Мерапрыемства прайшло цікава

У першыя дні снежня адзначаецца Дзень інвалідаў Рэспублікі Беларусь. Напісала слова “адзначаецца” і задумалася. Гэта ж не свята. Так, не свята. Але для людзей з абмежаванымі магчымасцямі гэта тыя сустрэчы, калі можна пабыць разам, пагаварыць, падзяліцца сваімі праблемамі.
У зале раённага Дома культуры да прысутных звярнулася старшыня праўлення Карэліцкай аб’яднанай грамадскай арганізацыі “БелГІ” В. М. Сашко. Валянціна Міхайлаўна адзначыла, што на ўліку ў грамадскай арганізацыі знаходзіцца 338 чалавек. Кожнаму з іх хвароба не дазволіла рэалізаваць свае магчымасці, але яны не адчайваюцца, удзельнічаюць у спартыўных спаборніцтвах, вышываюць і вяжуць, пішуць вершы, спяваюць песні, нават танцуюць на інвалідных крэслах.
Начальнік упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама І. А. Богуш адзначыла, што людзі з абмежаванымі магчымасцямі не засталіся без увагі з боку кіраўніцтва раёна. Дапамогу аказваюць Жухавіцкі дом-інтэрнат для састарэлых і інвалідаў, ДУ “ЦСАН”, сацыяльныя работнікі. Выдзяляецца матэрыяльная падтрымка. Акрамя гэтага, кожны чалавек з абмежаванымі магчымасцямі знаходзіцца ў полі зроку старшынь пассельвыканкамаў і сельскагаспадарчых кааператываў.
Дырэктар Цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Л. П. Трафімчык расказала пра сувязь, якая наладжана паміж установай і інвалідамі. У Цэнтры ёсць спартыўная зала з сучаснымі трэнажорамі, якія дапамагаюць захаваць і ўмацаваць здароўе наведвальнікаў, гурткі і клубы па інтарэсах, праходзяць розныя мерапрыемствы.
На колькі трэба быць мужным, каб пераносіць тыя цяжкасці жыцця, якія наканаваны лёсам. Прыклад для ўсіх — ветэран Вялікай Айчыннай вайны Ф. П. Бядрыцкі. У апошні час яго падводзіць здароўе. Але як і раней, Фёдар Пятровіч робіць пешыя прагулкі, вядзе здаровы лад жыцця і, як заўсёды, разам з сябрамі. У час сустрэчы ён пажадаў прысутным моцнага здароўя і праспяваў песню ваенных гадоў, якую ўсе падтрымалі апладысментамі.
Свае здольнасці прадэманстраваў Руслан Ганчароў. Прысутныя з задавальненнем слухалі песні ў яго выкананні. А калі чытала свае вершы Леаніла Васільеўна Дзянькевіч, у прысутных вочы напаўняліся слязамі.
Супрацоўнікі раённага Дома культуры падрыхтавалі для ўдзельнікаў сустрэчы цікавую праграму. Былі гумар, конкурсы, прызы. Гучалі песні ў выкананні народнага гурта народнай музыкі і песні “Забава” Красненскага ЦСДК.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.