Машына любіць ласку, чысціню і змазку

Як гаварыў класік, тэхніка без чалавека — мёртвая. У справядлівасці гэтага зараз не сумняваецца ніхто. Але ці ўсё робіцца для таго, каб яна была “жывой”, працавала доўга і надзейна? Ці не дарма выдаткоўваюцца велізарныя сродкі на новыя, магутныя і складаныя сельскагаспадарчыя машыны і агрэгаты?
Як дбаюць пра тэхніку кіраўнікі гаспадарак, інжынерныя службы, і высвятлялі ў час аб’езду машынных двароў аглядавыя камісіі, якія працавалі па трох маршрутах.
Мэта агляду — праверка гатоўнасці рамонтна-абслугоўваючай базы да работы ў зімовых умовах і падрыхтоўкі машынна-трактарнага парка да веснавых палявых работ 2011 года.
На першым маршруце, у які ўваходзілі СВК “Маяк-Заполле”, ДП “Племзавод “Карэлічы”, СВК імя Царука і імя Чарняхоўскага, камісія наведала мехмайстэрню ў вёсцы Паланая. Гэты аб’ект да работы ў зімовы перыяд падрыхтаваны. Наладжана ацяпленне на мясцовых відах паліва, зернеўборачныя камбайны ачышчаны і пастаўлены на захоўванне ў боксах. Глебаапрацоўчая тэхніка, прычапныя агрэгаты і інвентар закансерваваны і пастаўлены як на адкрытай пляцоўцы, так і ў памяшканні. Наведзены парадак у складзе запчастак і абменным пункце вузлоў і агрэгатаў.
Забяспечана цяплом і мехмайстэрня ў вёсцы Краснае, там ёсць душавая, чырвоны куток, дзейнічаюць кантрольна-прапускны пункт, пункт тэхнічнага абслугоўвання і г. д.
Што датычыць тэхнікі, то яна пастаўлена на зімовае захоўванне згодна з тэхналагічнымі патрабаваннямі і ў пераважнай большасці гатова хоць заўтра выйсці ў поле.
У “Племзаводзе “Карэлічы” маюць, бадай, ці не лепшую ў рэспубліцы базу для захоўвання тэхнікі. Вось толькі парадку, гаспадарскай рукі там не бачна. Не даведзены да ладу зернеўборачныя камбайны і кормаўборачныя агрэгаты. Рабочыя органы сельгасмашын не ачышчаны ад бруду, іржавеюць не знятыя з агрэгатаў ланцуговыя перадачы і г. д.
Мехмайстэрня ў гаспадарцы не ацяпляецца.
У СВК імя Царука ўсё ішло так добра і гладка, але выйшаў такі канфуз, што не падзяку атрымалі, а сораму набраліся. І было ад чаго. Падвялі камбайнеры. Пасля жніва памылі замацаваныя агрэгаты, а ўнутр не заглянулі і ўсе пажніўныя рэшткі засталіся ў камбайнах зімаваць. Вось вам і чалавечы фактар, і добрасумленнасць, і кантроль за выкананнем задання з боку інжынернай службы.
Заключным на гэтым маршруце быў машынны двор СВК імя Чарняхоўскага ў вёсцы Турэц. Маючы магутную матэрыяльную базу і не менш магутны машынна-трактарны парк, у гаспадарцы дбаюць пра тэхніку пастаянна. Ужо стала традыцыяй не дзеля праверак, а для карысці справы з восені ставіць сельгасмашыны на зімовае захоўванне ў поўным парадку. Камбайны — у ангар, прычапны інвентар — пад павецямі. Можа толькі цеснавата зернеўборачным камбайнам у гэтым ангары, але пастаўлены яны на захоўванне згодна з тэхналагічнымі патрабаваннямі.
Выдатныя ўмовы работы маюць рамонтнікі ў майстэрні і гаражы. Тут цёпла, прасторна, нішто не замінае і не перашкаджае працаваць. Арганізавана харчаванне людзей.
Па другому маршруту вынікі агляду далажыў старшыня камісіі, галоўны інжынер СВК імя Царука М. М. Кузьміч. Паводле яго слоў, у СВК “Малюшычы”, “Свіцязянка-2003”, “Цырын-Агра” і “Лукі-Агра” пэўная работа вядзецца і вялікіх заўваг няма.
Аб становішчы спраў у ДП “Птушкафабрыка “Чырвонаармейская” і СВК “Жухавічы” далажыў галоўны інжынер СВК імя Чарняхоўскага А. А. Хамёнка. І калі ў Жухавічах работа арганізавана належным чынам, то на птушкафабрыцы праблем хапае. І тут таксама сваю ролю адыграў славуты чалавечы фактар — няўменне арганізаваць работу і наладзіць кантроль за яе выкананнем. А між іншым, поспех у рабоце забяспечвае сістэмнасць, мэтанакіраванасць, наватарскі падыход да справы спецыялістаў і механізатараў.
Па выніках агляду першае месца прысуджана СВК імя Чарняхоўскага з уручэннем Дыплома райвыканкама і грашовай прэміі ў памеры 80 базавых велічынь, другое — СВК “Лукі-Агра” з уручэннем Дыплома райвыканкама і грашовай прэміі ў памеры 60 базавых велічынь, трэцяе — СВК “Жухавічы” з уручэннем Дыплома райвыканкама і грашовай прэміі ў памеры 40 базавых велічынь.
Праўленням СВК “Цырын-Агра”, “Свіцязянка-2003”, “Маяк-Заполле” рэкамендавана прэміраваць інжынерныя службы гаспадарак з уласных сродкаў.
Станіслаў ЛУКА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.