Ідзе прызыў-2011

Традыцыйныя провады юнакоў на службу ва Узброеныя Сілы Рэспублікі Беларусь адбыліся ў актавай зале дзіцячай школы мастацтваў.
Іх вітала вядучая Валянціна Фурс, якая прадаставіла слова намесніку старшыні райвыканкама Р. Ю. Абрамчыку.
— Паважаныя прызыўнікі, дарагія сябры, — гаварыў ён. — У жыцці кожнага юнака наступае дзень, калі вам уручае ваенны камісар дакумент для праходжання ваеннай службы ў часцях Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь.Гэта падзея назаўсёды застанецца ў вашай памяці.

 

Пасля службы ў арміі вы не пашкадуеце аб гэтых гадах і нікому не дазволіце негатыўна аб гэтым гаварыць, паколькі гэта той этап жыцця, які дазволіць вам ганарыцца сабою.
Вы здаровыя, маладыя людзі, дастойныя змяніць тых юнакоў, якія зараз вернуцца са службы дамоў, тых, хто выканаў свой грамадзянскі абавязак перад Радзімай.
Дзесяткі тысяч юнакоў пастаянна знаходзяцца на варце Айчыны. Гэта людзі, якія аддаюць частку свайго жыцця для таго, каб астатнія маглі спакойна, мірна жыць.
Усё дасягнутае нашым грамадствам і кожным асобным чалавекам стала магчыма дзякуючы таму, што наша краіна пастаянна знаходзіцца пад надзейнай абаронай, што ў рэспубліцы пануюць спакой і стабільнасць. Гэта заслуга кожнага мужчыны, незалежна ад таго, калі ён служыў ва Узброеных Сілах.
Сёння трыццаць маладых, здаровых, бадзёрых юнакоў накіроўваюцца на службу ва Узброеныя Сілы Рэспублікі Беларусь. З гэтай нагоды дазвольце пажадаць вам поспехаў у службе і хуткага вяртання дамоў. Служба не будзе лёгкай на ўсіх этапах. Дык няхай яна будзе хуткай і удалай. Няхай у вас будуць надзейныя сябры, мудрыя камандзіры і начальнікі.
Няхай веды, атрыманыя на ваеннай службе, спатрэбяцца вам у мірнай стваральнай працы на карысць нашага раёна, нашай Радзімы.
Потым слова трымаў ваенны камісар раёна, падпалкоўнік В. У. Галушка, які пажадаў прызыўнікам дастойна адслужыць, засвоіць сваю ваенную спецыяльнасць, быць сапраўднымі абаронцамі Айчыны і вярнуцца са службы здаровымі, моцнымі, дужымі.
Свае пажаданні прызыўнікам выказала першы сакратар ГА “БРСМ” Н. У. Швец, якая адзначыла, што провады ў армію гэта ўрачыстае мерапрыемства, якое датычыць не толькі бацькоў, сяброў прызыўнікоў, а самае галоўнае — тых маладых людзей, якія вельмі хутка зменяць цывільную вопратку на ваеннае абмундзіраванне.
— Дарагія рабяты, — гаварыла яна. — Я спадзяюся, што наперадзе ў вас будуць  сапраўдныя ўрокі мужнасці. Я хачу пажадаць вам здароўя, а вашым бацькам — ніколі не ведаць нягод, каб яны жылі шчасліва і ганарыліся вамі. Маю надзею, што вы будзеце дастойнымі абаронцамі нашай Айчыны.
Са словамі на дарогу да прызыўнікоў звярнулася старшыня раённага савета ветэранаў вайны і працы Н. С. Яфрэмава, якая сказала: “Паважаныя прызыўнікі! Вось і настаў той момант, калі вы павінны абараняць рубяжы нашай Радзімы, нашай роднай Беларусі, якія адстаялі ветэраны Вялікай Айчыннай вайны. На сённяшні дзень у нашым раёне іх налічваецца 111 чалавек.
Я ўпэўнена, што вы будзеце дастойнымі абаронцамі нашай Радзімы і будзеце шанаваць тых, хто адстаяў свабоду і незалежнасць Беларусі. Поспехаў вам у службе, узаемавыручкі, узаемадапамогі, добрых камандзіраў, а самае галоўнае — моцнага здароўя.
Сваімі ўражаннямі аб службе падзяліўся з удзельнікамі свята “Служу Айчыне” ваеннаслужачы тэрміновай службы Аляксандр Шашко.
Ганаровае права ўручыць павесткі было прадастаўлена ваеннаму камісару раёна В. У. Галушку і галоўнаму спецыялісту ваенкамата С. У. Бондару.
Удзельнікам святочнага мерапрыемства была прадстаўлена канцэртная праграма, падрыхтаваная самадзейнымі артыстамі.

 

Добавить комментарий