Хачу любіць! І буду я маліцца

“Хачу любіць! І буду я маліцца,
Каб мне любіць. І сэрцам я саспеў”
…Каб мне чалавекам жыць.
І не забыцца на годнасць
Свайго імя і зямлі,
На памяць прашчураў родных,
На блізкіх жывых…
Анатоль ЖУК.

Ярэміцкі цэнтральны сельскі Дом культуры. Шматлюдна было ў дзень памяці Анатолія Аляксандравіча Жука. Сваякі, землякі, школьнікі, госці сабраліся разам, каб аддаць даніну павагі і прызнання Творцы. Усё было для Яго: словы, вершы, песні, відэафільм… І кніжная выстава “У віры імклівага жыцця”, на якой змешчаны ягоныя творы і літаратура аб ім.
Ужо год як няма Яго з намі — памёр на 61-м годзе жыцця. Не стала акцёра Беларускага рэспубліканскага тэатра юнага гледача, таленавітага чалавека, славутага земляка. І здавалася, што на нейкі момант усё прыціхла на ярэміцкай зямлі. Разам з вядучымі гэтай шчымлівай сэрцу вечарыны, бібліятэкарамі аддзела абслугоўвання і інфармацыі цэнтральнай раённай бібліятэкі А. І. Януш і В. І. Кошур накіроўваемся па тым шляху, які прайшоў будучы артыст і літаратар.
У 1966 годзе, калі здавалі экзамены за дзесяты клас, да яго падышоў сябра Вячаслаў Юрыс і паказаў у газеце аб’яву. У ёй паведамлялася, што Беларускі тэатральна-мастацкі інстытут набірае студэнтаў на мастацкі і акцёрскі факультэты. Вырашыў паспрабаваць паступіць на акцёрскі. І яму ўдалося.
Шматгранная творчая палітра славутага земляка — акцёра Тэатра юнага гледача. Ён вядомы як кінарэжысёр і сцэнарыст. Пасля заканчэння інстытута працаваў у Магілёўскім абласным тэатры драмы і камедыі ў Бабруйску, дзе ажыццявіў каля 50 роляў. Тут ім паспяхова былі сыграны ролі Несцеркі, паводле камедыі Віталія Вольскага “Несцерка”, Бранябойнага па творы Алеся Петрашкевіча “Злыдзень” і іншыя. Роля Нік-Ніка ў п’есе “Нік-Нік, ці Дон-Кіхот з праектнага бюро” Бурсана і Панко была адзначана Граматай Міністэрства культуры СССР на фестывалі румынскай драматургіі.
З 1975 года працаваў у Беларускім рэспубліканскім тэатры юнага гледача. Сярод выканаўчых роляў — роля Міканора ў рамане “Подых навальніцы” Івана Мележа, Віктара ў творы Івана Шамякіна “Экзамен на восень”, чалавек у чорным “Выбар” Аляксея Дударава, Канстанцін Заслонаў у “Паядынку” Матукоўскага і іншых.
Ролі, якія выконваў акцёр, увайшлі ў скарбонку нацыянальнага тэатральнага мастацтва Беларусі. За ролю Важака ў спектаклі па п’есе Ю. Зальтана ў 1980 годзе яму была прысуджана прэмія Ленінскага камсамола Беларусі. У 1997 годзе прысуджана яшчэ адно ганаровае званне — заслужаны артыст Рэспублікі Беларусь.
У апошнія гады жыцця ў яго рэпертуары былі тры вызначальныя ролі: валявы, па-рыцарску верны ваявода князя Уладзіміра Дабрыня (“Палачанка” А. Дударава), высакародны граф Даранкур (“Маленькі лорд Фаўнтлерой” Н. Воранава) і халодны, але непагасны ў душы Палкоўнік Кінчын (“Матылёк” П. Гладзіліна).
Акцёр здымаўся ў двухсерыйным мастацкім тэлефільме “Новая зямля”, паводле Я. Коласа, дзе выконваў ролю Міхала. Працаваць над гэтай роляй, адзначылі вядучыя,  было адно задавальненне для Анатолія Аляксандравіча. Тыя ўмовы, у якіх існаваў герой, былі яму вядомы. Сам ён нарадзіўся і вырас у вёсцы, таму сялянскі быт ведаў не з літаратуры, а з самога жыцця. Гэта яму дапамагло ў працы. Таксама ён выконваў ролі ў тэлевізійных пастаноўках “Тайная вячэра” Траццякова, “Вочы ў вочы” Я. Сіпакова, “Зямля яшчэ баліць” П. Панчанкі, “Варшаўскі шлях” А. Куляшова і ў іншых.
Бібліятэкары нагадалі і пра ролю Кізгайлы ў фільме-оперы “Сівая легенда”, здымкі якога вяліся ў Мірскім замку. Зняўся ў мастацкіх фільмах “Пушча”, “Маці ўрагану”, “Душа мая Марыя”, “Паміж жыццём і смерцю”.
Ролі былі станоўчыя і адмоўныя. Аднак больш даводзілася іграць станоўчых. Вось некаторыя з іх: Хворыя па п’есе Івана Друцэ “Імем зямлі і сонца”, Жухрай — раман Мікалая Астроўскага “Як гартавалася сталь”, Трыгорын — п’еса Антона Чэхава “Чайка” і іншыя. Больш 20 роляў сыграна ім на тэлебачанні.
Талент А. А. Жука прынёс літаратуры Беларусі шмат адметных твораў. З 1985 года ён займаецца літаратурнай дзейнасцю. Першае яго апавяданне “Пажар” было надрукавана ў часопісе “Беларусь”. Пасля таго ўдалага дэбюту аповесці, апавяданні змяшчаліся ў часопісах “Полымя”, “Крыніца”, “Маладосць”, газеце “Чырвоная змена”. “Помста матылькоў” — першая асобная кніжка літаратара, якая выйшла ў 1991 годзе.
У 1993 годзе Анатоль Жук выдаў зборнік аповесцей “Пагаварыць трэба”. Не аказацца глухім да голасу сумлення, які жыве ў чалавеку, але гучыць мацней напрыканцы яго жыцця — у гэтым увесь сакрэт, — кажа нам сваімі аповесцямі. З 1993 года Анатоль Жук з’яўляецца членам Саюза пісьменнікаў Беларусі.
У яго творчасці ёсць і вершы, хаця і няшмат. У іх ён выказвае любоў да роднага краю, свае патаемныя думкі.
У вольны час стараўся наведваць родныя мясціны. Не прамінаў заглянуць на раку Нёман, пабываць у мясцовай школе… Адным словам, не парываў сувязяў са сваім краем і яго людзьмі. І ўдзячныя землякі не забыліся Творцу.
* * *
На вечарыне выступаючыя імкнуліся падзяліцца ўспамінамі, выказаць добрыя словы ў адрас Анатолія Аляксандравіча Жука. Родны брат Мікалай Жук адзначаў яго неардынарнасць і ўменне самому прымаць рашэнні, а таксама жаданне і ўменне слухаць людзей, а затым выкарыстоўваць у сваёй творчасці. Прысутным у зале ён пажадаў: “Хлеба вам і беражыце сябе!”
Першая настаўніца Ганна Уладзіміраўна Бандарык адклікалася аб Анатолію Жуку як аб добрым вучні і ўспомніла аб тым, як прыгожа ён дэкламаваў вершы. Нагадала, што ўмеў і любіў сябраваць, удзельнічаў у школьных мерапрыемствах. “Яго немагчыма не любіць за характар і спагадлівасць”, — адзначала настаўніца.
— Анатоль Жук — яскравая асоба ў мастацтве, — гаварыў старшыня Саюза тэатральных дзеячаў Рэспублікі Беларусь А. А. Дудараў. — Ён артыстам нарадзіўся. Гэта прафесія не дае, але шмат забірае. Архітэктар ці будаўнік пабудаваў дом — і гэта відаць. Хаця, мабыць, калі выступае акцёр, і людзі пачынаюць смяяцца, адгукаецца ў іх сэрцах, то гэта таксама будынак, які ён пабудаваў… Анатоль пражыў жыццё яскрава і бурліва, як творчы чалавек. Дзякуй за памяць пра знакамітага і шчырага земляка.
У сваёй прамове акцёр Ігар Сідорчык адзначыў, што вельмі ўсхваляваны дадзенай сустрэчай. І што ўся энергія Анатоля Жука адсюль, з родных мясцін, якія кранаюць да глыбіні душы, бо Ярэмічы — сапраўды святое месца.
Немагчыма было без хвалявання слухаць вершы знакамітага земляка, якія чыталі вучні мясцовай школы. Вось радкі, якія запалі глыбока ў душу:
Надзеяй будзе кожная драбніца:
Лісток, дажджынка, музыка і след.
Хачу любіць! І буду я маліцца,
Каб мне любіць. І сэрцам я саспеў.
(“Не маю слоў, і думак я не маю…”)
У вершы “Ярэмічы, Ярэмічы…” чуваць заклік да землякоў:
Ярэмічы, яднайцеся
З надзеямі ў жыцці,
І песні разлятайцеся,
Бо вам звінець, расці.
* * *
Ярэміччына… Гэты сапраўды цудоўны край каласістых ніў і квітнеючых лугоў, велічнай ракі Нёман, шчырых працавітых людзей, народных талентаў. Зямля бацькоў і дзядоў, якую адлюстраваў у сваіх творах не адзін аўтар і кампазітар.
На ярэміцкай зямлі нарадзілася шмат знакамітых людзей: Уладзімір Калеснік, Алесь Бажко, Мікола Бусько, Уладзімір Навумовіч і Анатоль Аляксандравіч Жук. Вечарына яскрава паказала, што апошняга з гэтай кагорты помняць і шануюць на карэліцкай зямлі.
Галіна СМАЛЯНКА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.