Мадэрнізацыя + арганізаванасць

Аляксандр Мікалаевіч Янкоўскі працуе ў аграпрамысловым комплексе раёна дваццаць гадоў. Аграном па спецыяльнасці, як ніхто іншы ведае ісціну: зямля толькі тады аддзячыць багатым караваем, калі ў яе будуць укладзены і матэрыяльныя рэсурсы, і душа хлебаробаў. І кіраўнік гаспадаркі, у якую ўваходзяць больш дзесяці тысяч гектараў сельгасугоддзяў і на якіх размяшчаліся шэсць былых калгасаў, робіць усё, каб найбольш эфектыўна спалучыць тэхнічнае пераўзбраенне і чалавечы фактар. Каб яшчэ больш павысіць аддачу кожнага з 7700 гектараў, прадуктыўнасць якіх ацэньваецца ў 38 балаў.
Усяго сем месяцаў узначальвае А. М. Янкоўскі дзяржаўнае прадпрыемства “Птушкафабрыка “Чырвонаармейская”, а першыя вынікі не прымусілі сябе чакаць. Чырвонаармейцы аднымі з першых завяршылі веснавыя палявыя работы. За гэта ўдастоены граматы райвыканкама і ганаровага звання “Гаспадарка высокай культуры земляробства ў перыяд падрыхтоўкі глебы і сяўбы за 2010 год”.
— Гэта не толькі мая заслуга, — гаворыць Аляксандр Мікалаевіч. — Аснову поспеху заклаў мой папярэднік, які з восені своечасова і якасна ўзараў глебу. Нам заставалася толькі праявіць максімум арганізаванасці і захаваць тэхналагічную дысцыпліну на веснавым полі.
Паспрыяла гэтаму і аднаўленне машынна-трактарнага парка. Прымяненне энерганасычаных, шыроказахопных машын і агрэгатаў, якія і сёлета паступаюць у гаспадарку. Сярод іх дыскатар, трактар МТЗ-3032, зернеўборачны камбайн КЗР, іншыя сельгасмашыны.
У бягучым годзе ўраджайнасць зерневых і зернебабовых культур у гаспадарцы склала 35,1 цэнтнера з гектара, у засекі засыпана 12246 т збожжа і 1550 т зерня кукурузы. Добрых вынікаў дасягнулі буракаводы. За кошт якаснага насення і праведзенай у аптымальныя тэрміны сяўбы з кожнага гектара атрымана па 400 цэнтнераў караняплодаў з утрыманнем цукру 15,45 працэнта.
Зараз у гаспадарцы рыхтуюць аснову ўраджаю будучага года.
Добрасумленнай працай вызначаюцца на прадпрыемстве механізатары М. П. Харута, М. М. Івашка, А. М. Крэнь і яго брат Аляксей Міхайлавіч,  Ю. Я. Ермаковіч, машыніст пагрузчыка В. І. Анісенка.
Сярод вадзіцеляў аўтамабіляў лепшымі з’яўляюцца М. І. Дзеніс, А. І. Фурс, М. Л. Харута, М. А. Гурын, кранаўшчык А. А. Ламаносаў.
На ўборцы кукурузы на зерне шчыраваў на “Лексіёне-580” камбайнер В. В. Давыдзенка.
Важнай галіною ў гаспадарцы з’яўляецца жывёлагадоўля. Грамадскі статак налічвае 3616 галоў буйной рагатай жывёлы, у тым ліку 1400 кароў. Ад кожнай з іх за 9 месяцаў 2010 года надоена па 3327 кг малака, сярэднясутачныя прыбаўленні БРЖ у вазе склалі 687 грамаў, што вышэй адпаведнага перыяду мінулага года.
Сортам “Экстра” на перапрацоўку адпраўлена 13,3 % малака і 41,3 % вышэйшым. Тлустасць яго складае 3,67 %.
Сярод малочнатаварных ферм лідарам працоўнага спаборніцтва з’яўляецца МТФ № 3, дзе загадчыцай  Л. І. Капіца. Дзякуючы стараннасці даярак А. І. Галабурда, Л. А. Баўкуновіч, Н. В. Валасовіч з пачатку года тут надоена ў разліку на карову па 4044 кг малака.
Старанна працуе калектыў фермы № 5 па дарошчванню БРЖ, які ўзначальвае Г. А. Баўкуновіч, а стараннасцю вызначаюцца даглядчыкі М. М. Лебедзеў, І. І. Кузняцова, І. М. Лазарчык, В. В. Пабочына. Сярэднясутачныя прывагі жывёлы складаюць 819 г. Працягваецца рэканструкцыя жывёлагадоўчых ферм № 1, “Вялікае Сяло”, “Хлюпічы”, “Любна”, “Сімакава”.
Выручка ад рэалізацыі тавараў, паслуг і работ склала 12955 млн руб., што на 1193 млн руб. больш адпаведнага ўзроўню папярэдняга года.
Ад рэалізацыі сельскагаспадарчай прадукцыі за 9 месяцаў атрымана 226 млн руб. прыбытку (+286 млн руб. да ўзроўню мінулага года). Чысты прыбытак складае 2 мільярды 281 мільён рублёў, што на 459 мільёнаў рублёў больш, чым летась.
Важнае значэнне надаецца энергазберажэнню. У выніку мэтанакіраванай работы ў гэтым накірунку пры гадавым заданні 43,2 ТУП за дзевяць месяцаў з’эканомлена 89 тон умоўнага паліва.
Для працаўнікоў гаспадаркі будуецца добраўпарадкаванае жыллё, ім своечасова выплочваецца зарплата. Прадпрыемства ў тэрмін разлічваецца па плацяжах у бюджэт, за выкарыстаныя энерганосьбіты і г. д.
Важнай крыніцай папаўнення фінансавых сродкаў з’яўляецца птушкагадоўля. Зараз на “Птушкафабрыцы “Чырвонаармейская” вядзецца шырокамаштабная рэканструкцыя. У першы пускавы комплекс быў уключаны птушнік № 2, у другі — птушнік № 4, сеткі і збудаванні інжынернага забеспячэння, у трэці — склад для яек, дэзблок, адміністрацыйна-бытавы корпус, кацельня, добраўпарадкаванне тэрыторыі і ў чацвёрты комплекс — забойна-санітарны пункт.
З выхадам на праектную магутнасць пагалоўе курэй-нясушак дасягне 180 тысяч галоў, а валавы збор яек складзе 30 мільёнаў штук.
Кошт будаўніцтва  складзе ў цэнах 2006 года больш 18 мільярдаў рублёў.
Па стану на 1 лістапада 2010 года пагалоўе птушкі складае 70300 курэй-нясушак і 53000 галоў маладняку.
За 10 месяцаў бягучага года на птушкафабрыцы атрымана 18822 мільёна штук яек, што больш узроўню мінулага года.
Рэалізацыя склала 16,6 мільёна штук, што на 0,7 % больш леташняга, а выручка павялічылася супраць мінулагодняй на 722 мільёны (у 2009 годзе 2932 млн руб., 2010 — 3654 млн руб.).
Калі ў 2009 годзе было рэалізавана дыетычных яек першай катэгорыі 46,2 %, то сёлета 76,5 %, дзякуючы гэтаму павысілася і сярэдняя цана рэалізацыі з 1852 рублёў у 2009 годзе да 2251,4 рубля ў бягучым.
Добрасумленна працуюць на фабрыцы птушніцы Т. Ф. Янкоўская, Г. А. Заяц, аператары В. В. Кулак, А. Л. Мазур, сартавальшчыца А. К. Парэцкая, рабочы склада В. В. Васілеўскі, ветсанітар І. А. Карпач.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.