Ты помніш, таварыш, паход у Афгане баявы

Час хуткаплынны. Здаецца зусім нядаўна апошні савецкі салдат пакінаў тэрыторыю шматпакутнага Афганістана, а мы ўжо дваццаць другі раз адзначылі Дзень памяці воінаў-інтэрнацыяналістаў. Мерапрыемствы прысвечаныя гэтай памятнай даце прайшлі ў г. п. Карэлічы.
Сустрэча ветэранаў Афганскай вайны з кіраўнікамі выканаўчай і распарадчай улады раёна і раённых службаў распачалася ў зале пасяджэнняў Дома Саветаў.


Перад таварышамі па зброі выступіў старшыня раённай арганізацыі Беларускага саюза ветэранаў вайны ў Афганістане В. М. Тур.
Выступаючы перад удзельнікамі сустрэчы старшыня раённага савета дэпутатаў А. В. Шкадаў зазначыў, што на той бессэнсоўнай вайне загінулі тысячы маладых салдат і афіцэраў. Праз пекла яе прайшлі 140 нашых землякоў, чацвёра дамоў жывымі не вярнуліся.
Вайна — гэта заўсёды горыч і боль, гэта ахвяры, гэта выпрабаванне на мужнасць і сталасць. Мы не павінны забываць гэтыя ўрокі. І мы павінны зрабіць усё для таго, каб на долю нашых дзяцей не выпалі такія выпрабаванні.
Словы спагады і падтрымкі гучалі ў адрас маці загінуўшых у Афганістане Т. І. Татур, В. Г. Кузьміцкай, Я. В. Федарака, С. В. Філончык, маці памёршых воінаў — Т. І. Гіга, Я. І. Лагута, інвалідаў той неаб’яўленай вайны М. Я. Гагарына, С. І. Ашманкевіча, С. М. Машчонскага, удовай воінаў-інтэрнацыяналістаў Г. І. Казак, Т. У. Курыла, С. А. Логіш.
Аб гэтым гаварыла ў сваім выступленні старшыня раённага адзялення ГА «Беларускі Фонд міру» Н. Б. Альшэўская, якая ўручыла гэтай катэгорыі людзей каштоўныя падарункі.
Затым удзельнікі мерапрыемства прысутнічалі ў храме Святых апосталаў Пятра і Паўла, дзе протаіерэй Аляксей Мірановіч адслужыў малебен у гонар ветэранаў і ў памяць аб загінуўшых пры выкананні воінскага абавязку.
Затым кіраўнікі раёна, воіны -інтэрнацыяналісты, дэлегацыі пасялковых і сельскіх Саветаў, прадпрыемстваў, арганізацый і ўстаноў, навучэнцы гімназіі № 1 г. п. Карэлічы хрэсным ходам накіраваліся на мемарыяльны комплекс, дзе адбыўся мітынг-рэквіем, на якім выступілі ваенны камісар раёна В. У. Галушка і вучаніца гімназіі № 1 г. п. Карэлічы Вольга Багдзель.
Удзельнікі мітынга ўсклалі вянкі і кветкі да помніка загінуўшым воінам -інтэрнацыяналістам і на мемарыяльным комплексе.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.