Клопат пра чалавека і зямлю – наш абавязак

На сённяшні дзень тэрыторыя Мірскага пасялковага Савета складае 19,4 тыс. квадратных кіламетраў. У 17 вёсках пражывае 1525 чалавек (з іх дзяцей ва ўзросце да 16 гадоў толькі 251), у гарпасёлку Мір — 2281 чалавек. І хоць асобныя населеныя пункты знаходзяцца ў даволі выгадным для транспартных зносін месцы (цэнтр пасялковага Савета знаходзіцца ў 90 км паўднёва-заходней Мінска), назіраецца тэндэнцыя да змяншэння колькасці вяскоўцаў.
Імя гарадскога пасёлка Мір, чый узрост налічвае больш шасці стагоддзяў, вядома далёка за межамі нашай краіны дзякуючы галоўнай гістарычнай адметнасці — сярэдневяковаму замку. А ўпершыню гарпасёлак Мір упамінаецца ў гістарычных летапісах яшчэ пад 1395 годам. Таму сённяшні Мір — гэта пасёлак, якому стараюцца надаць каларыт мінулых стагоддзяў, унесці элементы Сярэднявечча, вярнуць першапачатковы выгляд некаторым пабудовам. Пасля правядзення рэгенерацыі цэнтральнай часткі Міра напярэдадні Дня беларускай пісьменнасці ў 2002 годзе пасёлак без перабольшання стаў жамчужынай сённяшняга дня.
Інфраструктура гарадскога пасёлка прадстаўлена 25 вуліцамі агульнай працягласцю больш 15 км. Гарпасёлак Мір — адзін з першых у раёне населеных пунктаў, куды яшчэ ў 80-я гады быў пададзены прыродны газ. Зараз працягласць газавых сетак складае амаль 20 тысяч метраў. Амаль кожная другая кватэра газіфікавана.
Энергасістэма гарпасёлка адпавядае сучасным патрабаванням. Пабудавана закрытая трансфарматарная падстанцыя. Пракладзена больш дзесяці кіламетраў ліній сувязі. Згодна з планам рэгенерацыі пасёлка адбылося пашырэнне водаправоднай сеткі, збудавана водазаборная вежа.
На тэрыторыі гарпасёлка размешчаны ДП “Птушкафабрыка” Чырвонаармейская” (сярэднегадавая вытворчасць яек —31 млн), хлебапякарня з гадавой магутнасцю вытворчасці больш 4000 тон, спіртзавод па вытворчасці спірту (900 дал у суткі), лясніцтва.
Сфера абслугоўвання пасёлка ўключае: комплексна-прыёмны пункт бытавога абслугоўвання, аддзяленне сувязі, разліковыя цэнтры банкаўскіх паслуг ААБ “Беларусбанк” і “Белаграпрамбанка”, 11 гандлёвых кропак сістэмы райспажыўтаварыства ( з іх прамысловых — 5, вытворчых — 6), кулінарыя, кафэ на 80 пасадачных месцаў, сучасная гасцініца на 25 месцаў.
На тэрыторыі пасялковага Савета жывуць 16 удзельнікаў вайны, 11 інвалідаў Вялікай Айчыннай, пяць салдацкіх удоў і 30 мнагадзетных сем’яў.
Дзяржаўнае прадпрыемства “Птушкафабрыка”Чырвонаармейская”, якое ўтварылася два гады назад шляхам аб’яднання трох гаспадарак: СВК “Мірскі”, СВК “Аюцавічы-Агра” і птушкафабрыкі “Чырвонаармейская”. Зараз прадпрыемства налічвае 7282 га ворыва, з агульнай плошчай зямлі 10 738 га, 3735 галоў буйной рагатай жывёлы, у тым ліку 1400 галоў дойнага статка і 85344 курэй-нясушак.
У Міры функцыяніруюць таксама гандлёвыя кропкі індывідуальных прадпрымальнікаў.
Сацыяльна-культурная сфера: сярэдняя школа на 360 вучняў, дзіцячы сад на 98 дзяцей, ДУ “Мірскі дзяржаўны мастацкі прафесійна-тэхнічны каледж”, бальніца на 25 ложак, паліклініка на 50 наведванняў у змену, Дом культуры, дзве бібліятэкі, філіял Замкавы комплекс “Мір” Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь.
Прыродны і культурны анклаў Міршчыны мае такія ландшафтныя адметнасці, што яго каштоўнасці і здабыткі, гістарычныя мясціны і помнікі павінны стаць асновай актыўнай памяці беларусаў, нашай візітнай этнаграфічнай карткай і свайго роду запаведнікам культуры этнасу. Таму перад усімі намі стаіць задача — ажывіць гэты край, і надалей развіваць агратурызм, які спалучае як эканамічны дабрабыт, так і беражлівыя адносіны да прыродных рэсурсаў, бо нашы мясціны лучаць Гісторыю і Культуру. Нібы перліна ў залатым турыстычным кальцы стаяць жамчужына Сярэднявечча — замкавы комплекс і ўнікальны парк прыроды, помнікі архітэктуры Мікалаеўскі касцёл, царква Святой Жываначальнай Троіцы. Міршчына — гэта яшчэ і радзіма выдатнага вучонага-геолага Ігнація Дамейкі, які стаў нацыянальным героем Чылі, яго імем названы горны хрэбет у Андах і два чылійскія гарады, мінерал, малюск і расліна. Тут жыў і працаваў народны пісьменнік Янка Брыль, радзіма яўрэйскага паэта і філосафа Саламона Маймана, алімпійскай чэмпіёнкі Тамары Шыманскай і многіх іншых. Гэты край як візітная картка нашай Беларусі, у тым ліку і для інвесціравання ў сферу агра- і экатурызму. На водна-балотных угоддзях на плошчы 3107 га з мэтай стабілізацыі гідралагічнага рэжыму рэк Нёмана і Ушы створаны рэспубліканскі гідралагічны заказнік “Міранка”. Яшчэ ў 2008 годзе ў рамках праекта Праграмы развіцця ААН, Глабальнага экалагічнага фонду і Міністэрства сельскай гаспадаркі Беларусі па рэнатуралізацыі і ўстойліваму кіраванню тарфянымі балотамі тут завершаны будаўнічыя работы. Эксплуатацыя водарэгулявальных збудаванняў на меліярацыйных каналах дазволіць з цягам часу нармалізаваць гідралагічны рэжым парушаных балот, стане добрай асновай для паступовага ўзнаўлення экасістэм на гэтых участках на працягу наступных гадоў з улікам інтарэсаў біяразнастайнасці.
Іван ПЯТРУШКА,
старшыня выканкама Мірскага пасялковага Савета.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.