Урок міласэрнасці

Пра міласэрнасць можна прыгожа разважаць і гаварыць. Але ж сам факт яе праяўлення пацвярджаецца толькі ўчынкам, накіраваным на рэальную дапамогу таму чалавеку, які апынуўся ў складаным становішчы, якому патрэбна маральная і матэрыяльная дапамога. І хоць людзі, якія чыняць міласэрную справу ў большасці сваёй не любяць усхвалення, таму што лічаць, што дабрыня ва ўзаемаадносінах паміж людзьмі павінна быць для кожнага з нас абавязковай. На жаль, такой думкі прытрымліваюцца не ўсе. Вось таму адназначна лічу: аб міласэрнасці ў паўсядзённым жыцці мы павінны расказваць, бо гэта будзе каштоўнейшым урокам для іншых, надзейным сродкам для маральнага аздараўлення грамадства.
Прыкладам нераўнадушша, чуласці, людскасці стаў для мяне нядаўні выпадак. Выпадкова даведалася аб некаторых цяжкасцях у жыцці жыхаркі вёскі Некрашэвічы Валянціны Сяргееўны (дзякуючы тэлефонным званкам яе клапатлівай суседкі Марыі Якаўлеўны і не назваўшых сябе аднавяскоўцаў, што дае права сцвярджаць: Валянціну Сяргееўну любяць і шкадуюць у вёсцы). Жанчына жыве адна, нягледзячы на немалыя праблемы са здароўем, працуе на ферме.
На просьбу дапамагчы жанчыне (у чым была неабходнасць) адразу ж адклікнуліся Аляксей Паўлавіч Мірановіч, благачынны цэркваў Карэліцкай акругі, старэйшая сястра Сястрыцтва ў гонар Святой пакутніцы Царыцы Аляксандры Ніна Ігнацьеўна Масюкевіч, старшыня райкама прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу Ірына Леанідаўна Пянькоўская. Яны адразу ж пранікліся клопатам пра лёс чужога чалавека і канкрэтнымі дзеяннямі падтрымалі жанчыну (хачу зазначыць, што гэта не адзіны ўчынак з іх боку да людзей, якія маюць патрэбу ў падтрымцы). Літаральна праз некалькі дзён Аляксей Паўлавіч і Ніна Ігнацьеўна завезлі ёй гуманітарную дапамогу. Даведаўшыся, што тэлевізар жанчыны не падлягае рамонту, Аляксей Паўлавіч прывёз ёй у падарунак свой каляровы тэлевізар “Гарызонт”, за што яму нізкі паклон. Трэба было бачыць, як шчыра радаваліся яны, убачыўшы прасветлены ад нечаканага сюрпрызу твар Валянціны Сяргееўны. Ірына Леанідаўна без бюракратычнай валакіты дапамагла сяльчанцы атрымаць грашовую дапамогу. Дзякуй вам, Ніна Ігнацьеўна, Аляксей Паўлавіч, Ірына Леанідаўна за высакароднасць вашых сэрцаў, якія, спадзяюся, дапамогуць Валянціне Сяргееўне па-новаму асэнсаваць жыццё, знайсці ў ім светлыя бакі. Ды не толькі ёй.
І ў той жа час хачу звярнуцца да ўсіх. Давайце будзем міласэрнымі не толькі ў пэўныя даты: Дзень пажылых людзей, Дзень інвалідаў, Дзень маці і г. д. Давайце будзем вучыцца праяўляць міласэрнасць у паўсядзённым жыцці, асабліва ў адносінах да хворых, адзінокіх, у адносінах да тых, хто некалі спатыкнуўся ў жыцці, дапусціў памылку, каму так патрэбен наш давер, неабходны для таго, каб адчуць сябе паўнацэнным чалавекам.
Галіна КАЛТУНОВА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.