“Дрэва жыве, пакуль яго карані ў зямлі”

Карэліцкі раён летась адзначыў 70-годдзе з дня ўтварэння. Слаўная і слынная яго гісторыя: сваімі поспехамі быў вядомы далёка за межамі краіны. Гэта поспех і дасягненні кожнага чалавека, які працаваў і працуе на гэтай зямлі. Гэта яны, людзі працы, стваралі і ствараюць моц нашай дзяржавы, іх імёны назаўсёды ўпісаны ў гісторыю раёна.
Значны ўклад у яго развіццё ўнеслі працаўнікі былога калгаса “Ленінскі шлях”. Звычайныя, простыя людзі, якія не надта любяць пра сябе расказваць і якіх у нашай краіне мільёны. І кожны з іх, як люстэрка, у якім адлюстроўваецца час…

Нехта з мудрых заўважыў, што працалюбівая пчала можа сабраць мёд і з горкіх кветак. Гэтыя горкія кветкі Зінаідзе Іванаўне Дубко прыйшлося пазнаць яшчэ ў дзяцінстве, у гады вайны. Дзяцей у яе маці было трое, калі ў 1943 годзе немцы пагналі на працу бацьку, ды сям’я так яго не дачакалася. А ў 1944 годзе, у час адступлення, раз’юшаныя фашысты спалілі іх хату. Што адчувала яе маці ў той час, калі малодшаму сыну было толькі шэсць месяцаў, сёння ўявіць цяжка. Але свет не без добрых людзей. Жылі ў суседзяў. І толькі ў 50-я гады, калі тагачасны старшыня калгаса А. М. Барэйка выдзеліў ім хату, жыццё стала наладжвацца. А яна, як тая пчолка, колькі сябе помніць, увесь час працавала, дапамагала маці. А ў 1960 годзе букет аздобіўся прыгожымі кветкамі, іх падараваў Іван Кліменцьевіч Дубко. Якраз на 9 мая згулялі вяселле.
А затым… Зноў праца, бясконцая праца. Нарадзіліся дзеці, свая гаспадарка, праца ў калгасе. З 1970 па 1989 год Зінаіда Іванаўна разам з мужам працавалі на адкорме буйной рагатай жывёлы. І як працавалі! У 1973 годзе Прэзідыумам Вярхоўнага Савета СССР Зінаіда Іванаўна была ўзнагароджана ордэнам Працоўнага Чырвонага Сцяга, у 1986 годзе ўдастоена другога ордэна Працоўнага Чырвонага Сцяга. А гэта да многага абавязвала.


Зінаіда Іванаўна — адзіная ў гісторыі калгаса “Ленінскі шлях” жанчына, якая атрымала за працу два такія ордэны. Яна заслужаная калгасніца. Так і не інакш гэтая жанчына-працаўніца змагла горыч кветак ператварыць у мёд жыцця. І калі б існаваў медаль “За дабрыню, праўдзівасць і гонар”, то Зінаіду Іванаўну ўзнагародзілі б у ліку першых. Такога медаля няма. А шкада, бо не растраціла яна ў жыцці ні сціпласці, ні дабрыні, ні мудрасці. Шчаслівая жанчына. Бо ці не шчасце пражыць душа ў душу з мужам 50 гадоў?! Летась 9 мая іх сям’я адзначыла залатое вяселле.
За гісторыю развіцця калгаса “Ленінскі шлях” ордэнам Працоўнага Чырвонага Сцяга было ўзнагароджана 8 яго працаўнікоў. Акрамя яе — Міхаіл Максімавіч Будзейка, Ніна Піліпаўна Гомза, Серафіма Васільеўна Лук’яновіч, Уладзімір Іосіфавіч Слінько, Марыя Аляксадраўна Дрозд…
Чым чалавек больш жыве на свеце, тым больш у яго мінулага. І хоць нельга ў ім нічога змя-ніць ці ўнесці папраўку, у думках яно перажываецца нанава. Як быццам усё пачынаецца з чыстага ліста. І тое, што здавалася самым звычайным, нязначным, праз павялічанае шкло пражытых гадоў павялічваецца і зноў напаўняе сэрца радасцю ці болем.
Радасцю напаўняецца сэрца ў Марыі Уладзіміраўны Наумовіч, калі ўспамінаюцца гады маленства, сям’я бацькоў, бо сям’я была добрая, выхаваная, адукаваная, дзядзька яе вучыў дзяцей. Баліць сэрца, калі ўспамінаюцца ваенныя гады, старэйшы брат быў у партызанах, і бацька так перажываў за яго, што захварэў, і ў 1949 годзе яго не стала. Можа і марылася пра вучобу, але без бацькі было вельмі цяжка. Лёсам была наканавана сустрэча з чалавекам, інвалідам вайны, за якога выйшла замуж.
Радавалася па-жаночы свайму мацярынскаму шчасцю, калі нарадзіліся дзве дачушкі, матуліны памочніцы. І працавала. Расказвала, пашчасціла, калі ў 1968 годзе трапіла на працу на свінаферму ў вёсцы Валокі, бо не так і проста было туды дабіцца працаваць, людзей было многа, усіх жадаючых не прымалі. І яна старалася, як магла. Прывагі былі заўсёды самыя высокія. І працу яе ацанілі дастойна — ордэнам “Знак Пашаны”. Неаднаразова выбіралася дэпутатам, была на розных сходах, прыёмах.
Здаецца, жыццё па-сапраўднаму наладжана. Дачушкі атрымалі адукацыю, адна працавала галоўным бухгалтарам, другая — у эканамічным універсітэце, намеснікам рэктара. Мае траіх унукаў, праўнука. Заслужаная калгасніца, дастойна сустрэла восень свайго жыцця.
Але лёсам было, відаць, наканавана ёй раптоўнае выпрабаванне — у аўтамабільнай аварыі загінула яе дачка. Такія выпрабаванні або мяняюць чалавека, або робяць яго моцным і мудрым. І сёння Марыя Уладзіміраўна, нягледзячы на свой багаты ўзрост, 84 гады, не скардзіцца, прадаўжае дастойна несці свой крыж па жыцці.
За час існавання калгаса “Ленінскі шлях” за добрасумленную працу ордэнам “Знак Пашаны” ўзнагароджаны Вера Міхайлаўна Казуля, Іван Іосіфавіч Лазарчык, Мікалай Барысавіч Макарэвіч…
Першыя старонкі кнігі жыцця Ганны Яфімаўны Макарэвіч хутчэй узгадваюцца, чым чытаюцца. І не таму, што ў памяці сцерліся асобныя радочкі, але тыя, што засталіся, горкія, балючыя, яна помніць вельмі добра.
Трыццатыя гады мінулага стагоддзя. Ёй было толькі тры гадочкі, як памерла маці. На руках бацькі засталося 5 дзяцей. Баяўся другі раз жаніцца, бо лічыў, што не будзе так другая жанчына глядзець чужых дзяцей, як родная маці. Так і мучыўся, і не менш гора пазналі і дзеці. Вучыў іх працаваць на зямлі, дзяўчаты пралі, рыхтавалі сабе пасаг.
У 19 гадоў Ганна Яфімаўна выйшла замуж. Нарадзіла і выхавала шасцёра дзяцей. Яна паспявала ўсюды: працавала і на адкорме буйной рагатай жывёлы, і на свінагадоўчай ферме, і ў паляводстве. Нават і на пенсіі да 70 гадоў прадаўжала працаваць у калгасе. Заслужаная калгасніца. Самаахвярная, працалюбівая жанчына, яна і любоў да працы перадала сваім дзецям: сёння дзве яе дачкі — Ірына Чэчат і Марыя Велько — аператары машыннага даення ў СВК.
Такой жа працалюбівай была і ёсць Ганна Міхайлаўна Палуянская, якая ўвесь час шчыравала ў паляводстве. Жанчына, нераўнадушная да безгаспадарчасці на зямлі, магла даць заўвагу і паспрачацца з любым начальствам. Яе нават трохі і пабойваліся за гэта. Заслужаная калгасніца, узнагароджана медалём “За працоўную доблесць”. Такім жа медалём адзначана праца і Леаніды Іванаўны Манько, Зінаіды Іванаўны Лежань, Ніны Піліпаўны Гомза, Івана Аляксандравіча Пігаля…
Доўгі час працавалі разам на МТФ “Краснае” Зінаіда Вікенцьеўна Кулак, Вольга Лукінічна Шамкуць, Вольга Захараўна Крывашэя, Валянціна Мікалаеўна Халупка, Марыя Паўлаўна Мохань, Зінаіда Міхайлаўна Данісевіч. У іх працоўнай біяграфіі, як у люстэрку, адбіваецца гісторыя развіцця нашай гаспадаркі. Пачыналі даіць кароў рукамі ў лагерах, затым пабудавалі драўляныя фермы, пераезд у новы комплекс. Здаецца, звычайныя працоўныя біяграфіі. Але за гэтымі словамі — сумленная праца і бяссонныя ночы, і пакладзенае здароўе, бо ферма была ў гаспадарцы ў ліку першых. Аб гэтым гавораць і вынікі працы: Зінаіда Міхайлаўна Данісевіч была ўзнагароджана ордэнам Кастрычніцкай рэвалюцыі, загадчыца Антаніна Іванаўна Мохань — ордэнам Працоўнага Чырвонага Сцяга, двума ордэнамі “Знак Пашаны”, медалём “За працоўную доблесць”, Зінаіда Вікеньеўна Кулак — ордэнам Працоўнай Славы ІІІ ступені.
… Дрэва жыве, пакуль яго карані ў зямлі. А чалавек — калі прадаўжаецца справа, якая стала сэнсам жыцця. Іван Міхайлавіч Паўловіч сваёй працай на пасадзе старшыні калгаса “Ленінскі шлях” даўно даказаў, што без права думаць, самастойна рашаць і за ўсё адказваць няма і не можа быць кіраўніка сельскагаспадарчай арганізацыі. Нездарма кажуць, што сапраўдны старшыня той, хто ведае, чаго патрабуе зямля і што патрэбна чалавеку. У свой час Іван Міхайлавіч мог даць усё патрэбнае і зямлі, і людзям. Таму і ацэнена яго праца была так высока — двума ордэнамі Леніна, ордэнам Кастрычніцкай рэвалюцыі. Сёння імя Івана Міхайлавіча Паўловіча занесена ў Кнігу Славы Карэліцкага раёна.
… Усё пачынаецца з зямлі. І ёю ўсё заканчваецца. Краіна будзе моцнай, калі зямля і людзі, якія працуюць на ёй, здольныя накарміць свой народ. Здаецца, сумненняў на гэты конт няма.
Наталля АДАМУШКА, намеснік старшыні СВК “Цырын-Агра” па ідэалагічнай рабоце.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.