“Вазьміце газету, часопіс і весткі з роднага краю”

Кожны дзень, калі  падыходжу да паштовай скрынкі, ведаю, што там нешта для мяне ёсць. Абавязкова газета, а магчыма пісьмо, паштоўка, а можа нават і паведамленне аб паштовым грашовым пераводзе.

Добра ведаю чалавека, які рэгулярна дастаўляе гэту карэспандэнцыю мне і іншым адрасатам з Беразаўца і Крынак. Гэта ўраджэнка вёскі Беразавец Людміла Сяргееўна Федаркевіч.
Бацька яе, Сяргей Іосіфавіч, ветэран Вялікай Айчыннай вайны, працаваў кавалём, даглядчыкам жывёлы ў былым калгасе імя Суворава. Нялёгкім было яго жыццё: у гады ваеннага ліхалецця страціў здароўе, таму і адыйшоў у свет продкаў у 58 гадоў. Мама была паляводам, потым працавала даяркай. А яшчэ яна была ўзорнай, клапатлівай маці, якая нарадзіла і выгадавала пяцярых дзетак — дзвюх дзяўчынак і трох хлопчыкаў. І ўсім дапамагла знайсці свой шлях у жыцці.
Людміла, напрыклад, пасля васьмігодкі паступіла ў Гродзенскае прафесіянальна-тэхнічнае вучылішча, дзе рыхтавалі спецыялістаў для сферы бытавога абслугоўвання насельніцтва. Паспяхова закончыла яго і стала швачкай. Восем гадоў працавала ў Цырыне і Некрашэвічах. Магчыма і далей шыла б вяскоўцам абноўкі. Але пасля нараджэння другога сына прыйшлося змяніць прафесію і Людміла стала паштальёнкай.
— З 1996 года я штодзённа сустракаюся з жыхарамі Беразаўца і Крынак, — гаворыць Людміла Сяргееўна.
Ведаю іх радасці і нягоды, якімі людзі дзеляцца са мною, імкнуся дапамагчы ім чым толькі магу.
Работа падабаецца, прыемна прыносіць людзям добрыя весткі, свежыя навіны. А яшчэ я не магу быць абыякавай да патрэб састарэлых, адзінокапражываючых вяскоўцаў, якім ужо па двары і па хаце прайсці цяжка, не кажучы ўжо пра тое, каб у Карэлічы ці нават у мясцовы магазін за прадуктамі паехаць ці схадзіць. Таму я не толькі дастаўляю карэспандэнцыю, пенсіі, збіраю плату за выкарыстаную электраэнергію, тэлефонныя перагаворы, але і прыношу пажылым, нямоглым прадукты харчавання, у першую чаргу хлеб і малако, а таксама медыкаменты, тавары першай неабходнасці.
Людміле Сяргееўне актыўна дапамагаюць у гэтай высакароднай справе муж і двое сыноў.
Гэта жанчына зрабіла і робіць сялянам так многа добрага, што і вяскоўцы плацяць ёй дабрынёю.
Л. С. Федаркевіч сціплы чалавек і пра сябе расказвае неахвотна. Таму няхай скажуць пра яе работнікі сувязі, падпісчыкі і чытачы перыядычных выданняў, адрасаты, якіх паштальёнка абслугоўвае.
Т. В. САМЕЦ — начальнік раённага вузла паштовай сувязі:
— Многа гаварыць пра Людмілу Сяргееўну не буду. За яе гавораць справы. Трэба толькі зазначыць, што гэта цудоўны чалавек і адмысловая работніца. З 1996 года ніводнай скаргі на яе не паступала. І я заўсёды стаўлю яе ў прыклад іншым сувязістам, раю вучыцца ў Людмілы Сяргееўны працаваць, абслугоўваць людзей.
Н. А. СІЎКО — жыхарка вёскі Беразавец, пенсіянерка:
— Людміла Сяргееўна добры чалавек, старанная работніца. Своечасова прыносіць мне “Советскую Белоруссию”, за што я вельмі ўдзячна.
Наколькі я ведаю, Людміле Сяргееўне дапамагаюць муж, механізатар мясцовай гаспадаркі і сыны, якія жывуць разам з імі ва ўласным доме ў Крынках. Гэта працавітая сям’я мае ўласную гаспадарку і дзеліцца прадуктамі са свайго двара з іншымі. Мне, напрыклад, прыносіць кожную пятніцу слоік свежага малака, за што я вельмі дзякую.
Н. Г. ШЫМАНСКАЯ — начальнік аддзялення сувязі вёскі Некрашэвічы:
— Людміла Сяргееўна добры і аўтарытэтны работнік сувязі, яна з павагай адносіцца да сваіх падпісчыкаў і не толькі перыядычныя выданні дастаўляе, але аказвае нетрадыцыйныя паслугі. Гэта дастаўка прадуктаў харчавання, прамысловых тавараў, а таксама лекаў з Некрашэвіцкага ФАПа.
У зоне яе абслугоўвання 56 падпісчыкаў, якім паштальёнка дастаўляе 150 экземпляраў газет і часопісаў, у тым ліку 30 экземпляраў раённай газеты “Полымя”.
Найбольш актыўнымі падпісчыкамі ў Крынках з’яўляюцца Уладзімір Палуян, Уладзімір Шавейка, Анатолій Гіль, Ігар Шах, Людміла Чамбровіч, Зінаіда Ракач, Галіна Курлюта, у Беразаўцы — Марыя Філіповіч, Мікалай Сянкевіч, Людміла Клачок, Уладзімір Самец.
Н. В. ФЕДАРКЕВІЧ — жыхарка вёскі Беразавец:
— Шчыра скажу, Людміла Сяргееўна справядлівая, добрасумленная жанчына. Такіх, бадай, і на свеце больш няма.
Асабіста мне, акрамя карэспандэнцыі, яна прыносіць тавары першай неабходнасці. І робіць гэта ахвотна, душэўна.
В. С. КАРПОВІЧ — жыхарка вёскі Беразавец:
— Я пастаянна выпісваю часопіс і газету, якія своечасова прыносіць мне паштальёнка Л. С. Федаркевіч.
Гэта справядлівы, добрасумленны чалавек, таму ў любое надвор’е карэспандэнцыю дастаўляе без затрымкі. Не зможа сама — дапаможа муж Васіль і сыны.
А яшчэ яна ахвотна задавальняе просьбы і выконвае заяўкі пажылых людзей наконт прадуктаў і тавараў.
П. С. КУЗЬМІЧ — жыхар вёскі Крынкі:
— Я пастаянны падпісчык на перыядычныя выданні і атрымліваю іх рэгулярна дзякуючы нашай паштальёнцы.
Харошы, добры чалавек наша Людміла Сяргееўна. Напэўна, лепшая за нас, яе суседзяў і аднавяскоўцаў. І сям’я ў яе добрая, дружная. Вялікая заслуга ў гэтым  Л. С. Федаркевіч, якая дзяцей добра выхавала і накіравала ў добры жыццёвы шлях. Як можа і зараз ім дапамагае, а яны адказваюць узаемнасцю.
Дзякуй ёй за клопаты і пра састарэлых.
*   *   *
Са сказанага можна зрабіць выснову, што людзі паважаюць Людмілу Сяргееўну, цэняць яе, любяць. А яна ад усёй душы, сардэчна служыць ім.
З радасцю і надзеяй слухаюць яны словы паштальёнкі: “Вазьміце свой часопіс, газету і весткі з роднага краю”, і з удзячнасцю бяруць дасланую карэспандэнцыю. Далучаюся да вяскоўцаў і я, аўтар аповеду пра паштальёнку аддзялення сувязі Некрашэвічы Людмілу Сяргееўну Федаркевіч.
Іван БРАЛКА. Вёскі Беразавец, Крынкі.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.