Кавалерыст, разведчык і патомны хлебароб

Ветэраны… Няшмат засталося тых, хто прайшоў дарогамі Другой сусветнай вайны.



Не думаў Міхаіл Мікалаевіч Харута, што на яго долю выпадзе выпрабаванне вайной і давядзецца абараняць Айчыну.
Нарадзіўся ў вёсцы Аюцавічы, а ў 1944-м годзе ва ўзросце 20 гадоў трапіў на фронт. Служыў у Бранску ў школе малодшых камандзіраў, а пасля перавялі ў Варонежскую вобласць, у горад Астрагорск. Адтуль — на перадавую, пад Будапешт. Быў кавалерыстам, разведчыкам у складзе аднаго з воінскіх падраздзяленняў II-га Украінскага фронта.
За ўдзел у баях Міхаіл Мікалаевіч атрымаў восем падзяк, якія ветэран захоўвае, як самую дарагую рэліквію.
Толькі іх невялікі пералік сведчыць аб мужнасці чырвонаармейца. Вось яны падзякі, аб’яўленыя Загадамі Вярхоўнага Галоўнакамандуючага Маршала Савецкага Саюза таварыша Сталіна — за фарсіраванне ракі Нітра, прарыў абароны немцаў і вызваленне гарадоў: Нове Замкі, Шураны, Врабле, за авалоданне гарадамі: Нітра, Трнава, Глакавец і Сенец, Браціслава, моцнымі апорнымі пунктамі абароны немцаў у паласе Карпат — гарадамі і чыгуначнымі вузламі Малацкі і Брук, і за гарады — Гадонін і Брно.
Усе гэтыя баі перанесены на ўласных плячах, але, дзякуй Богу, Міхаіл Мікалаевіч ні разу не быў паранены і пад Прагай сустрэў Дзень Перамогі.
Вярнуўся дадому ў 1948 годзе, даслужваў у арміі. У тым жа годзе ажаніўся з Антанінай Васільеўнай, якая чакала яго чатыры гады.
У 1952 годзе ўладкаваўся трактарыстам у Мірскую МТС, а потым працягваў працаваць механізатарам у мясцовым калгасе. І адпрацаваў 37 год.
Шмат медалёў на грудзях ветэрана Вялікай Айчыннай вайны і ветэрана працы. Сялянскую сціпласць і адданасць механізатарскай справе пранёс наш зямляк праз гады. Зараз хоць ідзе яму 86-ы год, але любіць паглядзець за справамі  механізатараў, ацаніць іх работу.
— Вось каб гэту тэхніку ды на той час, то справы ішлі б значнай хутчэй, — шчыра ўсміхаецца Міхаіл Мікалаевіч.
З павагай ветэран ставіцца да той моладзі, якая, адвучыўшыся ў горадзе, вяртаецца працаваць на родную зямлю. А можа, так і трэба. Дзе нарадзіўся, там і згадзіўся…
Вікторыя КАНДРАЦЕНКА, в. Аюцавічы.
Фота Пятра ЖЭБРАКА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.