Сустрэчы з міністрам культуры

У час рабочай паездкі ў наш раён міністр культуры Рэспублікі Беларусь П. П. Латушка наведаў Мірскі замак і Ярэміцкі цэнтральны сельскі дом культуры, дзе яго сустракалі хлебам-соллю работнікі культуры Карэліччыны.
Сустрэчу міністра з яго калегамі адкрыў намеснік старшыні райвыканкама Р. Ю. Абрамчык, які і прадаставіў слова высокаму госцю.
— Я прапаную правесці нашу сустрэчу ў форме пытанняў і адказаў, — сказаў Павел Паўлавіч. — Але спачатку некалькі слоў пра становішча спраў у нашай галіне.
Вы працуеце ў сферы культуры, а яна вельмі важная для Рэспублікі Беларусь. І некалі Прэзідэнт нашай дзяржавы сказаў, што культура — гэта стратэгічны рэсурс краіны. А без яго краіна існаваць не можа. Сапраўды, дзяржава пабудавана на двух слупах. Першы — эканоміка, другі — культура і адукацыя разам. Калі іх не будзе — дзяржава разваліцца, яна не зможа развівацца, квітнець. Дзякуй Богу, у нас ёсць разуменне, што без культуры дзяржавы не можа існаваць.
Мне падаецца, што ў нашай краіне шмат зроблена ў гэтай сферы. Я гавару гэта не толькі як міністр культуры, а як чалавек, які бачыў гэта звонку. Працуючы працяглы час у Польшчы, я мог ацаніць, што зроблена ў Рэспубліцы Беларусь у гэтым накірунку.
Дык вось, калі мы паглядзім на тыя сродкі, якія ўкладзены ў рэгіянальную культуру, у аднаўленне дамоў культуры, клубаў, тых устаноў, якія працуюць з насельніцтвам у рэгіёнах, то атрымаецца станоўчае ўражанне. У параўнанні з іншымі краінамі нам ёсць чым ганарыцца. Але гэта не азначае, што мы зрабілі ўсё. Гэта не так, і праблем яшчэ хапае. Аднак ажыццяўленне дзяржаўнай праграмы аднаўлення і развіцця вёскі дало свой вынік.
Дзеля таго, каб вызначыць задачы і напрамкі работы на перспектыву, распрацоўваецца дзяржаўная праграма развіцця сельскіх тэрыторый да канца 2015 года. Там таксама закладваюцца формы і метады развіцця рэгіянальнай культуры.
Што зроблена за апошнія пяць гадоў? Гэта — аднаўленне помнікаў нашай гісторыка-культурнай спадчыны. І Мірскі замак, які знаходзіцца на вашай тэрыторыі, яскравае таму пацвярджэнне. Мы можам ганарыцца, што за апошнія пяць гадоў пабудавана Нацыянальная біб-ліятэка, абноўлены Нацыянальны мастацкі музей, што мы працягваем рэстаўрацыю Нясвіжскага, Лідскага замкаў.
Але мы спыняцца на гэтым не будзем. У нашых планах — аднаўленне вельмі важных помнікаў культуры нашай Бацькаўшчыны. Гэта Навагрудскі замак, Гальшаны, Крэва. Усяго на тэрыторыі Беларусі 21 замак. І гэта шмат, хаця інфармацыя ёсць аб 116 замках. Гэта паказвае, што наша краіна заўсёды мела высокі ўзровень развіцця культуры, архітэктуры, а гэта значыць, што мы знаходзімся ў цэнтры Еўропы з пункту гледжання культурнага развіцця грамадства. І мы павінны яшчэ раз падкрэсліць у сучасных умовах, што нам не трэба ствараць уласных легенд, уласнай гісторыі, як гэта робяць іншыя народы. Мы маем сваю нацыянальную, айчынную гісторыю, на якую працавалі нашы бацькі, дзяды і прадзеды, і сёння мы можам з гонарампаказаць яе ўсяму свету.
Мы завяршаем распрацоўку дзяржаўнай праграмы “Культура Беларусі да 2015 года”. Прыняцце гэтага дакумента ўпершыню мяркуецца на ўрадавым узроўні, бо раней культура мела толькі ведамасныя праграмы. Маем надзею, што да канца года яна будзе прынята.
Там акрэслены дзесяць асноўных накірункаў развіцця культуры з адпаведным фінансаваннем.
Наступны крок — гэта прыняцце нарматыўнага дакумента, магчыма, Указа аб падатковых ільготах у сферы культуры. Бо нам вельмі важна павялічыць пазабюджэтны рэсурс у сферы культуры.
Наступны важны накірунак — гэта рэформа кінематаграфіі. Для таго, каб наш кінематограф стаў сучасным, запатрабаваным, каб людзі пайшлі глядзець кіно, мы ўводзім інстытут прадзюсарства. Ужо падрыхтаваны адпаведны праект закона, а мы рыхтуем праек Указа Прэзідэнта аб фінансаванні кінематографа.
Мы плануем стварыць сістэму апякунскіх саветаў для ўстаноў культуры.
Гэта больш глабальныя праблемы. Але я ўпэўнены, што без рэгіёнаў існаванне і развіццё культуры немагчымы. Не можа развівацца прафесійнае мастацтва, калі няма добрай, якаснай, таленавітай базы, базы, якую ствараюць людзі, працуючыя ў рэгіёнах. І павага, і пашана ўсіх людзей для вас, бо без вашай працы развіццё культуры ўявіць немагчыма. І я хацеў бы падзякаваць вам за неабыякавасць, часта за самаахвярнасць, за адданасць такой высакароднай справе, як служэнне культуры нашай Айчыны. Я ўдзячны лёсу, што працую разам з вамі ў сферы культуры і ганаруся гэтым.
Потым П. П. Латушка адказаў на пытанні работнікаў культуры раёна і паглядзеў фрагмент народнага аматарскага аб’яднання “Закрытыя твары” Ярэміцкага ЦСДК.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.