Чаму ялавічына стратная?

СВК “Жухавічы” — валаўтваральная гаспадарка па вытворчасці мяса ялавічыны — 32 % ад вытворчасці мяса ялавічыны па раёне. За апошнія гады намецілася тэндэнцыя павелічэння вытворчасці і рэалізацыі мяса. Аб гэтым ішла зацікаўленая размова на пасяджэнні райвыканкама.
У 2008 г. вырашчана 1960 т, у 2009 — 1981, рэалізавана, адпаведна,  2142 і 2227 т. Сёлета таксама тут працуюць рэзультатыўна.
Комплекс “Пясочная” уводзіўся ў строй у тры этапы: у 1973, 1975 і 1978 гадах. На ім прадугледжвалася дарошчванне і адкорм 5200 галоў БРЖ. Па стану на 1.09.2010 г. тут утрымліваецца 5147 галоў (99 % да максімальнай запаўняльнасці). Сёлета рэалізавана на 99 т больш, чым летась, але толькі 97,7 % ад праектнай  магутнасці.  Трэба  павялічваць сярэднясутачныя прывагі. А для гэтага ёсць рэсурсы ўласнага зернефуражу. Аднак прывагі ніжэй сярэднеабласнога паказчыка работы комплексаў.
Асноўная прычына нізкай аддачы корму прадукцыяй — адмова ад выкарыстання рэцэптурных камбікармоў прамысловай вытворчасці і пераход на кармленне БРЖ камбікармамі ўласнай вытворчасці. Падтрымліваць патрабуемую рэцэптуру выпускаемых камбікармоў у гаспадарцы немагчыма, паколькі выкарыстоўваемая ў кармацэху ўстаноўка ДБ-5 магутнасцю 5 т у гадзіну не забяспечвае дакладнага дазіравання мікраэлементаў, што абмяжоўвае магчымасці захавання асартыменту камбікармоў, асабліва тонкіх рэцэптаў.
На комплексе ёсць парушэнні параметраў мікраклімату і звязаныя з гэтым захворванні, якія вядуць да выбыцця статка. Усё гэта адмоўна адбіваецца на выніках работы комплексу, зніжае эфектыўнасць яго работы. Хоць і адзначаецца станоўчая тэндэнцыя нарошчвання аб’ёмаў рэалізацыі мяса, узрастае выручка, але вытворчасць ялавічыны на комплексе застаецца стратнай. Сёлета страты склалі амаль 700 млн руб. Асноўная прычына — высокі затратны механізм.
Для таго, каб нарошчваць аб’ёмы вытворчасці, мець добрую прадуктыўнасць жывёлы, неабходна ствараць умовы ўтрымання яе. Аднак, адследжваючы сумы капукладанняў па комплексе, адзначым, што іх аб’ём нязначны і ў 2008, і ў 2009, і сёлета.
Райвыканкам прызнаў недастатковай работу праўлення СВК “Жухавічы” па павелічэнню вытворчасці мяса ялавічыны.
Праўленню (Д. Д. Янкоўскаму) даручана прыняць вычарпальныя меры па выкананню прынятых заданняў па вытворчасці мяса ялавічыны і павышэнню яго эканамічнай эфектыўнасці; стварыць у памяшканнях першага перыяду дарошчвання цялят прыточна-выцяжную вентыляцыю згодна з тэхналагічнымі нормамі; забяспечыць паветраабмен на другім і трэцім перыядах дарошчвання буйной рагатай жывёлы, для чаго замяніць вокны і абуладкаваць аэратары ў памяшканнях да 1 студзеня 2011 года; штогодна рамантаваць адно памяшканне па дарошчванню буйной рагатай жывёлы і дзвюх ёмістасцяў для захоўвання сенажу на комплексе “Пясочная” і адрамантаваць будынак “тысячніка” з заменай даху, панэлей перакрыцця і сістэмы вентыляцыі.
Кантроль за выкананнем рашэння ўскладзены на першага намесніка начальніка райсельгасхарчу (І. В. Жданаў).

Добавить комментарий