Нарадзіліся двайняты ў Карэлічах

Нараджэнне дзіцяці — вялікая радасць для бацькоў. У другі раз яе адчулі ў сям’і Галецкіх з райцэнтра — юрыста райветстанцыі Юліі Барысаўны і майстра цэха газавай гаспадаркі Віталія Аляксандравіча. На гэты раз яна аказалася двайной: у сям’і нарадзіліся двайняты.Раздзяліць са шчаслівымі бацькамі радасць прыйшла ў радзільнае аддзяленне раённай бальніцы начальнік аддзела ЗАГСа райвыканкама В. М. Сіўко, якая ўручыла пасведчанні аб нараджэнні дзяцей і падарункі, павіншавала і  нагадала пра вялікую ролю бацькі і маці ў выхаванні немаўлят і тых шчаслівых імгненнях, якія ім падорыць дачка Сабіна і сын Цімафей (такія імёны далі нованароджаным). А адчуць бацькоўскае шчасце яны ўжо аднойчы змаглі — у сям’і падрастае шасцігадовая дачка Паліна.

Начальнік упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама, старшыня раённага савета жанчын І. А. Богуш таксама была шчодрая на віншаванні і падарункі. Іна Аляксандраўна запрасіла наведаць упраўленне для атрымання пасведчання мнагадзетнай сям’і і грашовай дапамогі на нараджэнне двайнят.
Прыйшла раздзяліць радасць і шчаслівая бабуля В. М. Галецкая, урач-тэрапеўт раённай паліклінікі, якая выказала падзяку загадчыцы акушэрска-гінекалагічнага аддзялення раённай бальніцы Г. А. Жарскай за яе высокі прафесіяналізм. Дзякуючы ёй, унукі хутка з’явіліся на свет.
Як паведамілі ў радзільным аддзяленні райбальніцы, сёлета ўжо нарадзіліся  24 дзіцяці. Пажадаем жа ім расці здаровымі і шчаслівымі.

 

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.