На Гродзеншчыне ёсць над чым працаваць

Кадры рашаюць усё. Менавіта з гэтага пытання пачаў размову на чарговай прэс-канферэнцыі старшыня Гродзенскага аблвыканкама С. Б. Шапіра з журналістамі рэспубліканскіх, абласных, рэгіянальных сродкаў масавай інфармацыі. А для гэтага была нагода.
Старшыня Іўеўскага райвыканкама Валянцін Пракопік, які адпрацаваў кіраўніком раённай “вертыкалі” 10 гадоў, многа зрабіў, дастойны падзякі і выказаў жаданне працаваць на іншым месцы. Новы старшыня райвыканкама Міхаіл Валчэцкі, як адзначыў губернатар, “быў лепшы з тых, хто знаходзіўся ў кадравым рэзерве на такую пасаду. Міхаіл Міхайлавіч апошні час працаваў першым намеснікам старшыні — начальнікам упраўлення сельскай гаспадаркі Ашмянскага райвыканкама (чытачы нашы добра ведаюць М. М. Валчэцкага, які да 2007 года працаваў старшынёй СВК “Машэвічы-Лянок”). Толькі поспехаў хочацца пажадаць на гэтай адказнай пасадзе.
Энергетыка. Многім на Гродзеншчыне вядома, што Гродзенская ГЭС дасць нам 17 МВт энергіі. Запланавана будаўніцтва Немноўскай ГЭС—21 МВт. Мадэрнізуецца ТЭЦ-2 у абласным цэнтры — 120 МВт. А вось сябе, па словах Сямёна Барысавіча, поўнасцю забяспечым электраэнергіяй і нават пачнём прадаваць пасля ўводу ў строй дзеючых Зэльвенскай вугальнай электрастанцыі, магутнасць якой складзе 920 МВт. Пакуль вядуцца перамовы з польскім бокам, адтуль прыйдуць і інвестары. Вугаль для электрастанцыі будзе набывацца ў Польшчы, а электраэнергію будзем прадаваць у краіны Еўрасаюза і пастаўляць на ўнутраны рынак. Ужо зараз прыязджаюць сюды будаўнічыя арганізацыі, якія жадаюць працаваць на будаўніцтве важнага сучаснага аб’екта. А ўвогуле будучыня Гродзенскай энергасістэмы — за Астравецкай атамнай станцыяй.
І яшчэ аб адным моманце — пераводзе на мясцовыя віды паліва. Прапагандуецца ашмянскі вопыт, дзе палова райцэнтра ацяпляе кацельня на фрэзерным торфе. Ставіцца задача ва ўсіх раёнах развіваць альтэрнатыўныя віды энергіі. Цяпер на Гродзеншчыне вырабляецца каля 100 тысяч тон дранкі (щепа), а спажываецца яе 30 тысяч тон, астатнюю прадаём за валюту. Плануецца выйсці на 150 тысяч тон дранкі і выкарыстаць для сваіх катлоў 100 тысяч тон. Ужо ў бягучым годзе!
Што мы пабудуем? Як сказаў губернатар, распрацоўваецца бізнес-план па будаўніцтву новага цукровага завода.
— Мы паставілі задачу давесці валавыя зборы цукровых буракоў да 2 мільёнаў тон, — удакладніў Сямён Барысавіч. — Палову гэтага ўраджаю зможа перапрацаваць Скідзельскі завод. А для перапрацоўкі другой палавіны мы зацікаўлены ў адкрыцці ў рэгіёне другога магутнага перапрацоўчага прадпрыемства (праект ацэньваецца ў 250 млн долараў).
Будзе аптымізавана дзейнасць перапрацоўчай галіны — аб’яднаюцца 9 малочных і 5 мясаперапрацоўчых за-водаў у 2 структуры, мэта —                заваяваць пазіцыі на рынках і павялічыць продаж гродзенскай прадукцыі.
Плануецца пабудаваць у рэгіёне буйную птушкафабрыку на 200 тысяч тон мяса і фабрыку па вытворчасці макаронных вырабаў магутнасцю 20 тысяч тон.
Дадатковыя грошы. У бюджэце вобласці з’явіліся дадатковыя грошы. Напрыклад, 40 мільярдаў рублёў размеркаваны для кожнага раёна на рашэнне важнейшых пытанняў. А ў абласным цэнтры закончаць будаўніцтва кардыяцэнтра,  станцыі пералівання крыві і дзіцячай бальніцы.
Захаваем спадчыну. Ішла гаворка аб грамадскай акцыі “Адновім Каложу разам!”. Цяпер ідзе вывучэнне думкі людзей: як бачыцца будучае гэтай царквы ХІІ стагоддзя?
— Я пакуль глыбока не перакананы, — адзначыў Сямён Барысавіч, — што трэба Каложу сёння рэстаўраваць. Сваё слова павінны сказаць прафесіяналы. Маё меркаванне будзе апошнім, а меркаванне спецыялістаў павінна быць першым.
У ходзе прэс-канферэнцыі было зададзена шмат пытанняў, на якія Сямён Барысавіч адказваў на працягу дзвюх гадзін.
Іван ВЕРАСОК.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.