазнаходжанне, узброенасць. Нічога не сказала Таня. Тады каты пачалі вырэзваць на яе целе зоркі, пасыпаць соллю…
Не вытрымаў Іван, выскачыў на вуліцу. У горле завяз горкі камяк, не пракаўтнуць, а ў вачах плылі кругі. Не памятае колькі праляжаў ён на зямлі, а пасля падняўся і пайшоў да бэзу…
Канстанцін КЛЕБАН,
г. Гродна.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.