Космас на службе аграрнікаў і медыцыны

Як вядома, у нашай рэспубліцы вялікая ўвага надаецца развіццю касмічных тэхналогій і ўкараненню іх у народнай гаспадарцы, у тым ліку і ў сельскагаспадарчай вытворчасці.
Гэта тэма абмяркоўвалася і на нарадзе кіраўнікоў і інжынерных службаў гаспадарак раёна, перад якімі выступіў намеснік начальніка канструктарска-тэхналагічнага ўпраўлення электрапрыбораў ААТ “Мінскі гадзіннікавы завод” В. І. Талкачоў.
— Адна з сучасных касмічных тэхналогій, сістэма касмічнага пазіцыяніравання, — гаварыў Васілій Іванавіч, — дазваляе кіраўнікам больш эфектыўна кіраваць персаналам, эканоміць светлыя віды паліва і, як вынік, зніжаць вытворчыя затраты.
Для гэтага на прадпрыемстве распрацавалі шэраг адпаведных прыбораў, у тым ліку і для сельскай гаспадаркі.
Сістэма дзейнічае такім чынам, што сігнал, які вызначае каардынаты касмічнага спадарожніка, паступае на прыбор, які ўстанаўліваецца на аб’екце (трактары, камбайне, кантэйнеры або нават у кішэні чалавека), які вызначае яго месцазнаходжанне  на мясцовасці з дакладнасцю 10 метраў на плоскасці, а па вышыні — 15 метраў.
Ёсць і больш дасканалыя сістэмы дакладнага пазіцыяніравання і паралельнага ваджэння, якія дазваляюць забяспечыць перамяшчэнне трактара або камбайна па сельгасугоддзях з дакладнасцю 15 см. Гэта дазваляе павысіць эфектыўнасць сяўбы, пазбегнуць перакрыцця пасеваў, забяспечыць дазіраванае ўнясенне ўгнаенняў згодна з картаграмамі і сілкаваць палеткі не агулам, а менавіта там, дзе гэта неабходна і якія ўгнаенні там патрэбны.
Далей з прыбора (мадэма) звесткі паступаюць у дыспетчарскую, дзе на камп’ютары стаіць праграмнае забеспячэнне, з дапамогай якога можна ў любы момант прасачыць, дзе знаходзяцца транспартныя сродкі, абсталяваныя гэтымі прыборамі, і як яны працуюць.
Гэта інфармацыя назапашваецца, што дазваляе атрымліваць звесткі за любы дзень і любую гадзіну аб месцы знаходжання і рабоце транспартных сродкаў у перыяд дзеяння ўстаноўленых на іх прыбораў.
Гэта сістэма прайшла выпрабаванні на прадпрыемствах сельскай і лясной гаспадаркі і паказала сваю эфектыўнасць. Так, з дапамогай навігацыйнага абсталявання вялі ўлік эфектыўнасці выкарыстання аўтатранспарту на лесараспрацоўках у Верхнядзвінскім лясгасе. Аналіз паказаў, што ў параўнанні з адпаведным перыядам 2009 года эканомія паліва за 9 месяцаў 2010 года на вывазцы драўніны склала на аўтамабілі МАЗ ад 1,4 млн руб. да 5,2 мільёна, а ў сярэднім па гаспадарцы — 2 мільёны рублёў. І гэта толькі ад таго, што выкаранілі заганную практыку левых рэйсаў, не кажучы ўжо пра зніжэнне затрат на запчасткі, масла, шыны і г. д.
Разам з сістэмай навігацыі на транспартныя сродкі могуць устанаўлівацца прыборы вымярэння ўзроўню паліва ў баках. У такім выпадку атрымліваецца інфармацыя не толькі аб месцазнаходжанні і хуткасці руху трактара або аўтамашыны, а і расходзе дызельнага паліва.
Кошт устанаўліваемага тэрмінала і праграмнага забеспячэння да камп’ютара, датчыка складае крыху больш трох мільёнаў рублёў. У рамках нашага раёна на 10 гаспадарак спатрэбіцца 20-30 мільёнаў рублёў з адтэрміноўкай плацяжу для сельгаспрадпрыемстваў да 3-х месяцаў. Акупнасць — ад 3-х да 6-ці месяцаў.
Інфармацыю В. І. Талкачова кіраўнікі і галоўныя інжынеры ўспрынялі зацікаўлена. Больш таго, старшыня райвыканкама В. Л. Шайбак падкрэсліў, што так ці інакш касмічныя тэхналогіі будуць укараняцца ў вытворчасць. Гэта патрабаванне часу. І клапоцячыся аб будучыні сельскагаспадарчай вытворчасці, павышэнні ўрадлівасці палёў і сенажацяў, мы абавязаны ісці на гэта ўжо сёння, каб не спазніцца заўтра.
Зацікавіла аграрнікаў і інфармацыя аб выкарыстанні касмічных тэхналогій у медыцынскіх мэтах, якой падзяліўся з імі доктар медыцынскіх навук, прафесар Беларускага дзяржаўнага медыцынскага універсітэта С. У. Губкін.
Станіслаў ЛУКА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.