Жывуць традыцыі герояў

Свята, якое ўвасабляе непарыўную сувязь пакаленняў і пераемнасць нашага гераічнага мінулага і сённяшняга дня. У кожнай нашай сям’і жыве памяць аб тых, хто змагаўся за Айчыну, хто загінуў на полі бою, да канца выканаўшы абавязак воіна і грамадзяніна.

Камандаванне і калектыў раённага ваеннага камісарыята віншуюць усіх ветэранаў і афіцэраў нашага раёна з Днём абаронцаў Айчыны і Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь і жадаюць моцнага здароўя, поспехаў, шчасця, дабрабыту, міру і дабра.


У гэты дзень варта яшчэ раз нагадаць гісторыю ўзнікнення свята.
Яшчэ да Кастрычніцкай рэвалюцыі на ўсёй тэрыторыі былой Расійскай імперыі перад новай уладай паўстала задача стварэння новай арміі, таму што старая перажывала востры крызіс і імкліва губляла баяздольнасць. Апорай рэвалюцыі была Чырвоная гвардыя, буйныя атрады якой існавалі ў многіх гарадах, у тым ліку ў Мінску, Гомелі, Магілёве, Віцебску, Оршы, практычна ва ўсіх уездных цэнтрах Беларусі.
7 лістапада 1917 года з ліку рэвалюцыйна настроеных салдат быў сфарміраваны 1-ы Рэвалюцыйны полк імя Мінскага Савета. Беларускія чырвонагвардзейцы прымалі актыўны ўдзел у рэвалюцыйных падзеях у Петраградзе ў кастрычніку 1917 года, баях супраць украінскай Цэнтральнай рады і падаўленні мяцяжу польскага корпуса генерала Юзэфа Доўбар-Мусніцкага на тэрыторыі Беларусі.
У пачатку 1918 года Чырвоная гвардыя ў Беларусі налічвала больш 20 тысяч чалавек. Яе атрады сталі асновай для фарміравання рэгулярнай Чырвонай Арміі.
28 студзеня Савет Народных Камісараў прыняў Дэкрэт аб арганізацыі Рабоча-Сялянскай Чырвонай Арміі, 11 лютага — аб арганізацыі Рабоча-Сялянскага Чырвонага Флоту.
18 лютага, скарыстаўшыся ваеннай слабасцю Савецкай Рэспублікі, германскія і аўстра-венгерскія войскі перайшлі ў наступленне на шырокім фронце ад Балтыкі да Карпат. Ламаючы супраціўленне разрозненых часцей старой арміі, яны пачалі хутка рухацца ў напрамку Петраграда, у глыб тэрыторыі Беларусі і Украіны. Сітуацыя ўскладнялася тым, што ў Беларусі нямецкае наступленне было падтрымана часцямі мяцежнага польскага корпуса Юзэфа Доўбар-Мусніцкага, якія наносілі савецкім часцям удар у спіну.
21 лютага быў апублікаваны Дэкрэт Савецкага ўрада “Сацыялістычная Айчына ў небяспецы!”, які заклікаў працоўных выступіць на абарону заваяванай свабоды. Выканкам Петраградскага Савета аб’явіў 23 лютага Днём абароны сацыялістычнай Айчыны. Паўсюдна пачаўся масавы запіс добраахвотнікаў у рады Чырвонай Арміі.
21 і 23 лютага пад Псковам і Нарвай, на іншых участках фронта часці Чырвонай Арміі ўступілі ў бой з германскімі войскамі, перакрываючы ім шлях на Петраград. Гэтыя баі сталі баявым хрышчэннем маладой арміі. На тэрыторыі Беларусі 23 лютага чырвонагвардзейскія часці вялі жорсткія баі з немцамі ў раёне Талачына. Упартае супраціўленне кайзераўскія інтэрвенты сустрэлі на падыходах да Полацка, Барысава, Оршы, Магілёва, Гомеля, Калінкавіч.
У азнаменаванне мужнага адпору ворагу з боку першых атрадаў Чырвонай Арміі, масавага ўздыму працоўных, якія выступілі на абарону сваёй Айчыны, дзень 23 лютага, пачынаючы з 1919 года стаў адзначацца як Дзень Савецкай Арміі і Ваенна-Марскога флоту.
28 лістапада загадам Рэвалюцыйнага Ваеннага савета рэспублікі № 297 была ўтворана Мінская ваенная акруга. Гэта дата лічыцца днём нараджэння Беларускай ваеннай акругі. Тэрыторыя Мінскай, а з 14 снежня 1918 года — Заходняй ваеннай акругі займала тады Мінскую, Смаленскую, Віцебскую, Магілёўскую і Віленскую губерніі.
Узброеныя Сілы Рэспублікі Беларусь, якія з’яўляюцца правапераемнікам Чырванасцяжнай Беларускай ваеннай акругі, сталі прадаўжальнікамі лепшых баявых традыцый гераічных пакаленняў абаронцаў Айчыны.

Сяргей БУРАК, намеснік ваеннага камісара раёна, маёр.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.