У кожнага чалавека ёсць чаму павучыцца

Мы вучымся з дня ў дзень. На рабоце, дома…          Трэба  добра прыслухацца і прыгледзецца, бо ў кожнага чалавека ёсць чаму павучыцца.

Працалюбства і павага да чалавека
У той дзень патэлефанавала ёй сама. Была на гэта прычына: хацелася павіншаваць з Днём маці. Размова атрымалася задушэўнай. Вось толькі хто з нас гаварыў больш — няпроста вызначыць. Былая калега, як і ў ранейшыя гады, была шчодрая на парады.
Мы вялі размову аб жыцці-быцці. І як не дзіўна, але на гэты раз — аб любові да сябе. Мая субяседніца сцвярджала, што дадзенае пачуццё ў яе асацыіруецца з клопатам пра здароўе, бо здаровы чалавек здольны на многае, усім патрэбны, можа пераадольваць цяжкасці, а ў старасці займаць актыўную жыццёвую пазіцыю.
Заўжды яе любіла слухаць, уважліва ставілася і да яе парад. Яна і на справе пацвярджала: як бы жыццё не старалася выбіць жанчыну з каляіны, якія б “сюрпрызы” не прыпадносіла — не падала духам. І што ўражвала: ніколі дамашнія праблемы не адбіваліся на рабоце ці на ўзаемаадносінах з калегамі. Уважлівая і прынцыповая, яна ўсю сябе аддавала любімай справе.
Напрыканцы размовы субяседніца спытала: “Можа жыла не так? Вунь зараз зусім іншае стаўленне да жыцця…”
“Дык няхай маладыя мяркуюць па-іншаму, гэта іх жыццё, а працалюбства і павага да чалавека ва ўсе часы былі ў пашане”, — адказала ёй.

“Сумаваць няма калі”
Лёс чамусьці аказаўся не міласцівы да жанчыны. Раптоўна не стала старэйшага сына, а затым прапаў без вестак і другі сын. Захварэў і памёр муж. І яна засталася адна.
Дзе брала сілы — толькі ёй вядома. Памятаю, як сабраліся аднойчы ў яе хаце, завялі гаворку, і калі ўспомнілі пра кансерваванне на зіму, то яна папрасіла таксама і ёй запісаць рэцэпты. І потым рабіла нарыхтоўкі на зіму!
“Для каго ўсё гэта?” — дзівіліся знаёмыя. А гаспадыня ўпэўнена адказвала: “Некаму спатрэбіцца”. І сапраўды, частавала гасцей, пачастункі служылі гасцінцамі для сваякоў…
Яна ніколі не сядзіць склаўшы рукі. Як толькі сыдзе снег, то спяшаецца пасадзіць бульбу і пасеяць гародніну. А потым гадзінамі прападае на сваім участку, даглядае расліны як малых дзяцей. І старанні апраўдваюцца — восенню сабірае добры ўраджай.
А як любіць кветкі! І цвітуць яны не толькі ў агародчыку, але і ў хаце на падаконніку.
“Вас не застаць днём у хаце”, — быццам скарджуся, калі тэлефаную ў чарговы раз вечарам. “Ды ўсё на двары, заўсёды работа знойдзецца, — адказвае і дадае — Так і дзень хутчэй праходзіць”.
За апошнія гады прызвычаілася і не лічыць сябе адзінокай. “Вунь у мяне колькі людзей у хаце, — усміхаецца жанчына, паказваючы на радыёкропку, з якой раздаюцца шматлікія галасы. — А яшчэ люблю пачытаць газеты і часопісы, нешта карыснае знайду і для сябе. Адным словам, сумаваць няма калі”.

Прыгажосць душы
“Старасць не купіш, маладосць не прадасі”. Гэты выраз  па-асабліваму ўражвае: як трапна сказана! Да восені жыцця яшчэ крочыць ды крочыць, а вось цудоўная пара засталася ва ўспамінах. А кранаюць душу добрыя ўчынкі маладых.
Ёй пад трыццаць. Але часам мне здаецца, што значна больш, бо мудрая на свой узрост. Разумею, што ўсё гэта ў ёй самой, але не перастаю здзіўляцца. Іншы раз лаўлю сябе на думцы: многім ёсць чаму ў яе павучыцца.
У яе дружная сям’я. Паважае спадарожніка жыцця і любіць дачок-прыгажунь. І трэба толькі бачыць, як перажывае за іх, імкнецца з густам апрануць, смачна накарміць… І робіць гэта з любоўю, па-мацярынску.
Яна — ахоўніца сямёйнага ачага. Дом у іх добры, але маладая гаспадыня стараецца яго яшчэ больш  аздобіць. І сямейнае гняздзечка становіцца ўсё больш утульным. Не забывае і пра падворак, не лянуецца і тут прыкласці рукі.
Прыгажосць душы маладой жанчыны прыцягвае адразу — так і свеціцца адкрытасцю і чысцінёй. Не можа пакрывіць і  душой, гаворку вядзе шчыра. Побач з ёй заўжды лёгка, не трэба стрымліваць сябе, можна выказаць думкі. І гэтыя хвіліны яшчэ доўга будуць з табою.
Галоўнае — любіць
Любіць іншых — гэта ў яе характары. Старога, малога  ды ўвогуле ўсіх. І яшчэ дапамагчы. Глядзіш — у чалавека справы пайшлі на лад.
Яна заўжды сярод людзей. І не важна, колькі на гэта  затрачана сіл і часу, будзе старацца, каб як для сваіх, так і для чужых нешта зрабіць. Магчыма, нехта назаве гэта дзівацтвам, хтосьці махне рукой — навошта ёй, можна ўжо і адпачыць, не маладая… А хіба ім зразумець, што ў клопатах пра іншых знаходзіць ратунак для сваёй душы.
Жанчына любіць усё жывое на зямлі. Як не назваць ката і сабаку сябрамі, калі першы адчуе і прытуліцца да балючага месца, а другі сцеражэ дом?!
Любіць зямлю, бо яна — карміцелька. Ды і дорыць  прыгажосць. Колькі лугоў і сенажацяў прыцягваюць сваёй  непаўторнасцю! Гэта яе Бацькаўшчына.
Яе не пакідае надзея: усё будзе добра ў дзяцей і ўнукаў. І ў людзей таксама. Трэба жыць і не апускаць рукі. А галоўнае — любіць.
Галіна СМАЛЯНКА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.