Тыдзень беларускай навукі і культуры прайшоў на “ура!”Дзякуючы навуцы, мы можам удасканальвацца і ісці наперад. Пачаць навукова-даследчую дзейнасць можна яшчэ са школьных гадоў. У сярэдняй школе № 2 райцэнтра вялікая ўвага надаецца навуцы і культуры, т

Дзякуючы навуцы, мы можам удасканальвацца і ісці наперад. Пачаць навукова-даследчую дзейнасць можна яшчэ са школьных гадоў.

У сярэдняй школе № 2 райцэнтра вялікая ўвага надаецца навуцы і культуры, таму цэлы тыдзень быў прысвечаны гэтай тэме.
Паміж 9-мі класамі праводзіўся конкурс “Літаратурная краіна”. Удзельнікам прапанавалі разнастайныя пытанні, якія патрабавалі ведаў па беларускай літаратуры і культуры. Перамог 9 ”А” клас.
Самым важным мерапрыемствам Тыдня з’яўлялася навукова-практычная канферэнцыя “Даследаванні, гіпотэзы, адкрыцці”.



Даследчыкі прапанавалі слухачам свае творчыя работы, прысутнічалі нават выпускніцы 2010 года Аксана Яўсей і Дар’я Лецка, якія прадставілі навукова-даследчую работу “Залатое сячэнне ў матэматыцы і жыцці”, над якою яны працавалі ў школьныя гады разам з настаўніцай матэматыкі Л. І. Гасціла. Яны разгледзелі прымяненне залатога сячэння ў архітэктуры, скульптуры, жывапісе, біялогіі і ў музыцы. Вучаніца 11 класа Анастасія Шымко пад кіраўніцтвам настаўніцы беларускай мовы і літаратуры С. Г. Шчука прапанавала творчую работу “Своеасаблівасці арнаменту беларускага ручніка”. З работы вынікала, што дзякуючы асаблівасцям  колеру, даўжыні, шырыні, арнаменту і ўзору, адлюстраваны пэўны вобраз. Гэта можа быць вобраз кахання, ураджаю, прыроды, матулі ці нейкага свята. Наступную даследчую работу “Магчымасці стварэння малой электрастанцыі” прадстаўляў вучань 9 “Б” класа Арцём Выдрыцкі. Работа выканана пад кіраўніцтвам настаўніка фізікі Мікалая Мікалаевіча Мялешкі. Даследчыкі прапанавалі пабудаваць малую электрастанцыю на рацэ Рутка. Яны прывялі дастаткова фактаў, якія пацвярджаюць, што станцыю сапраўды магчыма пабудаваць, і гэта было б вельмі карысна для нашага пасёлка. Творчая работа “У музеі ёлачнай цацкі” была прапанавана вучаніцамі 8 “Б” класа Ганнай Аляшкевіч і Таццянай Свірыд, а таксама настаўніцай М. М. Міхайлоўскай. Даследчыкі апавядалі пра музей, які працуе ў нашай школе з 23 снежня 2009 года. Яны вывучаюць гісторыю ёлачных цацак і ўсіх запрашаюць наведаць цікавы музей. Апошнім быў прадстаўлены праект вучаніц 8 “Б” класа Аліны Чувак і Аляксандры Вярбіцкай “Гісторыя развіцця фізічнай культуры і спорту ў Карэліцкім раёне”, распрацаваны пад кіраўніцтвам настаўніцы фізічнай культуры Ніны Васільеўны Дуда. Праект быў насычаны імёнамі тых людзей, якія адыгралі важную ролю ў развіцці фізічнай культуры нашага раёна.
У школе праведзены конкурс на званне самага паспяховага вучня, якому трэба было набраць найбольшую колькасць балаў за тыдзень. Пераможцамі сталі Ганна Анікевіч (4 “Б” клас), Ганна Аляшкевіч ( 8 “Б” клас) і Таццяна Гурын (9 “А” клас). У намінацыі “самы разумны вучань тыдня” перамогу падзялілі паміж сабой вучань 8 “Б” класа Аляксандр Лецка і яго аднакласніца Ганна Аляшкевіч .
Завяршыўся тыдзень спатканнем з беларускай паэзіяй “Святло кахання не згасае”.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.