Карэліцкаму раёну — 70 гадоў

Паважаныя жыхары Карэліцкага раёна!
25 лістапада 1940 года быў утвораны Карэліцкі раён. Багатая гісторыя развіцця непаўторнага і самабытнага краю пісалася не адным пакаленнем яго жыхароў. Нам засталося ў спадчыну Панямонне з урадлівымі палеткамі, аксамітнымі лугамі з срэбнымі стужкамі рэк, лясамі, багатымі на дары прыроды.

70-гадовы шлях быўз няпросты. Актыўна наладжвалася новае жыццё у час станаўлення Савецкай улады. Мужна змагаліся на франтах Вялікай Айчыннай і ў партызанскіх атрадах нашы дзяды і бацькі, якія заваявалі Перамогу, свабоду і незалежнасць у барацьбе з фашысцкай навалай. Сапраўдны працоўны гераізм праявілі нашы людзі, якія ўзнаўлялі разбураную вайной гаспадарку. А сёлета мы адзначалі 65-годдзя Вялікай Перамогі над фашызмам і мірнай стваральнай працы, якая накіравана на павышэнне дабрабыту насельніцтва, паляпшэнне якасці жыцця.
70-гадовы юбілей дае нам магчымасць азірнуцца назад, і ўзгадаць значныя вехі нашага шляху, падзякаваць першапраходцам, якія заклалі надзейны падмурак сённяшніх нашых поспехаў і дасягненняў.
Паступальны рух у эканамічным і сацыяльным развіцці, патэнцыял трываласці і стабільнасці, які мае раён цяпер — усё гэта вынік стараннай і добрасумленнай працы нашых людзей, іх жыццёвай мудрасці і адданасці сваёй малой радзіме.
Дарагія сябры!
Прыміце самыя шчырыя віншаванні са знамянальнай датай. Упэўнены, што жыхары Карэліччыны напішуць яшчэ не адну старонку працоўных перамог і здзяйсненняў ужо ў навейшую гісторыю нашага краю.
Няхай і ў далейшым вашы сэрцы перепаўняюцца пачуццямі павагі і гонару за сваю Айчыну, за нашу сінявокую вольную і незалежную Беларусь! Няхай у кожным доме будзе светла і ўтульна, у кожнай сям’і пануюць любоў, шчасце і дабрабыт.
Няхай жыццё будзе доўгім, а ўдача ніколі не пакідае вас!
Раённы выканаўчы камітэт.
Раённы Савет дэпутатаў.

Шаноўныя землякі!
Прыміце самыя шчырыя віншаванні з нагоды 70-годдзя з дня ўтварэння нашага раёна.
Карэліччына паступова і надзейна крочыць наперад у сацыяльна-эканамічным і культурным развіцці, займае дастойнае месца сярод вядучых рэгіёнаў Беларусі.
На нашай зямлі многае робіцца для захавання і прымнажэння лепшых традыцый і выхавання любові да роднага краю.
З цеплынёй і пачуццём удзячнасці ўспамінаем тых, хто сваёй працай унёс і ўносіць вялікі ўклад у развіццё раёна.
Жадаю ўсім Вам моцнага здароўя, дабрабыту, радасці і новых працоўных дасягненняў.
Дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь
П. П. Богуш.

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

Віктар ШАЙБАК,
Старшыня Карэліцкага раённага выканаўчага камітэта

Шчаслівая будучыня — у надзейных руках
Паважаныя жыхары Карэлiччыны, шаноўныя госцi!
Сёння мы ўрачыста адзначаем 70-годдзе з дня ўтварэння раёна. Людзi старэйшага пакалення добра памятаюць верасень 1939 года, калi сустракалi вызвалiцеляў — Чырвоную Армiю. А лiтаральна праз чатыры месяцы 15 студзеня 1940 года на цяперашняй тэрыторыi нашага раёна пачалi сваё iснаванне Мiрскi i Валеўскi  раёны Баранавiцкай вобласцi (з 8 студзеня 1954 г. i па сённяшнi дзень Гродзенскай вобласцi). 25 лiстапада цэнтр раёна перанеслi ў Карэлiчы. З гэтай нагоды мы адзначаем юбiлейную дату.
Дарагiя землякi!
Яшчэ наш першадрукар Францыск Скарына ў прадмове да кнiгi «Юдзiф» выказвае свае думкi пра патрыятычны абавязак кожнага чалавека перад сваiм народам, пра вернасць радзiме, тым мясцiнам, дзе нарадзiўся i ўспрыняў усё з малаком роднай мацi. Гэтыя цудоўныя словы гучаць так: «…Як ад нараджэння звяры, што ходзяць у пустынi, ведаюць ямы свае; птушкi, што лятаюць у паветры, ведаюць гнёзды свае; рыбы, што плаваюць у моры i ў рэках, чуюць вiры свае; пчолы, i тым падобныя бароняць вуллi свае, — так i людзi, дзе нарадзiлiся i ўскормлены, да таго месца вялiкую ласку маюць”.
Я таксама за тое, што трэба адносiцца з любоўю i ласкай да сваёй малой радзiмы. Ганаруся, што нарадзiўся на Карэлiччыне i прыгадзiўся тут. І менавiта гэта абавязвае да многага. Маё сэрца i душа супакояцца толькi тады, калi ў родным Карэлiцкiм краi будзе ўсё i ўсюды ў парадку, як у добрага гаспадара: ў доме i на падворку ўтульнасць i чысцiня, у сям’i — лад. Я хачу, каб нашы людзi жылi ў шчасцi, згодзе i заможна. Яны гэтага заслужылi сваёй стараннай, добрасумленнай i самаадданай працай.
Нельга забываць, што пасля ўтварэння раёна мiнула ўсяго сямнаццаць месяцаў i пачалася Вялiкая Айчынная вайна. Кожная пядзя зямлi палiта крывёю, авеяна гераiзмам i мужнасцю не толькi салдатаў, народных мсцiўцаў, але i мiрных жыхароў. Нямецка-фашысцкiя захопнiкi i палiцаi знiшчылi 3,5 тысячы старых i дзяцей, мужчын i жанчын за гады вайны, спалiлi дзесяць вёсак. Амаль 2 тысячы нашых землякоў не вярнулiся з франтоў. У складзе 6 партызанскiх брыгад геройскi змагалiся больш 20 атрадаў. 132 падпольшчыкi i партызаны загiнулi за вызваленне радзiмы i пахаваны на роднай зямлi.
Вечная памяць героям! Мы нiзка схiляем галовы перад вамi, ветэраны. Ваш подзвiг жыве i будзе жыць у памяцi ўдзячных нашчадкаў.
Шаноўныя суайчыннiкi!
Сустракаючы юбiлей, з задавальненнем скажу, што ў нас ёсць на каго раўняцца. Мы ганарымся  знакамiтымi людзьмi, сярод якiх Герой Савецкага Саюза У. З. Царук, вядомы партыйны i савецкi дзеяч  П. А. Жалезняковiч, першы Герой Працы ў былым СССР А. І. Барысевiч, Героi Сацыялiстычнай  Працы: Т. У. Чубрык, Е. Р. Карачан, В. Л. Калоша, Т. Р. Арда, Н. С. Трускоўская, А. М. Мокат, Я. І. Фаменка, Я. І. Юшко.
Наша ўрадлiвая зямля нарадзiла i падарыла свету цэлую плеяду вядомых вучоных, военачальнiкаў, дзяржаўных дзеячаў, паэтаў, пiсьменнiкаў, музыкантаў, артыстаў, спартсменаў.
Сямiдзесяты юбiлей раёна мы адзначаем новымi працоўнымi здзяйсненнямi. З гонарам можам параўнаць паказчыкi за мiнулыя пяць гадоў.
За бягучы год тэмп росту аб’ёмаў вытворчасцi па асноўных вiдах сельгаспрадукцыi да ўзроўню 2005 года складзе: зерня — 113,3 %, цукровых буракоў — 177,1 %, iльновалакна — 115,2 %, бульбы — 2,4 раза, малака — 131,4 %, па рэалiзацыi мяса — 125,3 %. Тэмп росту валавай прадукцыi дасягне 128 %.
Упершыню ў 2008 годзе валавы збор зерня (з улiкам зерня кукурузы) склаў 115,4 тыс. т пры сярэдняй ураджайнасцi 54,7 ц/га.
Надой малака перавысiў 5-тысячны рубеж i дасягнуў па раёне 5030 кг на карову.
Летась калектыў малочнатаварнай фермы «Крышылоўшчына» СВК «Лукi-Агра» дабiўся найлепшага паказчыка сярод ферм па надою малака. Ад кожнай каровы атрымана яго 8319 кг.
Сярэднясутачныя прывагi БРЖ у бягучым годзе ўзрастуць да 2005 года на 103 г, свiней — на 107 г.
Сёлета пачала працаваць сучасная малочна-таварная ферма на 1000 галоў у в. Вялiкiя Жухавiчы (СВК «Жухавiчы”). Кошт аб’екта — 20323,0 млн руб.
Уведзены ў эксплуатацыю 7 зернесушыльных комплексаў.
Працягваецца рэканструкцыя птушкафабрыкi “Чырвонаармейская», якая ў студзенi 2011 года адзначыць 45 гадоў.
Рэалiзуючы Праграму адраджэння i развiцця вёскi, абуладкаваны 10 аграгарадкоў, асвоена 34,8 млрд руб. Сёлета статус аграгарадкоў атрымаюць яшчэ тры населеныя пункты.
Па папярэднiх падлiках за мiнулую пяцiгодку (2006-2010 гг.) прамысловымi прадпрыемствамi будзе выраблена прадукцыi ў фактычных цэнах на 90 млрд руб. Тэмп росту складзе 145 % пры прагнозе 120,1 %. У 2008 г. на Мiрскiм фiлiяле РУП «Гродзенскi ЛГЗ «Неманофф» уступiў у строй цэх рэктыфiкацыi спiрту вышэйшай ачысткi класа «Люкс». Сёлета вытворчасць канцэнтрату кваснога сусла складзе  4490 т, што ў 3,5 раза больш, чым у мiнулай пяцiгодцы. Летась на льнозаводзе ўстаноўлена абсталяванне па паглыбленай перапрацоўцы льну. А сёлета пачата вытворчасць iмпартазамяшчальнай прадукцыi — кастрабрыкету. Зладжана працуюць бытавiкi. Сёлета калекцыя жаночага адзення з iльну заняла 1-е месца на абласным конкурсе канструктараў-мадэльераў у намiнацыi «Стыль-Этна».
За 4 гады i 10 месяцаў у эканомiку раёна iнвесцiравана 404 млрд руб.
Прыярытэтным застаецца жыллёвае будаўнiцтва. За апошнiя некалькi гадоў мы адрадзiлi будаўнiчую галiну (МПМК-152), з’явiлiся мясцовыя прыватныя будаўнiчыя прадпрыемствы (ПУП «Лiтаўр, фiлiял “КарэлiчыБуд», ПБУП «Аватарабуд». За 2006-2009 гады здадзена ў эксплуатацыю 32622 м2 жылля, у тым лiку сельгаскааператывамi — 15302 м2. Сёлета ўпершыню ў раёне пабудаваны сямiпавярховы 56-кватэрны дом. Узводзiцца 24-кватэрны дом у Мiры. Да новага года пачнецца ўзвядзенне 40-кватэрнага i 16-кватэрнага дамоў у райцэнтры, многае робiцца па добраўпарадкаванню вулiц, двароў, тэрыторый.
У пацвярджэнне беларускай сацыяльна-эканамiчнай мадэлi — ярка выражаная сацыяльная накiраванасць бюджэту, забеспячэнне сiстэмы сацыяльных гарантый. Амаль 62 % сукупных расходаў дзяржаўнага бюджэту гэтага года была накiравана на фiнансаванне сацыяльна-культурнай сферы, на сацыяльную палiтыку i падтрымку насельнiцтва  (71,7 % у нашым раёне).
Толькi за гэтую пяцiгодку ў сацыяльна-культурную сферу, ахову здароўя, адукацыю, культуру выдаткавана  амаль 13584,8 млн руб. капiтальных укладанняў. Гэта дазволiла ўмацаваць матэрыяльна-тэхнiчную базу ўстаноў адукацыi, аховы здароўя i культуры, абнавiць будынкi, памяшканнi, спартзалы, асаблiва ў аграгарадках, правесцi добраўпарадкаванне тэрыторый. У 2008-2010 гг. адрамантаваны паталагаанатамiчны корпус, Луцкая амбулаторыя, Луцкая бальнiца сястрынскага догляду на 25 ложкаў, дзiцячае, тэрапеўтычнае аддзяленнi УАЗ “Карэлiцкая ЦРБ”, iдзе мадэрнiзацыя РДК, пабудаваны гандбольная пляцоўка з мяккiм пакрыццём у райцэнтры, лядовая пляцоўка ў Луцкай СШ.
Улада клапоцiцца пра сацыяльную сферу i вынiкi ёсць. Папаўняюцца рады алiмпiяднiкаў у адукацыi. 31 адораны вучань удастоены прэмii iмя Ігната Дамейкi, 24 настаўнiкам прысвоена званне педагог-майстар. Рэйтынг паступлення выпускнiкоў школ у ВНУ i ССНУ за пяцiгодку — больш 90 %.
На тэрыторыi раёна ёсць 16 гiсторыка-культурных каштоўнасцей. Сярод iх — Мiрскi замак, уключаны ў Спiс сусветнай спадчыны ЮНЕСКА.
У раёне працуюць 14 народных i ўзорных калектываў.
Мы ганарымся поспехамi ў спорце. Толькi за 5 гадоў 11 спартсменаў раёна сталi майстрамi спорту, падрыхтавана 18 кандыдатаў у майстры спорту.
Шаноўныя сябры!
Нашы людзi ўмеюць не толькi старанна працаваць, але i сябраваць, шчодра частаваць. Прыроджаная гасцiннасць беларусаў вядома ў многiх кутках свету. Нягледзячы на дзяржаўныя межы, мы пашыраем сувязi з Краснагорскiм раёнам (Расiя), Тукумсам (Латвiя), Манькоўкай (Украiна), Польшчай, Калiнiнградскай вобласцю. Сустракаюцца i маюць зносiны ветэраны i моладзь. І гэта радуе.
Сёння мясцовая ўлада праяўляе пастаянны клопат пра ветэранаў вайны i працы, пра маладое пакаленне i мае адну мэту — каб людзям жылося лепш, каб у кожнай сям’i быў дастатак, каб раслi здаровымi дзецi, якiя будуць працягваць гiсторыю Карэлiччыны.
У гонар 70-гадовага юбiлею Карэлiччыны хачу шчыра пажадаць жыхарам раёна i гасцям моцнага здароўя, светлага шчасця, узаемаразумення, дабрабыту, поспехаў ва ўсiх справах на карысць роднай Беларусi.
Мiру i шчасця ў кожны дом!

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.