У полі зроку сельсавета

Пытанне развіцця асабістых падсобных гаспадарак грамадзян разглядаецца зараз на дзяржаўным узроўні. Напрыклад, Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь А. Р. Лукашэнка лічыць, што падсобныя гаспадаркі спрыяюць павышэнню рэальных даходаў і дабрабыту сялян, даюць ім істотную прыбаўку да сямейнага буджэту. Такія гаспадаркі выконваюць і важную выхаваўчую функцыю — там, дзе з дзяцінства прывучаюць да працы, догляду за хатняй жывёлай і агародніцтву, там менш праблем з п’янствам і іншымі негатыўнымі праяўленнямі.
На тэрыторыі Луцкага сельсавета знаходзіцца 619 падсобных гаспадарак, у якіх пражываюць 1211 чалавек. За імі замацавана 202 гектары ворнай зямлі, на якой вырошчваецца сельскагаспадарчая прадукцыя для асабістых патрэб насельніцтва.
У 2009 годзе ў асабістых падсобных гаспадарках атрымана 159 тон зерня, 3971 тона бульбы, 156 т караняплодаў, 456 т пладоў і ягадаў.
На 1 студзеня 2010 года ў асабістых падсобных гаспадарках грамадзян налічвалася 60 галоў буйной рагатай жывёлы, 621 свіння, 18 авечак, 47 козаў, 38 коней, 76 пчоласем’яў.
У выніку старэння насельніцтва на тэрыторыі сельсавета, скарачаецца як колькасць гаспадарак, так і колькасць жывёлы ў прыватным сектары. Так, за 2009 год пагалоўе буйной рагатай жывёлы паменшылася на 19 галоў, або на 23 працэнты.
Што датычыць продажу лішкаў малака дзяржаве, то ў бягучым годзе яго рэалізавана 262 тоны, што складае ў разліку на адну карову 3493 кг.
Аналіз паказвае, што нягледзячы на змяншэнне колькасці кароў за апошнія чатыры гады, закуп малака павялічваецца. Так, калі ў 2006 годзе гэты паказчык складаў 2140 кг, то ў 2007 г. — 2379 кг, 2008 г. — 2926 кг, а сёлета 3493 кілаграмы.
Аплата праводзіцца за кожную дзесяцідзёнку. Пратэрмінаваных плацяжоў няма.
Пытанні павелічэння нарыхтоўкі малака і закупу маладняку буйной рагатай жывёлы ў насельніцтва разглядаюцца на пасяджэннях сельвыканкама і праўлення СВК “Лукі-Агра”. Распрацаваны мерапрыемствы па павелічэнню вытворчасці і нарыхтоўкі сельгаспрадукцыі ў асабістых падсобных гаспадарках грамадзян.
За 2009 год жыхарам сельсавета прададзена гаспадаркай 2935 галоў свіней і 19 галоў буйной рагатай жывёлы. Грамадзянам аказваецца дапамога ў нарыхтоўцы кармоў. Касьба траў праводзіцца тэхнікай кааператыва з наступным прасаваннем у рулоны і дастаўкай на падворкі, дзе трымаюць жывёлу.
Забяспечваецца ветэрынарнае абслугоўванне жывёлы, якая знаходзіцца ва ўласнасці грамадзян, праводзяцца дыягнастычныя даследаванні.
Паляпшэнне генетычнага патэнцыялу пагалоўя кароў у прыватным сектары магчыма толькі праз штучнае асемяненне. За абслугоўванне пагалоўя грамадзян тэхнікамі-асемянатарамі гаспадарка бярэ плату ў памеры 2578 рублёў за карову.
Сельгаскааператыў аказвае паслугі насельніцтву па пасадцы бульбы, вырошчванню зерневых культур за частковую плату. Так, пасадка і апрацоўка бульбы ў 2010 годзе ажыццяўлялася па цане 3000 рублёў за сотку, а малацьба зерневых — 3500 рублёў за сотку. У распрацаваных мерапрыемствах прадугледжана і выдача зерня ў разліку 400 кг на працуючага і пенсіянера па сабекошце.
Нарыхтоўкай лішкаў прадукцыі з падсобных гаспадарак грамадзян займаюцца на тэрыторыі сельсавета і магазіны райспажыўтаварыства, якія прымаюць у асноўным бульбу, яблыкі, ягады. Праблемай застаецца нарыхтоўка мясапрадуктаў у насельніцтва.
Што датычыць забеспячэння насельніцтва насенным матэрыялам, то вясною СВК прадаў яму 53 т бульбы і 2,5 т насення зерневых культур.
Разам з тым, у развіцці падсобных гаспадарак ёсць і недахопы. Напрыклад, выдзеленая паша для кароў грамадзян не перазалужаецца, рэдка падкормліваецца ўгнаеннямі.
Пры будаўніцтве новых дамоў сядзібнага тыпу не прадугледжваюцца гаспадарчыя пабудовы для жывёлы і падвальныя памяшканні. У магазінах не заўсёды ёсць у продажы тавары, неабходныя для вядзення асабістай падсобнай гаспадаркі.
Людміла ВАЎЧОК,
старшыня Луцкага сельскага Савета дэпутатаў.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.