Колькі нітачцы не віцца — канец будзе

10 снежня 2010 года ў пачатку трэцяй гадзіны ночы на пульт Карэліцкага аддзялення аховы паступіў сігнал “Трывога” з аддзела бытавой тэхнікі ахоўваемага магазіна “Нёман”. Праз тры хвіліны на месца здарэння прыбыў нарад групы затрымання ў складзе міліцыянера-вадзіцеля, прапаршчыка міліцыі С. А. Нячая і міліцыянера-кінолага, прапаршчыка міліцыі Д. М. Манкевіча, якія выявілі ў ходзе агляду аб’екта разбітае акно і сляды пранікнення. Прыняўшы меры па блакіраванню аб’екта, міліцыянеры выклікалі следчую аператыўную групу РАУС.
Адкрыўшы ў прысутнасці работніка гандлю магазін, аператыўнікі знайшлі ў падсобным памяшканні і затрымалі зламысніка. Ім аказаўся грамадзянін П., 1992 года нараджэння, навучэнец Карэліцкага дзяржаўнага будаўнічага прафесіянальнага ліцэя, які раней канфліктаў з законам не меў.
Пры аглядзе асабістых рэчаў у затрыманага былі знойдзены лічбавы дыктафон “Панасонік” коштам 195 660 рублёў, аптычная камп’ютарная мыш “Dialog” коштам 22 920 рублёў, ДУ да тэлевізара “Віцязь” коштам 18 980 рублёў, грашовая выручка ў суме 39 280 рублёў, касавыя справаздачы.
У гандлёвай зале быў выяўлены зняты з вітрыны і падрыхтаваны да крадзяжу музычны цэнтр LG коштам 542 260 руб., побач з якім знаходзіліся пальчаткі і шапка затрыманага.
Па гэтаму факту ўзбуджана крымінальная справа. Вядзецца следства.
Трэба зазначыць, што ў ходзе праверкі ўстаноўлена яшчэ пяць крадзяжоў з розных прадпрыемстваў і арганізацый г. п. Карэлічы, учыненых П. на працягу 2010 года.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.