Ёсць над чым працаваць

У адзіны дзень інфармавання насельніцтва Карэліччыну наведаў намеснік міністра лясной гаспадаркі Рэспублікі Беларусь К. В. Кажушка, які сустрэўся з калектывамі прадстаўніцтва Белдзяржстраху па Карэліцкім раёне і раённай аптэкі.
Выступаючы па тэме дня “Беларусь — сацыяльная дзяржава: асноўныя вынікі развіцця ў 2006-2010 гг.”, Казімір Вікенцьевіч падкрэсліў, што на працягу гэтага перыяду палітыка дзяржавы была скіравана на паляпшэнне дабрабыту людзей на аснове ўмацавання эканомікі.
Важнейшы вынік сацыяльнага развіцця рэспублікі за пяцігодку — павышэнне заработнай платы і пенсій. За 2005-2009 гг. рэальная заработная плата ў Беларусі павялічылася на 70 %. І аб росце даходаў насельніцтва сведчыць павышэнне яго пакупніцкай здольнасці. У пачатку 2010 года ва ўласнасці грамадзян рэспублікі знаходзілася 2,3 мільёна аўтамабіляў, беларусы могуць дазволіць сабе адпачынак за межамі краіны, амаль удвая больш, чым у пачатку пяцігодкі купіць асноўных прадуктаў харчавання і г. д.
Прамоўца гаварыў аб тых вялікіх пераменах, якія адбыліся ў гэтай пяцігодцы ў сферы адукацыі, аховы здароўя, развіцці малых гарадоў і сельскіх паселішчаў.
К. В. Кажушка на яркіх прыкладах з нашага жыцця і становішча ў краінах Еўрасаюза паказаў удзельнікам сустрэчы, якую долю займаюць у сямейным бюджэце камунальныя паслугі, кошт утрымання дзяцей у садках і яслях, паслугі транспарту і іншыя. І гэтым не заканчваюцца меры дзяржавы па забеспячэнню агульнадаступных сацыяльных паслуг.
Разам з тым Казімір Вікенцьевіч з заклапочанасцю гаварыў аб дэмаграфічнай сітуацыі, такіх заганных з’явах, як п’янства і алкагалізм, развіццё ўтрыманскага настрою, а таксама іншых праблемах у сферы выхавання і падкрэсліў, што пачынаць трэба кожнаму з сябе асабіста, а моладзі — з дзяцінства.
Разглядаючы вынікі сацыяльнага развіцця за пяцігодку ў нашым раёне, прамоўца адзначыў, што яны відавочныя, але карэліччанам ёсць над чым працаваць.
К. В. Кажушка адказаў на пытанні прысутных і правёў прыём грамадзян.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.