Клад капаем з зямлі

Ужо больш чым за паўгода на Карэліччыне шчыруе вялікі атрад меліяратараў абласнога ўнітарнага прадпрыемства «Гроднамеліяводгас» з Зэльвы, Ліды, Дзятлава… Менавіта ў час паездкі па аб’ектах, дзе яны працуюць, і давялося сустрэцца з экскаватаршчыкам Дзятлаўскага ПМС Сяргеем Альшэўскім — надзвычай працавітым і цікавым ва ўсіх адносінах чалавекам.
Па-першае, Сяргей Іванавіч — адзін з лепшых экскаватаршчыкаў сярод меліяратараў Беларусі. Аб гэтым сведчыць і такі факт: некалькі год назад ён заняў другое месца ў рэспубліканскім спаборніцтве сярод сваіх калег.
Тое, што шмат добрых слоў пачуў я пра С. І. Альшэўскага ад генеральнага дырэктара Барыса Іванавіча Багданца, мяне асабліва не здзівіла: як-ніяк — гэта яго падначалены. А вось меркаванне аб ім старшыні Карэліцкага райвыканкама Віктара Леанідавіча Шайбака — поўная нечаканасць. І было чаму здзівіцца: чалавек прыехаў з другога раёна, працуе тут часова, а пра яго поспехі асабіста ведае сам старшыня райвыканкама.
— Ад нашых мясцовых вадзіцеляў чуў, — патлумачыў Віктар Леанідавіч. — Тыя не так даўно працавалі на вывазцы гравію. І не маглі надзівіцца, як спрытна, не ведаючы стомы, працуе пагрузчык. Пацікавіліся, адкуль такі віртуоз? «З Дзятлава, з прадпрыемства меліярацыйных сістэм», — пачулі ў адказ… Напэўна, і тыя ж вадзіцелі, і сам Віктар Леанідавіч яшчэ больш здзівіліся б, калі б ведалі, што С. Альшэўскі хоць жыве і працуе на Дзятлаўшчыне, а нарадзіўся і вырас ён у… Казахстане. У свой час бацька Сяргея Іванавіча, Іван Уладзіміравіч, як і многія яго аднагодкі, у пошуках рамантыкі паехаў на цаліну. Амаль 30 гадоў адпрацаваў там шахцёрам.


І штогод прыязджаў у водпуск на Дзятлаўшчыну, на сваю малую радзіму. Як правіла, усёй сям’ёй. У час чарговага прыезду яго сын Сяргей, які стаў ужо дарослым, і прыглядзеў тут сабе дзяўчыну. Бацькі, калі закончыўся водпуск, паехалі дамоў, а сын застаўся. Не мог ён развітацца з дзяўчынай, якая запала яму ў сэрца. Хутка і вяселле згулялі. Выгадавалі дваіх сыноў, ужо маюць унукаў…
Яшчэ ў Казахстане Сяргей Альшэўскі закончыў ПТВ, дзе атрымаў спецыяльнасць экскаватаршчыка. І гэта вельмі спатрэбілася яму на новым месцы. У Дзятлаўскім ПМС, куды ён звярнуўся, якраз была патрэба ў такіх спецыялістах. Як навічку, яму, вядома ж, далі старэнькі экскаватар, які стаяў на прыколе амаль з паўгода. Той не разгубіўся, не апусціў рук. Паставіў тэхніку на ногі і з уласцівым яму стараннем узяўся за справу. І неўзабаве аказаўся ў ліку лепшых экскаватаршчыкаў.
З Сяргеем Альшэўскім асабіста я знаёмы даўно. Больш таго, мы з ім па бацькоўскай лініі з’яўляемся нават далёкімі сваякамі. Аднак і я да нядаўняга часу не ведаў, што ёсць у Сяргея Іванавіча своеасаблівае захапленне, а дакладней — талент кладашукальніка. І трэба было бачыць, колькі каштоўных рэчаў ён сабраў за час працы ў меліярацыі. Яны з поспехам могуць папоўніць любую музейную калекцыю.
Кладашукальнікаў, а дакладней, аматараў атрымаць у свае рукі нешта рэдкае, цікавае, за кошт чаго можна папоўніць сваю калекцыю ці, здараецца і такое, выгадна прадаць, сёння шмат.
А вось Сяргей Альшэўскі стаў кладашукальнікам па-за сваёй волі.
— Спецыяльна я гэтым не займаюся і не марыў займацца, — гаворыць Сяргей Іванавіч. — Калі працуеш, дык не проста машынальна націскаеш на рычагі, але яшчэ звяртаеш увагу і на тое, што трапляе ў коўш экскаватара. Неяк заўважыў адзін пабочны прадмет, потым другі, трэці. І ўсе яны аказаліся рэчамі даўніны, якія маюць пэўную каштоўнасць. Пасля гэтага стаў яшчэ больш уважлівым.
І, як аказалася, гэта не прайшло дарэмна. На раскопках, што праходзілі на тэрыторыі Мірскага замка, коўш экскаватара, за рычагамі якога сядзеў С. Альшэўскі, падняў на паверхню кап’ё, дзе меўся яшчэ фрагмент старога, спарахнелага дрэўка.
— Калі я ўзяў у рукі тое кап’ё, якое потым перадаў у мясцовы краязнаўчы музей, мною авалодала такое пачуццё, быццам я дакрануўся да часцінкі нашага мінулага, — і цяпер не без хвалявання гаворыць Сяргей Іванавіч. — А быў і такі выпадак: неяк прама з балота дастаў каўшом шаблю. Відаць, там яна праляжала не адно стагоддзе, бо калі ўзяў у рукі, тая рассыпалася на маіх вачах. Якія тады мяне роспач адолеў…
Сярод знаходак Сяргея Іванавіча Альшэўскага самыя разнастайныя прадметы даўніны. Больш за ўсё сярод іх прасаў, што “працуюць” на вуглях. Іх набралася больш дзесяці. І ўсе — не падобныя адзін на другога. Ёсць у гэтай калекцыі і кухонны чарпак з імянным вензелем Святаполка Мірскага і нават пудраніца, на якой значыцца дата выпуску — 1887 год… Сапраўды, можна ствараць у хаце своеасаблівы музей такіх знаходак.
Уладзімір ТОМЧЫК.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.