Успамінаецца многае з перажытага

Да 70-годдзя пачатку Вялікай Айчыннай вайны

Напэўна, ва ўсіх, хто прайшоў праз жахі Вялікай Айчыннай вайны, бываюць моманты, калі нечакана, але вельмі выразна ўсплываюць карціны перажытага, таго, з чым сутыкнуўся.
Гэта бывае выпадкова, само па сабе ў часы адпачынку пры праглядзе тэлеперадачы або цяпер ужо не частай сустрэчы з былым сябрам ці аднавяскоўцам, для якога ўспаміны пра вайну вельмі цяжкія.

Карціны з жыцця Азарыцкага лагера смерці ў мяне ярка ўсплылі, калі нядаўна перачытваў кнігу К. В. Кісялёва “Записки советского дипломата”, якога ў часы вайны кіраўніцтва краіны прызначыла старшынёй камісіі па аказанні дапамогі вызваленым з яго. Вось што там напісана. “Вместе с секретарем ЦК КП(б) Белоруссии Надеждой Григорьевной Грековой и министром внутренннх дел БССР Сергеем Саввичем Бельченко мы выехали в местечко Озаричи Домановского района Гомельской области, расположенное в пустынной, заболоченной местности. Перед нами предстала страшная картина. В лагере, огороженном колючей проволокой, с вышками для часовых, лежали сотни неубранных трупов мужчин, женщин, детей, умерших от голода и сыпного тифа. В живых осталось немного. Это были скелеты, обтянутые кожей, с запавшими, горящими глазами, тяжелобольные люди. В лагере находилось более тридцати тысяч человек. Заключенные рассказали нам, что фашисты сознательно помещали в лагерь больных сыпным тифом, от которых потом заражались другие заключенные. Ни у кого уже не оставалось надежды спастись…”
Многае ўспомнілася з перажытага. Гэта, праўда, былі не ўспаміны пра ўсе дні, якія цягнуліся так доўга, а асобныя эпізоды, і тое, як былі скалечаны лёсы ні ў чым не вінаватых дзяцей.

Успамінаўся такі выпадак. Нас ужо вызвалілі з лагера, і тыя, хто мог ісці, перайшлі ў суседнюю вёску, дакладней, у тое, што ад яе засталося. Мясцовых жыхароў там не было, іх гітлераўцы кудысьці вывезлі. Дамы былі разрабаваныя. Мы часова размясціліся ў хаце, дзе не было ні вокнаў ні дзвярэй, але была падлога, на якой можна было спаць, і дах над галавой. А гэта ж не сырая, замёрзлая зямля пад табой, а зверху не сыплецца снег і не шугае вецер. Праўда, у гэтай хаце некалькі чалавек памерлі, іх не было каму хаваць, і іх целы проста выцягнулі за парог хаты, каб не заміналі.
Сярод нас быў хлапчук гадоў дванаццаці, адзін, без сям’і. Ён мала рухаўся, увесь час ляжаў у сваім кутку. Але аднойчы ён сказаў, што яго вёска адсюль блізка, усяго некалькі кіламетраў. Мяне вельмі здзівіла, чаму ж ён не ідзе дадому. Там жа жывуць знаёмыя яму людзі, магчыма, і сваякі. Гэта я не мог дабірацца да роднай вёскі, бо наша тэрыторыя яшчэ не была вызвалена ад нямецкіх захопнікаў, ды і адлегласць да яе — дзесяткі кіламетраў. Я і выказаў гэтую думку. Ён падняўся на ногі, зрабіў некалькі крокаў з вялікай цяжкасцю, і заплакаў. Ісці ён проста не мог, былі адмарожаны ногі. Лагер зрабіў яго інвалідам на ўсё жыццё.
Падлеткаў з адмарожанымі нагамі было нямала. Інвалідам у свае 11 гадоў стаў мой сусед. Адмарозіла ногі ў лагеры аднакласніца маёй малодшай сястры. Лагер не забраў ад іх жыцця, ён яго пакалечыў.
А вось з сям’і маіх сваякоў з траіх дзяцей з лагера выйшаў толькі адзін, старэйшы і малодшы браты загінулі і пахаваны ў брацкай магіле.
Успомніўся яшчэ адзін выпадак. Па дарозе з лагера ў адной вёсцы каля хаты на веснавым сакавіцкім сонейку на коўдры ляжаў хлапчук гадоў трох. Ён амаль не падаваў прыкмет жыцця. Каля яго ляжаў кавалачак хлеба, але хлопчык яго не браў, напэўна, не было сіл працягнуць руку. Падыйшла наша аўтамашына, на якую забіралі тых, хто не мог рухацца. Сталі забіраць і яго. Раптам падбег хлапчук: “Гэта мой брат. Маці згінула ў лагеры”. Абодвух хлапчукоў павезла аўтамашына…
З часу існавання лагера прайшлі дзесяткі гадоў. Колькі разоў у мяне ўзнікала пытанне аб прычынах яго стварэння на нашай зямлі. Няўжо так патрэбны былі фашыстам гібель дзяцей, жанчын, старых? Так. Гэта пацвярджаюць і знойдзеныя фашысцкія дакументы. Гэта была спланаваная ваенная аперацыя, мэта якой — затрымаць наступленне нашых войскаў. Фашысты меркавалі, што затрымаюць савецкіх салдатаў нашы людзі, заразіўшы іх сыпным тыфам.
Але гэтага не атрымалася дзякуючы прадбачлівасці камандавання Чырвонай Арміі. Наша армія вызваляла сваю зямлю, свой народ. Такая армія не магла не перамагчы!
Пётр САЧЫЎКА,
былы малалетні вязень Азарыцкага лагера смерці.

 

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.