«Зямля, дзе пачаўся мой лёс”

«Зямля, дзе пачаўся мой лёс”— пад такой назвай адбылося ўрачыстае мерапрыемства, прысвечанае 70-годдзю ўтварэння раёна.

Святочна прыбраную глядзельную залу РДК запоўнілі дэлегацыі працоўных калектываў, ветэраны вайны і працы, перадавікі вытворчасці, дэлегацыі гарадоў-пабрацімаў, запрошаныя.

Гучыць дзяржаўны гімн Рэспублікі Беларусь. Свята аб’яўляецца адкрытым.
Слова для выступлення прадастаўляецца памочніку Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, галоўнаму інспектару па Гродзенскай вобласці М. С. Праташчык.
— Паважаныя сябры! Прыміце мае шчырыя віншаванні з нагоды 70-годдзя ўтварэння раёна. У Карэліцкага раёна слаўная гісторыя, ваша зямля багатая помнікамі гісторыі і культуры, таленавітымі людзьмі і працоўнымі здабыткамі.
Паважаныя сябры! Сёння павінен быў быць з віншаваннямі ваш зямляк Кіраўнік Адміністрацыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Уладзімір Уладзіміравіч Макей, але, на жаль, не змог прыехаць, таму папрасіў мяне ад яго імя агучыць гэтае віншаванне.
М. С. Праташчык зачытала прывітальны адрас.

— Паважаныя сябры! Я вельмі хвалююся, — працягвала яна. — Мне неабыякавы Карэліцкі раён. Пасля доўгіх гадоў раставання зноў давялося працаваць на Гродзеншчыне, а сёння я на карэліцкай зямлі. Усе гэтыя гады я таксама была з вамі. Таму далучаюся да віншаванняў Уладзіміра Уладзіміравіча Макея і хачу пажадаць вам: няхай Карэліцкі раён прыгажэе, дынамічна развіваецца. Шчасця вам, дарагія сябры, дабрабыту, поспехаў на карысць нашай Айчыны. І няхай мінуць вас усе нягоды. Міру і дабра кожнаму дому, кожнай сям’і.

Са святам!
Затым слова трымаў старшыня Гродзенскага аблвыканкама С.  Б. Шапіра.
— Паважаныя ветэраны, калегі, сябры, працаўнікі слаўнага Карэліцкага раёна! — гаварыў ён. — Сёння споўнілася 70 гадоў вашаму раёну. Здавалася б, невялікі прамежак часу, гэта сярэдняе жыццё чалавека. Але за гэтыя гады праслаўлялі сваёй працай гэту зямлю, Гродзеншчыну, нашу Беларусь некалькі пакаленняў жыхароў Карэліччыны, людзей, якія падымалі прамысловасць, мацавалі эканоміку краіны.
70-годдзю папярэднічала барацьба за вызваленне Заходняй Беларусі. У ёй удзельнічала шмат выдатных людзей дзеля таго, каб на гэтай зямлі панавалі мір і спакой. Я хачу назваць прозвішчы У. З. Царука, П. А. Жалезняковіча і многіх іншых, хто быў зняволены ў турмах, цярпеў здзекі, быў асуджаны да вышэйшай меры пакарання. Яны выстаялі, як і ўсе жыхары Карэліччыны.
За 70 гадоў ваш раён навучыўся і навучыў іншых  любіць і берагчы нашу зямлю. Ваш край даў вельмі многа кіраўнікоў. У іх я і вучыўся працаваць, любіць зямлю, беражліва адносіцца да людзей.
Карэліччына дала Беларусі нямала таленавітых арганізатараў. Гэта, напрыклад, У. У. Макей, якім ганарыцца ўся краіна. У ранейшыя гады Карэліцкі раён быў пастаўшчыком кадраў. І зараз карэліччане становяцца кіраўнікамі раёнаў. Так, М. М. Валчэцкі ўзначальвае Іўеўскі раён. У хуткім часе на павышэнне пойдзе яшчэ адзін прадстаўнік вашага раёна.
На працягу многіх гадоў раён быў першым у рэспубліцы, і сёння ён займае дастойнае месца сярод іншых раёнаў. І я глыбока перакананы, што наперадзе ў Карэліч толькі перамогі.
Паважаныя сябры! Ад імя абласнога выканаўчага камітэта хачу пажадаць старшыні райвыканкама і вам усім здароўя, заняць першае месца сярод раёнаў нашай краіны. Шчодрых ураджаяў карэліцкай зямлі, выдатных надояў, высокіх паказчыкаў у іншых галінах.
Міру, дабра і дабрабыту вам!
За высокія вытворчыя паказчыкі С. Б. Шапіра ўручыў Ганаровыя граматы начальніку МПМК-152 Ю. М. Кобрыну, намесніку старшыні СВК “Жухавічы” В. В. Такушэвічу, а шэрагу работнікаў аб’яўлена падзяка аблвыканкама.
Губернатар уручыў старшыні райвыканкама В. Л. Шайбаку каштоўны падарунак для раёна, а ўдзельнікам свята — букет ружаў.
Удзельнікам урачыстасці быў паказаны відэафільм “Карэліччына — мой гонар”.
Слова для даклада прадастаўляецца старшыні райвыканкама В. Л. Шайбаку. А перш чым пачаць сваё выступленне, Віктар Леанідавіч падзякаваў за старанную працу сваім папярэднікам, тым, хто ў розныя гады ўзначальваў раён, хто закладваў падмурак цяперашнім дасягненням, кіраўнікам-ветэранам.
У сваім дакладзе Віктар Леанідавіч гаварыў:
— У гэтыя дні мы адзначаем свой юбілей — 70-годдзе з дня ўтварэння раёна. Для гісторыі гэта невялікі прамежак часу, а для многіх людзей — гэта цэлая эпоха, жыццё некалькіх пакаленняў. Ужо выраслі праўнукі тых, хто ў далёкіх 40-х гадах пачынаў ствараць раён.
Карэліччына — багатая зямля. Яна сагрэта любоўю і ласкай маіх землякоў, тых, хто, як кажуць у народзе, назаўсёды “прыкіпеў”, прырос да яе, “пусціў тут свае карані”.
Аддаючы даніну знамянальнай падзеі ў календары юбілейных дат раёна, мы скіроўваем свой погляд у нашу гісторыю, якой ужо больш шасці стагоддзяў.
Сем помнікаў археалогіі сведчаць аб старажытных паселішчах, домніца ў Варончы — аб тым, што з балотнай руды выплаўлялі жалеза, герб вёскі Цырын — сімвал атрыманага Магдэбургскага права. У далёкіх краях ведалі аб карэліцкіх габеленах, вытканых на радзівілаўскіх мануфактурах. Мы маем каштоўны дар — Малажухавіцкае евангелле, якое з’яўляецца рукапісным помнікам канца ХV-пачатку XVІ стагоддзяў. Мірскі замак, унікальны помнік Сярэднявечча — гэта цэлая эпоха гістарычных падзей і чалавечых жыццяў.

На прыкладзе Міра можна прасачыць лёсы людзей розных нацыянальнасцей: беларусаў, яўрэяў, татараў, цыганаў, якія ўзбагацілі яго высокім мастацтвам рамяства, дойлідства і культурнымі традыцыямі.
Менавіта ў Карэліцкім раёне пасля падзей 1917 года быў зроблены першы крок новай улады — арганізацыя камуны “Праца” ў вёсцы Лукі. Карэліччане актыўна змагаліся за свабоду і незалежнасць супраць буржуазнай Поль-шчы, арганізаваўшы камуністычнае і камсамольскае падполле.
Вялікая Айчынная вайна — асаблівая старонка ў гісторыі раёна — партызанскага краю. Барацьбу з фашыстамі вялі 6 партызанскіх брыгад, у склад якіх уваходзілі больш 20 атрадаў. Больш 2 тысяч чалавек не вярнуліся з поля бою. Раён страціў 7,5 тысячы мірных жыхароў (сёння гэта колькасць насельніцтва г. п. Карэлічы).
Як ні цяжка было, але раён перажыў боль страт, адбудаваўся, аднавіўся.
І сёння разам з намі ў першых радах — паважаныя ветэраны, тыя, хто адстаяў незалежнасць Радзімы, хто ў тыле ворага каваў Перамогу, аднаўляў разбураную вайною гаспадарку. Дзякуй вам, нізкі-нізкі паклон, няхай наша памяць і павага надаюць вам сілы і здароўя.
Словы ўдзячнасці хачу выказаць кіраўнікам раёна, спецыялістам і кіраўнікам гаспадарак 50-60-70-х і зорных 80-х гадоў. Менавіта вы заклалі трывалы падмурак эканомікі раёна, яго галіновую аснову, спецыялізацыю і, самае галоўнае, падрыхтавалі пераемнікаў.
“Карэліччына — кузня кадраў” — так гаварылі і гавораць аб нашым раёне. І я з гонарам магу сказаць, што гэтыя традыцыі працягваюцца, таму што ў нас ёсць з каго браць прыклад і на каго раўняцца.
Нашы знакамітыя землякі праславілі не толькі раён, Гродзеншчыну, але і рэспубліку на ўвесь свет. У Мядзвядцы нарадзіўся чалавек легендарнай біяграфіі — Ігнацій Дамейка, першы рэктар універсітэта ў Сант’яга (Чылі). Стагоддзе пазней праславіла не толькі Мядзвядку, але і ўсю Беларусь дзесяціразовая чэмпіёнка Еўропы, абсалютная чэмпіёнка па веславанню на байдарках Тамара Шыманская.
У Міры нарадзіўся філосаф-асветнік Саламон Майман. Не менш вядомы сваімі філасофскімі трактатамі беларускі вучоны Ф. Бохвіц. Тут вырас беларускі акцёр Аляксандр Ільінскі. Ураджэнцам Міра быў трэці прэзідэнт Ізраіля, вучоны і пісьменнік Шазар Шнер Залман. У Карэлічах нарадзіліся сусветна вядомы вучоны ў галіне астранаўтыкі Барыс Кіт, мастак В. Рамановіч.
З раёнам цесна звязана творчасць вялікага паэта Адама Міцкевіча. Нямала твораў прысвяцілі Карэліччыне Ян Чачот, Янка Брыль, Уладзімір Каратынскі, Раман Тармола-Мірскі, Вольга Іпатава, Аляксандр Бажко, Уладзімір Калеснік, Аляксандр Мі-люць, Мікалай Ільінскі, Анатоль Дзяркач, Уладзімір Варава, Анатолій Жук, Анатолій Смалянка, Мікола Бусько.
Карэліччына — радзіма “беларускага Шаляпіна” Пятра Конюха, чый голас гучаў у лепшых залах многіх краін свету.
У раёне жыў і працаваў вядомы савецкі і партыйны работнік П. А. Жалезняковіч.
Першыя зоркі Маскоўскага Крамля выраблены першым Героем Працы, ураджэнцам вёскі Саленікі А. Барысевічам. Ураджэнец раёна — Герой Савецкага Саюза У. З. Царук.
Карэліцкая зямля ўзгадавала 8 Герояў Сацыялістычнай Працы, 4 лаўрэатаў Дзяржаўнай прэміі СССР, больш тысячы чалавек узнагароджаны  за заслугі ў развіцці народнай гаспадаркі ордэнамі і медалямі.
На нашай зямлі нарадзіліся і выраслі 92 вядомыя вучоныя, больш 20 пісьменнікаў і артыстаў, 21 педагог атрымаў званне “Заслужаны настаўнік Беларусі”.
Наш залаты фонд пастаянна папаўняецца, аб чым сведчаць стабільныя поспехі моладзі. На сённяшні дзень 31 вучань удастоены прэміі імя Ігнація Дамейкі, 24 лепшым настаўнікам прысвоена ганаровае званне “педагог-майстар”. Гэты год прынёс нам 4 рэспубліканскія перамогі. Рэйтынг паступлення выпускнікоў у ВНУ і ССНУ за пяцігодку складае больш як 90 працэнтаў.
Асновай развіцця сацыяльнай сферы  з’яўляюцца важкія капітальныя ўкладанні, накіраваныя на ўмацаванне  матэрыяльнай базы ўстаноў адукацыі, культуры, аховы здароўя. У гэтай пяцігодцы выдаткавана больш як 13,6 мільярда рублёў капіталаўкладанняў. Гэта дазволіла правесці значны комплекс работ у аграгарадках, адрамантаваць амбулаторыі ўрача агульнай практыкі, аддзяленні ЦРБ, абнавіць будынкі, капітальна адрамантаваць практычна ўсе спартыўныя залы.
Важную ролю ў рашэнні сацыяльных пытанняў, мадэрнізацыі вытворчасці адыгралі інвестыцыйныя праекты: 404 млрд руб. за чатыры гады.
У 2008 годзе на Мірскім філіяле РУП “Гродзенскі ЛГЗ “Неманофф” завершана будаўніцтва цэха рэктыфікацыі спірту, што дазволіла вырабляць спірт вышэйшай ачысткі класа “Люкс”.
Уведзены ў эксплуатацыю сучасны  малочнатаварны комплекс на 1000 галоў у СВК “Жухавічы”, 7 зернесушыльных комплексаў. Завяршаецца рэканструкцыя птушкафабрыкі “Чырвонаармейская”.
У аграгарадкі пераўтворана 10 населеных пунктаў. На іх абуладкаванне выдаткавана 35 млрд руб. Сёлета статус аграгарадкоў атрымаюць яшчэ тры населеныя пункты.
Віктар Леанідавіч расказаў аб выніках работы ў сельскай гаспадарцы за мінулую пяцігодку і падкрэсліў, што ў раёне назіраецца ўстойлівая тэндэнцыя росту аб’ёмаў сельскагаспадарчай вытворчасці.
У абласным спаборніцтве на нарыхтоўцы травяных кармоў у 2010 годзе наш раён заняў трэцяе месца, а СВК “Свіцязянка-2003” — другое месца за дасягненне высокіх паказчыкаў у вытворчасці лёну.
За апошнія тры гады адрадзілася будаўнічая галіна. І ўсё, што сёння будуецца, мадэрнізуецца ў гарадскіх паселішчах, у вёсцы, аграпрамысловым комплексе — усё робіцца рукамі нашых будаўнікоў. За пяцігодку капітальныя ўкладанні склалі больш як 100 млрд руб.
Капітальна адрамантаваны за апошнія гады многія аб’екты сацыяльна-культурнага прызначэння, выкананы вялікі аб’ём работ па добраўпарадкаванню райцэнтра і іншых населеных пунктаў.
Прадукцыя УКП БАН карыстаецца попытам не толькі ў айчыннага пакупніка, але і заваёўвае міжнародны рынак.
Дадзены нядрэнны старт прыватнаму бізнэсу. Заяўляюць аб сабе прыватныя прадпрыемствы “Вівака” і “Мірскія ўзоры”, якія адкрываюць новыя рабочыя месцы.
Юбілей раёна супаў з важнымі грамадска-палітычнымі падзеямі — маючымі адбыцца ІV Усебеларускім народным сходам і выбарамі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь.
Хочацца пажадаць усім нам, каб наступная пяцігодка, дзесяцігоддзе для нашага раёна былі такімі ж паспяховымі. І няхай правільны шлях, выбраны беларускім народам, пацвярджаецца нашымі дасягненнямі і перамогамі.
Моцнага вам здароўя, радасці ў кожны дом, у кожную сям’ю.
Са святам!
Ля мікрафона — старшыня абласнога Савета дэпутатаў А. М. Наумовіч.
— Дарагія карэліччане! Шаноўныя госці! Я хвалююся сёння і разам з тым ганаруся. Ганаруся, што нарадзіўся на карэліцкай зямлі, дзе нарадзіліся, жылі і працавалі мае бацькі. Ганаруся тым, што людзі тут працуюць плённа і старанна.
Прайшло дзесяць гадоў з мінулага юбілею. За гэты перыяд раён прырос па ўсіх паказчыках, а таксама адбылося шмат значных падзей.
Хачу напомніць, што першы раз Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь А. Р. Лукашэнка наведаў наш раён у 2004 годзе і тады сказаў цудоўныя словы: “Як працуюць у Карэліцкім раёне, павінна працаваць уся Беларусь”.
Праз два гады Прэзідэнт зноў у час рабочай паездкі наведаў Карэліцкі раён і выказаў зноў цудоўныя словы. Ён сказаў: “Я прыязджаю ў Карэліцкі раён адпачываць”. Не памылюся, калі скажу, што гэтыя словы дарагога каштуюць.
Гэта сведчыць аб тым, што ў Карэліцкім раёне ведаюць і помняць гісторыю, а калі ведаюць і помняць, то значыць, што маюць будучыню.
І хачу яшчэ нагадаць. Зусім нядаўна, у кастрычніку, раён наведаў старшыня аблвыканкама і зноў выказаў цудоўныя словы: “У Карэліцкага раёна ёсць усе падставы, каб зноў стаць лепшым у нашай рэспубліцы”.
Дарагія сябры! Са святам вас. Здароўя вам, дабрабыту, шчасця!
А. М. Наумовіч уручыў лепшым працаўнікам узнагароды абласнога Савета дэпутатаў.
Слова трымае сакратар архіепіскапа Навагрудскага і Лідскага Гурыя протаіерэй Сергій Шафарост.
— Дарагія сябры, — гаворыць ён. — Я шчыра рады быць сярод вас і радавацца той атмасферы, якая літасцю боскай пануе на хлебасольнай, гасціннай  карэліцкай зямлі. Я таксама некалі служыў на гэтай багатай, цудоўнай зямлі. І сёння я душою і целам разам з вамі падзяляю гэту радасць, што людзі ўжо 70 гадоў стараннай працай і з энтузіязмам імкнуцца гэту зямлю ўпрыгожыць, падарыць ёй сваю любоў і яна спаўна аддзячвае за клопат. Аб гэтым сведчаць паказчыкі сацыяльна-эканамічнага развіцця, поспехі ў культурным і духоўным плане.
Затым Сергій Шафарост зачытаў прывітальны адрас архіепіскапа Навагрудскага і Лідскага Гурыя і ўручыў старшыні райвыканкама Шайбаку В. Л. абраз Божай маці Жыровіцкай з пажаданнямі аб яе заступніцтве і абароне ўсіх жыхароў Карэліччыны.
Пасля гэтага Віктар Леанідавіч Шайбак уручыў перадавікам народнай гаспадаркі Ганаровыя граматы райвыканкама і Падзячныя пісьмы старшыні раённага выканаўчага камітэта.
Слова прадастаўляецца старшыні раённага Савета дэпутатаў А. М. Маркевічу.
Ад імя прэзідыума раённага Савета дэпутатаў Анатолій Мечыслававіч выказаў удзельнікам урачыстасці шчырыя словы віншавання з нагоды юбілею раёна.
—Карэліцкая зямля асаблівая, — гаварыў ён. — Яна дала свету таленавітых вучоных, спартсменаў, артыстаў. Ёю захапляліся і захапляюцца ў сваіх творах паэты і пісьменнікі. Яе праславілі Герой Савецкага Саюза і 8 Герояў Сацыялістычнай Працы.
70 гадоў — важкая дата. У гісторыі нашага краю было рознае: ваеннае ліхалецце, адраджэнне з попелу вёсак, аднаўленне эканомікі і росквіт нашай цудоўнай карэліцкай зямлі.
І заўсёды за дасягненнямі быў просты чалавек, працаўнік, які дзякуючы свайму ўмельству, стараннасці, вопыту дасягае вельмі сур’ёзных вынікаў ва ўсіх галінах народна-гаспадарчага комплексу.
Дарагія жыхары раёна, запрошаныя! Дазвольце ў гэты радасны святочны дзень пажадаць вам і на працягу ўсяго жыцця моцнага здароўя, дабрабыту, сямейнага шчасця. Няхай кожны новы дзень нясе толькі радасць. Няхай ваша бадзёрасць, энергія заўсёды будуць запатрабаваныя для росквіту нашай Рэспублікі Беларусь.
А. М. Маркевіч уручыў актывістам мясцовай улады і грамадскіх фарміраванняў Ганаровыя граматы і Падзячныя пісьмы раённага Савета дэпутатаў.
Вядучыя расказваюць пра гады станаўлення раёна, сацыяльна-эканамічнае развіццё. Яны нагадалі драматычныя падзеі Вялікай Айчыннай вайны і тыя матэрыяльныя страты і людскія ахвяры, якімі заплаціў наш народ за сваю свабоду і незалежнасць.
Хвілінай маўчання ўшанавалі ўдзельнікі ўрачыстасці памяць загінуўшых, памяць тых, хто аднаўляў народную гаспадарку, хто стаяў ля вытокаў развіцця і росквіту Карэліччыны. А ветэранам вайны і працы ўручаны кветкі.
Значны ўклад у пасляваеннае развіццё раёна ўнеслі тагачасныя старшыні калгасаў. Адзін з іх былы старшыня калгаса “Ленінскі шлях” І. М. Паўловіч, імя якога занесена ў Кнігу Славы раёна.
— Мне выпала шчасце пасля вучобы ў тэхнікуме працаваць у Карэліцкім раёне. Шэсць гадоў працаваў аграномам, а затым старшынёю калгаса, — расказаў Іван Міхайлавіч. — Старшынёўскі корпус разам з сялянамі многа зрабіў для развіцця сельскай гаспадаркі. І сёння хочацца ўспомніць гэтых выдатных працаўнікоў. Гэта Герой Сацыялістычнай Працы Я. І. Фаменка, С. К. Сярогін, У. М. Капытка, Г. А. Лопух, П. М. Шчарбакоў, А. М. Сенька, М. І. Куневіч, У. У. Саўко, Я. Ц. Кіслухіна, А. А. Багушэвіч, А. А. Зантовіч, С. В. Лычкоўскі, В. В. Бар’яш, А. А. Дзяшкевіч. Яны пакінулі добры след на нашай зямлі.
Я ўдзячны лёсу за тое, што мне выпаў гонар працаваць пад кіраўніцтвам выдатных людзей П. А. Жалезняковіча, В. І. Міцкевіча, В. С. Ждановіча, А. А. Яновіча.
Шмат клопатаў пра вяскоўцаў, ветэранаў працы праяўляе старшыня райвыканкама В. Л. Шайбак. І за гэта вам, Віктар Леанідавіч, вялікі дзякуй.
Важкі ўклад у раз-віццё раёна ўнеслі яго былыя кіраўнікі, ад імя якіх выступіў былы першы сакратар РК КПБ А. А. Яновіч.
— Амаль 30 гадоў прайшло з таго часу, як я выехаў з раёна, — гаварыў ён. — Так склалася, што я амаль равеснік раёна і шостую частку свайго жыцця аддаў гэтаму раёну, а можа і пятую частку яго я крочыў разам са многімі прысутнымі ў гэтай зале. Гэта выдатныя працаўнікі  не толькі сельскай гаспадаркі, але і рабочыя, урачы, настаўнікі, работнікі культуры і г. д. Гэта сапраўды быў “залаты фонд” раённай партыйнай арганізацыі. Мы вельмі ганарыліся тым, што ЦК КПБ адобрыў вопыт работы раённай партарганізацыі з кадрамі. І вельмі прыемна, што многія нашы выхаванцы паспяхова кіравалі раёнамі, абласцямі.
Я ўдзячны ўсім калегам па працы, усім людзям, з якімі давялося столькі  гадоў пражыць і працаваць, за тое, што яны дапамаглі мне стаць тым, кім я стаў.
Пасля Карэліч я працаваў у абласным звяне, рэспубліканскім, саюзным. Але самыя цёплыя ўспаміны застаюцца аб рабоце з вамі, бо раён — гэта тое звяно, дзе людзі маюць сапраўды блізкія зносіны і бачаць вынікі сваёй працы.
Прыемна было сёння слухаць у выступленнях пра поспехі раёна, якія ацэнены губернатарам, рэспубліканскім кіраўніцтвам. І ёсць надзея, што ўсё намечанае ў раёне ажыццявіцца. А паколькі ў вас намячаюцца абласныя дажынкі, то і патрабаваць з вас будуць строга. Няхай поспех спадарожнічае вам.
А. А. Яновіч пажадаў поспехаў не толькі карэліччанам, але і гасцям з Расіі, Украіны і Латвіі, асновы супрацоўніцтва з якімі закладваліся і з яго ўдзелам.
Затым слова трымаў былы старшыня райвыканкама Я. Э. Альфяровіч.
— Дарагія сябры! Вялікі дзякуй кіраўніцтву раёна за запрашэнне на ваша вялікае свята. Мне вельмі прыемна прысутнічаць на ім таму, што я пэўны прамежак свайго жыцця правёў разам з вамі. Былі розныя сітуацыі, многа праблем, але мне прыемна ўспамінаць пра жыццё разам з вамі, пра сумесныя справы, пра ўсё, чаго мы з вамі дасягнулі.
Прыемна чуць пра поспехі і дасягненні раёна на сучасным этапе, прыязджаць, глядзець і бачыць, што ёсць вялікія зрухі, ёсць тэндэнцыя да паляпшэння жыцця людзей. Таму дазвольце ад усёй душы павіншаваць вас са святам, пажадаць моцнага ўсім здароўя, шчасця. Каб вашы дасягненні радавалі не толькі вас, а і ўсю рэспубліку.
З чэрвеня 1997 па 2007 год райвыканкам узначальваў І. М. Шматко. У гэты час старшынёй раённага Савета дэпутатаў працавала Л. І. Нагорная. Ім і было прадастаўлена слова.
— Сёння мы адзначаем слаўную дату, — гаварыла Л. І. Нагорная. — Амаль сорак гадоў назад я прыехала працаваць у Карэліцкі раён. Таму я, напэўна, маю права сказаць пра тыя змены, якія адбыліся ў ім. Змяніліся людзі, многае зроблена ў сацыяльнай сферы, будаўніцтве, прамысловасці, сельскай гаспадарцы. Павысілася культура земляробства, жывёлагадоўлі.
Я шчаслівы чалавек, таму што давялося працаваць з добрымі, шчырымі, сумленнымі людзьмі. З добрымі кіраўнікамі, старшынямі Саветаў, з якімі мы працавалі творча, натхнёна, самааддана. Рабілі ўсё для людзей.
Радуецца сэрца, бо на свяце прысутнічаюць нашы сябры з блізкага і далёкага замежжа і тыя, хто стаяў ля вытокаў нашага супрацоўніцтва.
Дарагія сябры! Дазвольце выказаць вам шчырыя віншаванні і пажаданні дабрабыту, ладу, міру і згоды, а раёну — новых творчых задум і здзяйсненняў.
Да яе слоў далучыўся і І. М. Шматко, які выказаў шмат цёплых слоў у адрас Лідзіі Іосіфаўны за яе нястомны клопат аб людзях, маладых кіраўніках.Іван Міхайлавіч падзякаваў кіраўніцтву раёна за запрашэнне на свята і зазначыў, што сёння ёсць што сказаць пра Карэліцкі край.
— Я шчыра, ад душы жадаю ўсім моцнага здароўя, даўгалецця, ветэранам і ўсім тым, з кім давялося працаваць. Шчасця і дабрабыту вам.
І. М. Шматко ўручыў узнагароды Камітэта па сельскай гаспадарцы і харчаванню Мінскага аблвыканкама, які ён узначальвае, лепшым спецыялістам і механізатарам нашага раёна, якія дасягнулі значных поспехаў у вырошчванні цукровых буракоў, пастаўляемых на перапрацоўку на ААТ “Гарадзейскі цукровы камбінат”.
Ад імя асоб, занесеных у Кнігу Славы раёна, выступіла Г. П. Калтунова. Потым слова трымаў акадэмік Нацыянальнай акадэміі навук М. А. Ламан, які ўручыў В. Л. Шайбаку падарунак — свежыя выданні кніг.
З 70-годдзем віншавалі карэліччан дэлегацыі гарадоў-пабрацімаў з Краснагорска (Расія) на чале з намеснікам кіраўніка адміністрацыі Краснагорскага муніцыпальнага раёна І. В. Хамутоўскім.
Ад імя Манькоўскага раёна (Украіна) удзельнікаў свята вітаў генеральны дырэктар дзяржаўнай акцыянернай кампаніі “Хлеб Украіны” П. К. Пачапскі.
Тукумскі раён (Латвія) прадстаўляла дэлегацыя пад кіраўніцтвам старшыні Думы Тукумскага муніцыпалітэта Юрыса Шульцса.
Са святочнымі віншаваннямі юбіляраў віталі суседзі-дэлегацыі Нясвіжскага, Стаўбцоўскага, Навагрудскага, Баранавіцкага, Камянецкага раёнаў, г. Баранавічы, а таксама дырэктар мясаперапрацоўчага прадпрыемства “ Гарадзея” ТАА “Вікас” П. Ч. Мацяс.
На ўрачыстым сходзе старшыня райвыканкама В. Л. Шайбак і начальнік райсельгасхарчу С. В. Барычэўскі ўручылі заслужаныя ўзнагароды перадавікам сельскагаспадарчай вытворчасці.
У фае РДК былі арганізаваны выставы краязнаўчага музея, Дома рамёстваў, ПРГУП “Мірскія ўзоры”, Мірскага каледжа, ААТ “Навагрудскі масларобчы камбінат”, ТАА “Вікас” і прадукцыі райспажыўтаварыства.
Канцэртную праграму прадставілі самадзейныя артысты раёна, творчая група г. Краснагорска і аркестр ГУУС Мінскага гарвыканкама.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.