Сёння і заўтра льнянога комплексу

На базе ААТ “Карэлічы-Лён” адбылася рэспубліканская нарада па пытаннях
развіцця льнаводчай галіны аграпрамысловага комплексу краіны. Адкрыў і вёў яе намеснік міністра сельскай гаспадаркі  і харчавання Рэспублікі Беларусь  Васілій Канстанцінавіч Паўлоўскі.
Спачатку намеснікі кіраўнікоў аблсельгасхарчаў па раслінаводству, абласных структур па льнаводству, начальнікі райсельгасхарчаў, кіраўнікі льноперапрацоўчых прадпрыемстваў і спецыялісты РА “Белаграсэрвіс” азнаёміліся з тэхналагічным абсталяваннем па перапрацоўцы льнотрасты і прэсаў па вырабу кастрабрыкетаў. Тлумачэнні па гэтых пытаннях даваў дырэктар ААТ “Карэлічы-Лён” С. К. Лейка.
Што датычыць мантажу і ўводу ў эксплуатацыю прэсаў па выпуску кастрабрыкетаў, то намеснік міністра паставіў канкрэтную задачу: праз два тыдні пасля нарады ў Карэлічах усе восем прэсаў на льноперапрацоўчых прадпрыемствах рэспублікі павінны быць задзейнічаны на поўную магутнасць. “Выдаткі тут мінімальныя, а прыбытак важкі”, — зазначыў Васілій Канстанцінавіч. Цеплааддача іх не меншая, а нават большая, чым ад торфабрыкетаў. Прэс у Карэлічах дзейнічае нармальна, а гэта значыць, што прадукцыю, вырабляемую ім, мэтазгодна выкарыстоўваць у рамках праграмы пераходу на мясцовыя віды паліва.
Перавагу кастрабрыкетаў ацаніла і насельніцтва. Зараз на іх набыццё ўтварылася нават чарга. Але ў вырабе іх вельмі важнае значэнне мае захаванне тэхналогіі вытворчасці. Кастрыца павінна быць сухая, а для гэтага трэба будаваць павеці для яе захоўвання. А выпуск прадукцыі, у залежнасці ад попыту, арганізоўваць нават кругласутачна. Дзяржава выдзеліла на гэта грошы, і іх трэба скарыстаць найбольш эфектыўна.
Важна ў гэтай справе і прадуманае цэнаўтварэнне. Кошт кастрабрыкетаў не павінен быць завоблачным, а даступным спажыўцам.
— Мы атрымалі сёлета для льноперапрацоўчай галіны абсталяванне на суму 250 мільярдаў рублёў, — зазначыў В. К. Паўлоўскі. — Бяздарных адносін да яго нам ніхто не даруе.
Гутарку ў цэху і думку В. К. Паўлоўскага прадоўжыў старшыня райвыканкама В. Л. Шайбак.
— На сённяшні дзень, — гаварыў ён, — для ўстаноў сацыяльнай сферы мы ўзялі 400 тон брыкету. Эфект каласальны, і ніводзін кіраўнік школы, дзіцячай дашкольнай навучальнай або медустановы не паскардзіўся на якасць новага віду паліва. Па-другое, чысціня ў кацельнях, зручнасць у выкарыстанні, а самае галоўнае — цяпло і камфорт для дзяцей і насельніцтва.
З мясцовых відаў паліва ў нашых умовах выкарыстоўваецца дранка (щепа). Дастаўка іх у Карэлічы раўназначная іх кошту. А тут побач ільнозавод. Таму наша першарадная  задача — будаўніцтва шахі на  2000 т, праектна-тэхнічная дакументацыя на яе распрацоўваецца, а другая — наладзіць “дарогу” на кацельню цэнтральнай раённай бальніцы, якая таксама працуе на кастрыцы (россыпам).
— Яшчэ нядаўна, — падкрэсліў Віктар Леанідавіч, — кіраўнікі гаспадарак разглядалі адходы льновытворчасці (кастрыцу) як подсціл для жывёлы на фермах. А мы бачым, што ад яе можам мець да 400 мільёнаў рублёў эканоміі. І тут трэба лічыць усё — і плюсы, і мінусы. А таму, запускаючы яшчэ толькі першы прэс, мы мелі на ўвазе сацыяльную сферу. Ведалі, што няпроста будзе, але аддача відавочная. Вось чаму работа гэта будзе працягвацца.
Дарэчы, у раёне ў паліўным балансе мясцовыя віды паліва займаюць 25-30 %, а з уводам кацельні магутнасцю 4 мегаваты ў Карэлічах гарпасёлак на 80 % будзе абагравацца на іх аснове. Гэта нармальна. Летась мы заплацілі РУП ЖКГ каля 400 млн руб. за ўсе энерганосьбіты. Магчыма, гэта спачатку і дарагавата, але не трэба плаціць валютай. І ў гэтым накірунку будзем ісці далей.
Удзельнікі нарады азнаёміліся з рулонаразмотачнай машыны. Ва ўдасканаленне яе ўкладзена нямала творчасці і мясцовых “кулібіных”, аб чым гаварыў дырэктар ААТ          С. К. Лейка. Аднак парушэнні тэхналогіі падбору трасты на льняных  плантацыях не спрыяюць яе перапрацоўцы. Аб гэтым напомніў прысутным В. К. Паўлоўскі.
— Па-старому працаваць нельга, — працягваў ён. — Мы рухаемся наперад, і ў плане — мадэрнізацыя, абнаўленне абсталявання, укараненне новых тэхналогій, метадаў і прыёмаў работы на льняным палетку і аб’ектах перапрацоўкі, у галіне насенняводства.
Асобным стаяла пытанне аб спалучэнні напрацовак навукоўцаў і практыкаў. Недарма галоўным на парадку дня пленарнага пасяджэння было пытанне  “Аб развіцці льнянога комплексу, выкананні даручэнняў кіраўніка дзяржавы і ўрада Рэспублікі Беларусь па правядзенню сельскагаспадарчых работ па вырошчванню, уборцы і нарыхтоўцы лёну ў ільносеючых арганізацыях Рэспублікі Беларусь і падрыхтоўка да веснавых палявых работ 2011 года”.
На нарадзе былі падведзены вынікі выканання фінансава-эканамічнай дзейнасці за 9 месяцаў 2010 года і асноўных мэтавых паказчыкаў прагнозу сацыяльна-эканамічнага развіцця па выніках 9 месяцаў, названы прычыны невыканання і меры, прымаемыя па іх ухіленню. З інфармацыяй па гэтаму пытанню выступіла намеснік начальніка праўлення РА “Белаграсэрвіс” Г. А. Асмалоўская.
Аб асваенні фінансавых сродкаў згодна з Указамі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь № 640 і № 235 далажыў начальнік аддзела кіравання РА “Белаграсэрвіс” П. М. Сяргееў.
На нарадзе пастаўлена задача ў сціслыя тэрміны ўключыць у работу ўсё абсталяванне, пастаўленае  ў галіновыя прадпрыемствы, і разабрацца, як расходуюцца сродкі, укладзеныя ў ільновытворчасць, дзе і на каго працуе пастаўленая тэхніка, а навукоўцам і машынабудаўнікам — давесці да сучасных патрабаванняў ільносеючую тэхніку. На гэта расходавалі дзесяткі мільярдаў рублёў. Яны павінны даваць аддачу.
В. К. Паўлоўскі з абурэннем гаварыў аб велізарным перарасходзе льнотрасты на выраб адной тоны валакна. А гэта абумоўліваецца нізкай яе якасцю. І на гэтым грунтуюцца велізарныя фінансавыя страты. Таму трэба лічыць грошы.
В. Л. Шайбак падкрэсліў значэнне льнаводства для эканомікі раёна, расказаў аб дапамозе, якая аказваецца льнозаводу з боку райвыканкама. Сёння льняныя плантацыі займаюць 1599 га. Гэта даволі значная доля ў севазвароце. Ураджайнасць даўгунцу складае 11,7 ц з гектара. Гэта сур’ёзны паказчык. Сёння мы працуем над тым, каб падрыхтаваць палеткі да сяўбы 2011 года.
Што датычыць эфектыўнага выкарыстання тэхнікі, абсталявання, адпрацоўваемых тэхналогій — усё гэта павінна рабіцца з улікам магчымасцей, урадлівасці нашай зямлі. Мы павінны навучыцца і мець чым пасеяць даўгунец згодна з тэхналогіяй. Другая праблема — гэта атрыманне якаснай ільнотрасты, а па-трэцяе — патрэбны належны насенны матэрыял з тым, каб у раннія тэрміны пачаць церабленне, даць належную выляжку і да 5-10 верасня закончыць уборку. Тады мы будзем мець добрыя вынікі на льнозаводзе і ў раёне.
В. Л. Шайбак крытычна ацаніў пастаўляемую ў раён ільноўборачную тэхніку і зазначыў, што на льнаводства выдаткоўваюцца значныя фінансавыя сродкі, а дзяржаўныя грошы мы павінны адпрацаваць спаўна. І тут слова за навукай і прамысловасцю, якія павінны даваць належны вынік.
Аб тым, што карэліцкія льнаводы ўмеюць працаваць, сведчыць той факт, што з 8 Герояў Сацыялістычнай Працы палова з’яўляецца льнаводамі. Іх нашчадкі, пры належным забеспячэнні тэхнікай і сучаснымі тэхналогіямі, прымножаць і ўмацуюць іх дасягненні.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.