У гонар Вялікага Кастрычніка

— Перамога Вялікай Кастрычніцкай сацыялістычнай рэвалюцыі і ўтварэнне савецкага ўрада ў Петраградзе з’явіліся моцным паскаральнікам рэвалюцыйных падзей у Беларусі, — адзначыў, выступаючы на мітынгу 7 лістапада ў скверы ля помніка М. П. Арцюху ў райцэнтры, намеснік  старшыні райвыканкама Р. Ю. Абрамчык.
Сярод удзельнікаў рэвалюцыі было шмат ураджэнцаў Карэліччыны, Міршчыны.

Ужо ў сакавіку-красавіку 1918 г. з мясцовых камуністаў арганізаваліся партыйныя ячэйкі РКП(б) у Міры, вёсках Жухавічы, Сімакава, Баяры, ствараліся сялянскія камітэты.
У 1920 годзе дзейнічалі Карэліцкі, Мірскі, Турэцкі, Жухавіцкі, Цырынскі і Райчанскі рэўкомы. На працягу многіх гадоў вялася падпольная барацьба з панаваннем буржуазна-памешчыцкай Польшчы. Актыўна змагаліся і вялі падпольную работу Уладзімір Зянонавіч Царук, Павел Арсенцьевіч Жалезняковіч, Мікалай Пятровіч Арцюх і іншыя барацьбіты. Многія патрыёты загінулі ў няроўнай барацьбе.
— Мы звязваем мінулыя гады, — гаворыць Руслан Юр’евіч, — з нацыянальным адраджэннем не толькі Беларусі, але і многіх народаў. Мы помнім магутную дзяржаву — СССР і перамогу над фашысцкімі акупантамі ў гады Вялікай Айчыннай вайны.
Сённяшняе пакаленне шануе ўсё лепшае, што было дасягнута ў савецкі перыяд. І наша Беларусь развіваецца, мае стасункі з многімі краінамі. Мы за мірнае суіснаванне, за добрасуседскія адносіны.
— Мы ганарымся сваёй суверэннай і незалежнай краінай, — гаварыў на мітынгу Генадзій Паўлавіч Бычко, сакратар раённай партыйнай арганізацыі КПБ. — Мы ніколі не забудзем тых, хто змагаўся, не шкадуючы жыцця дзеля сённяшняга дня. Мы задаволены беларускай мадэллю сацыяльна-эканамічнага развіцця. У гэты дзень хачу пажадаць усім моцнага здароўя, дабрабыту і стабільнасці ў нашым жыцці, поспехаў ва ўсіх справах на карысць нашай Айчыны.
Іван ВЕРАСОК.
Фота Леаніда ЛЕЙКІ.

 

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.