Пошта Карэліччыны

У другой палавіне ХІХ — пачатку ХХ стагоддзяў не толькі на тэрыторыі сучаснага Карэліцкага раёна, але і ва ўсёй Мінскай губерні, у склад якой уваходзіў раён, паштовых устаноў было вельмі мала. Так, напрыклад, на 1 студзеня 1905 года, згодна з афіцыйнымі звесткамі, у Мінскай  губерні  налічваліся толькі 42 паштова-тэлеграфныя аддзяленні, 35 паштовых аддзяленняў і 18 паштова-тэлеграфных кантор.
Адсталай была тады і дастаўка пошты. У той час асноўным відам транспарту для перавозкі пошты з’яўляўся конны транспарт. На 1888 год у Мінскай губерні налічвалася 27 казённых конных паштовых станцый, дзе ўтрымліваўся 171 конь. Кожная паштовая станцыя мела комплекс пабудоў: гаспадарчыя будынкі (канюшню для коней, хлявы для захоўвання карэт, збруі, кармоў і іншых патрэб); памяшканні, у якіх жылі паштовыя работнікі, адпачывалі “падарожныя” (праезджыя) людзі. Ямшчыкі вазілі не толькі пошту, але і людзей.
Апрача казённых паштовых станцый, у Мінскай губерні ў тым жа годзе дзейнічала 10 так званых вольных (грамадскіх) конных паштовых станцый, на якіх коней не ўтрымлівалі. Іх выдзяляла мясцовае насельніцтва.
У сувязі з узнікненнем і развіццём чыгуначнага транспарту ў другой палавіне ХІХ-пачатку ХХ стагоддзя роля конных паштовых станцый у возцы пошты некалькі знізілася. У пачатку ХХ стагоддзя ў Мінскай губерні даўжыня паштовых трактаў, па якіх вазілі пошту на конях, складала каля 2100 вёрст.
Згодна з афіцыйнымі звесткамі, на тэрыторыі сучаснага Карэліцкага раёна ў другой палавіне ХІХ-пачатку ХХ стагоддзя дзейнічала  6 паштовых устаноў. Тут працавалі дзве конныя казённыя паштовыя станцыі: Карэліцкая і Мірская. У пачатку ХХ стагоддзя на Карэліцкай паштовай станцыі ўтрымлівалася 6 коней, а на Мірскай 7 коней.
У другой палавіне ХІХ стагоддзя былі заснаваны Карэліцкае, Мірскае, Пагарэльскае і Турэцкае паштова-тэлеграфныя аддзяленні. У розныя гады начальнікамі Карэліцкага паштова-тэлеграфнага аддзялення з’яўляліся: Фёдар Пячэнька, Павел Богуш, Уладзімір Казакевіч і Віктар Сакалоўскі.
Начальнікам Мірскага паштова-тэлеграфнага  аддзялення быў Васілій Руткоўскі. У 1889 годзе Мірскае паштова-тэлеграфнае аддзяленне пераўтворана ў паштова-тэлеграфную кантору V1 класа. У розныя гады начальнікамі Мірскай паштова-тэлеграфнай канторы з’яўляліся: Васілій Васільеў, Іван Арлоў, Мітрафан Серпіёнаў.
Начальнікам Пагарэльскага паштова-тэлеграфнага аддзялення ў розныя гады былі: Мікалай Антановіч, Мікалай Якубовіч, Іван Корхаў, Турэцкае паштова-тэлеграфнае аддзяленне ўзначальвалі: Іван Баяровіч і Васілій Жураўлёў.
У пачатку ХХ стагоддзя паштовыя аперацыі выконваліся таксама ў валасных праўленнях Карэліччыны.
Розныя карэспандэнцыі ( пісьмы, пісьмовыя паведамленні), бандэролі, пасылкі, грашовыя пераводы адпраўляліся з Карэліччыны ў многія мясціны Беларусі, рэгіёны Расіі, а дастаўляліся сюды таксама з розных месц Беларусі, Расіі.
Сёння на тэрыторыі Карэліцкага раёна жыхароў абслугоўваюць раённы вузел паштовай сувязі і 20 аддзяленняў. Працуюць 70 паштальёнаў, якія своечасова дастаўляюць пісьмы, газеты, у тым ліку і раённую газету “Полымя”, часопісы, бандэролі. Шматлікія паслугі аказвае і раённы вузел электрычнай сувязі.
Ганна ДУЛЕБА,
кандыдат гістарычных навук.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.