Будзьце заўжды прыгожымі, каханымі, шчаслівымі

Напярэдадні Дня жанчын журналіст сустрэўся са старшынёй   раённай арганізацыі ГА “Беларускі саюз жанчын”, начальнікам  упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама  І. А. БОГУШ. Размова пайшла аб ролі жанчыны ў сучасным грамадстве.
— Іна Аляксандраўна, 8 Сакавіка гэта яшчэ і дзень, калі жанчыны падсумоўваюць вынікі сваёй грамадскай дзейнасці. Якія напрамкі работы раённага савета жанчын можна акрэсліць як прыярытэтныя?
— З дзяцінства мы ўбіралі ў сябе словы, што “быць жанчынаю — гучыць годна”. Але разам з годнасцю ідуць абавязкі, якія вынікаюць з прыналежнасці да полу. І сёння ў большасці жанчына адданая сваёй сям’і, дзецям. Бо найважнейшая справа жыцця — сям’я і яе дабрабыт. Прыемна, што ў нашым раёне шмат сумленных працаўніц і такіх добрых маці, а раённая арганізацыя налічвае больш ста жанчын, якія актыўна займаюцца грамадскай працай. Аб вялікай ролі жанчыны ў беларускім грамадстве і ацэнцы іх укладу ў духоўна-маральнае адраджэнне народа сведчыць і той клопат, які праяўляе дзяржава, мясцовая ўлада аб жанчынах-маці, па іх сацыяльнай абароне. На Гродзеншчыне праводзіцца абласны конкурс “Гаспадыня сядзібы – гаспадыня краіны”, а таксама  штогадовы рэспубліканскі конкурс “Жанчына года”. Ёсць прапановы ўвесці ў жыццё такое цёплае і ціхае свята, як Дзень жанчын-міраносіц. Такая ініцыятыва зыходзіла ад старшыні ГА “Беларускі саюз жанчын” Надзеі Ермаковай. А яшчэ 15 кастрычніка адзначаецца свята — Сусветны дзень сельскіх жанчын – было прынята на 4-й Жаночай канферэнцыі ААН, якая адбылася ў Пекіне ў 1995 годзе.
Улічваючы, што жанчыны найбольш схільныя клапаціцца аб сацыяльных пытаннях, сваю работу праводзім у гэтых напрамках: удзельнічаем у абследаванні ўмоў жыцця мнагадзетных сем’яў, адзінокіх састарэлых грамадзян, ветэранаў і інвалідаў Вялікай Айчыннай вайны, салдацкіх удоў. Шэраг акцый, конкурсаў і мерапрыемстваў ладзім сумесна з райвыканкамам, аддзелам па справах моладзі раённай арганізацыяй РГА “Белая Русь”, установамі аховы здароўя, аддзелам адукацыі, райкамам ГА “Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі”, раённай арганізацыяй РГА “Белая Русь”, аддзелам ЗАГСа і шэрагам іншых арганізацый і устаноў раёна. Мы актыўна ўдзельнічаем у рэалізацыі праектаў па арганізацыі барацьбы з курэннем непаўналетніх, са СНІДам, п’янствам і наркаманіяй, займаемся прапагандай здаровага ладу жыцця. Мая работа і накірунак грамадскай дзейнасці вельмі цесна ўзаемазвязаны. Таму стараемся даходзіць да кожнага чалавека, які мае ў гэтым патрэбу. Традыцыйна праводзім шэраг мерапрыемстваў у рамках Тыдня Маці. Члены раённага савета жанчын пастаянна ўдзельнічаюць у пасяджэннях раённых клубаў “Малады спецыяліст”, “Маладая сям’я”, для пажылых людзей – “Задушевный разговор”. Цесна супрацоўнічаем з ДУ “Жухавіцкі дом-інтэрнат для састарэлых і інвалідаў”, з Лукскай бальніцай сястрынскага догляду, Мірскай бальніцай (сацыяльныя ложкі), ДУА “Сацыяльна-педагагічны цэнтр Карэліцкага раёна”, з духоўна-аздараўленчым цэнтрам “Падлетак”, які дзейнічае пры Доме пазашкольнай работы. Прыемна, што ніводнае мерапрыемства не застаецца па-за ўвагай журналістаў газеты “Полымя” і раённага радыё, а на старонках газеты пастаянную прапіску знайшлі рубрыкі “З клопатам, увагай, міласэрнасцю да людзей”, “Людзі нашых вёсак”, “У грамадскіх арганізацыях” і іншыя. Наладжаны выпуск спецстаронак “Сучаснік”, “Надзея”. Матэрыялы аб нашай дзейнасці друкуюцца і на старонках газеты “Друг пенсионера”.
— Давайце згадаем апошнія з масавых мерапрыемстваў, якія мелі значны грамадскі рэзананс.
— У абласных конкурсах “Лепшая мнагадзетная сям’я” ўдзельнічала сям’я Мурашка з Малюшыч, а сям’я Санчук з райцэнтра ў конкурсе “Лепшая творчая сям’я”. У абласным конкурсе “Жанчына года” прымала ўдзел начальнік упраўлення адукацыі райвыканкама І. В. Асташэвіч і выйшла ў фінал у намінацыі “За лідэрства і паспяховае кіраўніцтва”. У гэтыя дні наш раён на сустрэчы старшыні Гродзенскага аблвыканкама С. Б. Шапіры з жанчынамі вобласці будзе прадстаўляць дырэктар унітарнага камунальнага прадпрыемства бытавога абслугоўвання насельніцтва Л. К. Пулко. Сумесна з аддзелам культуры ў раённым музеі ствараецца пакой-музей “Жанчыны-маці Карэліцкага раёна”. Лічу, што такі аповед аб слаўных жанчынах Карэліччыны дазволіць увекавечыць і прапагандаваць сярод моладзі ролю жанчыны. Хочацца расказаць, што жанчына-берагіня здольна зберагаць Чалавека, Жыццё і Слова. Паспрабуем паказаць як жа жанчына-маці рэалізуе сябе ў традыцыйнай беларускай культуры. Бо моладзь, маладыя жанчыны мала цікавяцца фальклорам і абрадамі беларусаў, калі становяцца сталейшымі, адбываецца як бы далучэнне да традыцыйнай беларускай культуры.
Праз абласную арганізацыю “Беларускага саюза жанчын” фотаздымкі з біяграфіямі 12 жанчын Карэліччыны, а найперш Герояў Сацыялістычнай Працы і лаўрэатаў Дзяржаўных прэмій, стараемся ўключыць у энцыклапедыю “Кто есть Кто в Республике Беларусь. Женщины Беларуси».
— Іна Аляксандраўна, але такая грамадская работа знайшла пэўны водгук і з боку нашых гарадоў-пабрацімаў?
— І сапраўды. Восенню мінулага года ў рамках умацавання пабрацімскіх сувязей паміж Красногорскім аддзяленнем Маскоўскай абласной грамадскай арганізацыі “Саюз жанчын Падмаскоўя” і раённым саветам жанчын ГА “Беларускі саюз жанчын” падпісана пагадненне аб супрацоўніцтве ў ажыццяўленні мерапрыемстваў па вырашэнню сацыяльных, грамадзянска-патрыятычных, духоўных, спартыўна-аздараўленчых задач, накіраваных на паляпшэнне становішча жанчын, сям’і, дзяцей і ветэранаў. Добра, што мы займелі такіх сяброў, бо ў расіян ёсць пэўны вопыт у пытаннях сацыяльнай палітыкі, работы інстытута сям’і, жанчын, а аб узаемадзеянні і аб тым, як разам адпачывае моладзь Карэліччыны і Краснагорска, мы добра ведаем.
— Улічваючы, што гутарка вядзецца напярэдадні Дня жанчын, вашы віншаванні.
— Дарагія жанчыны! Прыміце шчырыя віншаванні са Святам Вясны! Здароўя вам і вашым сем’ям, каб панаваў дабрабыт і шчасце, каб у дзяцей ўсё было добра і ў сям’і, каб хваробы абміналі дом. Будзьце заўжды прыгожымі, каханымі і шчаслівымі.
Гутарку вёў Пётр ЖЭБРАК.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.