Гучалі песні ў гонар працаўнікоў

У РДК адбыўся раённы злёт перадавікоў народнай гаспадаркі. На ім прысутнічалі пераможцы спаборніцтва працоўных калектываў, а найбольш прадстаўнічымі былі работнікі сельскай гаспадаркі, рукамі якіх здабываюцца хлеб, прадукты жывёлагадоўлі.



Багаты асартымент кандытарскіх, малочных і мясных вырабаў прадставілі на выставах-продажах, арганізаваных райспажыўтаварыствам, ААТ “Навагрудскі масларобчы камбінат” і ААТ “Слонімскі мясакамбінат”. Перапрацоўчыя прадпрыемствы наладзілі  дэгустацыю сваёй прадукцыі.
11 гадзін. Месца дзеяння пераносіцца ў глядзельную залу. Гучыць гімн Рэспублікі Беларусь, і раённы злёт перадавікоў аб’яўляецца адкрытым. На сцэну запрашаецца старшыня раённага выканаўчага камітэта В. Л. Шайбак.
— Паважаныя ветэраны, перадавікі, госці і запрошаныя, — гаварыў ён. — Я задаволены, што гэта цудоўнае свята адбываецца на маёй малой радзіме, што разам з вамі мне пашчасціла займацца стваральнай працай на карысць раёна.
Я вельмі ўдзячны ветэранам-кіраўнікам, якія разам з працаўнікамі старэйшага пакалення заклалі трывалы падмурак сучаснай эканомікі раёна, развівалі сацыяльную сферу, плённа працавалі ў органах мясцовага кіравання і самакіравання.
Хочацца выказаць словы ўдзячнасці былому старшыні раённага Савета дэпутатаў Л. І. Нагорнай, цудоўнай творчай жанчыне, выдатнаму педагогу, клапатлівай маці Г. П. Калтуновай, былым кіраўнікам калгасаў: “Маяк” С. В. Лычкоўскаму, “Ленінскі шлях” І. М. Паўловічу, імя Царука В. В. Бар’яшу, імя Калініна А. А. Зантовічу, РУП ЖКГ — А. І. Анісімаву, аддзела адукацыі райвыканкама В. В. Шэўку, старшыні калгаса “Чырвоны партызан” У. Б. Балабановічу, М. П. Раманюку, які ўзначальваў сельгасхімію, былым кіраўнікам: ДРБУ-158                     У. К. Бабанскаму, А. А. Багушэвічу, які ўзначальваў упраўленне сельскай гаспадаркі і харчавання райвыканкама, кіраўніку спраў райвыканкама Л. І. Угрыной, дырэктару Варанчанскага спіртзавода В. У. Кітуну, старшыні райспажыўтаварыства М. В. Русецкаму і іншым ветэранам.
Я ўдзячны нашаму госцю, дэпутату Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь П. П. Богушу, які больш 23 гадоў узначальваў “Племзавод “Карэлічы”, а таксама дэлегацыям суседніх раёнаў, якія прыехалі раздзяліць нашу ўрачыстасць, парадавацца поспехам і дасягненням, рабочым і членам сельгаскааператываў, работнікам сацыяльнай сферы.
Вялікага вам чалавечага шчасця, здароўя і поспехаў ва ўсім. Няхай кожнае свята, якое мы будзем адзначаць, будзе і вашым святам. А вашы мудрыя парады і прапановы ідуць на карысць раёна.
Нізкі паклон вам!
Віктар Леанідавіч павіншаваў з днём нараджэння кіраўніка СВК “Лукі-Агра” М. А. Гавіну і адзначыў:
— Мне давялося прысутнічаць на справаздачным сходзе, на якім Мікалай Аляксандравіч са сваімі спецыялістамі падводзіў вынікі работы за 2010 год і мінулую пяцігодку ў цэлым. Зала была перапоўнена людзьмі, якія аддалі лепшыя гады свайго жыцця росквіту роднай гаспадаркі. Атмасфера была цёплая, добразычлівая, а на тварах ветэранаў, сённяшніх працаўнікоў прысутнічала лагодная ўсмешка. Мне гэта запомніцца надоўга. А камфорт, які вы, Мікалай Аляксандравіч, ствараеце са сваёй камандай, людзі адчуваюць і цэняць.
Жадаю вам моцнага здароўя, сямейнага шчасця, поспехаў ва ўсіх справах.
Так трымаць!
У адказ М. А. Гавіна запэўніў: “Служыў, служу і буду служыць на карысць Карэліцкага раёна”.
Віктар Леанідавіч падкрэсліў, што такія мерапрыемствы не чарговая скупая справаздача, а зацікаўленая гутарка на злабадзённыя тэмы з улікам думкі кожнага чалавека, які хоча падзяліцца сваімі меркаваннямі з уладай, з улікам вопыту ветэранаў, наватараў вытворчасці, спецыялістаў. А ў якасці прыкладу прывёў тэлефонны званок старшыні райвыканкама былога начальніка раённага вузла электрычнай сувязі М. М. Троскі, які вельмі многа зрабіў у развіцці гэтай галіны ў нашым раёне і дзякаваў яму за ўвагу да ветэранаў.
— Цёплыя, бацькоўскія словы ветэрана сувязі, — гаварыў В. Л. Шайбак, — натхняюць на творчую працу, на развіццё ініцыятывы, надаюць энергіі і жадання яшчэ больш настойліва дабівацца намечанай мэты дзеля дабрабыту жыхароў раёна.
Дзякуй вам, ветэраны, за добрыя словы нам, упраўленцам, за вашы парады, прапановы і давер. Гэта мы лічым авансам для нашай далейшай дзейнасці.
Прамоўца спыніўся на асноўных паказчыках, дасягнутых працаўнікамі сельскай гаспадаркі ў мінулым годзе.
У аграпрамысловым комплексе раёна летась атрымана прадукцыі на 145 мільярдаў рублёў. Гэта нямала, калі ўлічваць, што ў сельскай гаспадарцы працуюць 4 тысячы чалавек, якія забяспечылі дзве дабаўленыя вартасці. У рэспубліцы наш раён займае 11-е месца па сярэднясутачных прывагах буйной рагатай жывёлы, 23-е — па вытворчасці малака (5150 кг), 24-е — па прывагах свіней, па вытворчасці ялавічыны жывёлагадоўчым комплексам “Пясочная” СВК “Жухавічы”.
Мы перасягнулі планку ўраджайнасці бульбы ў 300 ц з гектара, атрымалі 571 ц з гектара сіласнай масы кукурузы, што з’яўляецца лепшым паказчыкам у вобласці. І не мелі за апошнія гады ўраджайнасці зерневых ніжэй 46 ц з гектара. Летась атрымана 82 тысячы тон збожжа  і 11 тыс. тон кукурузы на зерне. За ўсім гэтым — напружаная праца работнікаў аграпрамысловага комплексу. Сёння хочацца падзякаваць кіраўніку СВК “Маяк-Заполле” І. М. Шышу, спецыялістам за стабільна высокія ўраджаі зерневых, якія навучыліся вырошчваць па 600 ц з гектара цукровых буракоў і па 11 цэнтнераў ільновалакна. А яшчэ хачу падзякаваць старшыні СВК “Лукі-Агра” М. А. Гавіне, СВК “Жухавічы” — Д. Д. Янкоўскаму, маладым кіраўнікам, якія сёння сталі на гэты нялёгкі шлях.
Нам неабходна асвоіць на рэканструкцыі і мадэрнізацыі нашай жывёлагадоўлі 200 млрд руб.
Будзе прадоўжана рэканструкцыя “Птушкафабрыкі “Чырвонаармейская”, пабудавана малочнатаварная ферма “Райца” ў СВК “Свіцязянка-2003”, МТФ “Далматаўшчына” ў СВК “Лукі-Агра” і ферма ў СВК “Цырын-Агра”. Праектна-каштарысная дакументацыя распрацоўваецца.
Працягваецца ўзвядзенне свінагадоўчага комплексу ў СВК імя Чарняхоўскага, а ў СВК “Лукі-Агра” і “Маяк-Заполле” гэта работа будзе праведзена ў 2012-2013 гадах.
Важнае значэнне надаецца якасці прадукцыі жывёлагадоўлі. Сёння атрымліваем 65 % малака вышэйшага гатунку і 15 % гатунку экстра.
Наш аграрны раён адчувае падтрымку дзяржавы ў выглядзе інвестыцый. І задачы, якія пастаўлены абласным выканаўчым камітэтам, — пераўзысці рубяжы Несвіжскага раёна, будуць выкананы. У нас усё для гэтага ёсць, а ў першую чаргу, працавітыя рукі нашых сялян.
Што датычыць прамысловасці, то за апошнюю пяцігодку мы павялічылі аб’ём вытворчасці на 60 %, а за мінулы год больш чым на 130 працэнтаў. Віктар Леанідавіч гаворыць аб развіцці прамысловасці ў 2011 г.
Старанна працуюць МПМК-152 і ААТ “РБП-12”. У раёне дзёйнічаюць дзве прыватныя будаўнічыя арганізацыі, якімі асвоена больш больш 5 мільярдаў рублёў. Гэта нашы людзі, якія працуюць на раён і атрымліваюць дастойную зрплату.
Летась ў раёне не было стратных прадпрыемстваў. І тэмпы, набраныя прамысловасцю, АПК і будаўнічымі арганізацыямі, мы захаваем і прымножым.
Добрых слоў заслугоўваюць кіраўнікі абслугоўваючых арганізацый, нашых банкаў, якія забяспечваюць фінансавую падтрымку прадпрыемстваў, гаспадарак і арганізацый раёна.
Кіраўнік раённай “вертыкалі” з удзячнасцю гаворыць аб развіцці і поспехах сацыяльнай сферы: адукацыі, медыцыны, культуры, называе лепшых з лепшых.
У заключэнне сваёй прамовы В. Л. Шайбак прывёў словы Францыска Скарыны: “…Як ад нараджэння звяры, што ходзяць у пустыні, ведаюць ямы свае; птушкі, што лятаюць у паветры, ведаюць гнёзды свае; рыбы, што плаваюць у моры і рэках, чуюць віры свае; пчолы і тым падобныя бароняць вуллі свае, — так і людзі, дзе нарадзіліся і ўскормлены, да таго месца вялікую ласку маюць”.
— Удумайцеся ў гэтыя словы, — гаварыў ён. — Я нарадзіўся і ўскормлены разам з вамі на гэтай зямлі, і асаблівую ласку маю да вас, паважаныя сябры, дароагія ветэраны, шаноўныя госці. Мне вельмі прыемна працаваць разам з вамі і я зраблю ўсё для таго каб наш Карэліцкі край станавіўся прыгажэйшы і багацейшы, а людзі жылі заможна і адчувалі сябе камфортна, былі духоўна багатымі і маральна ўстойлівымі.
Дзякуй усім за добрасумленную працу на карысць нашага раёна.
*   *   *
Для ўручэння ўзнагарод пераможцам раённага спаборніцтва за дасягненне высокіх паказчыкаў у сацыяльна-эканамічным развіцці сярод гаспадарак, прадпрыемстваў і арганізацый раёна на сцэну запрашаюцца старшыня райвыканкама В. Л. Шайбак і старшыня раённага Савета дэпутатаў А. В. Шкадаў. Ганаровыя пераходныя сцягі раённага выканаўчага камітэта ўручаюцца калектыву СВК “Свіцязянка-2003” і ААТ “Карэлічы-Лён”. Прымалі ўзнагароды кіраўнікі прадпрыемстваў У. А. Галавач і С. К. Лейка, якім старшыня райвыканкама шчыра дзякаваў за работу, за іх асабісты ўклад у агульны поспех і за клопат аб людзях.
Красненскі сельвыканкам, узнагароджваецца Ганаровым пераходным сцягам і грашовай прэміяй, Райцаўскі і Луцкі сельвыканкамы за другое і трэцяе месцы, удастоены Дыпломаў райвыканкама і грашовых прэмій.
Адметную дэталь падкрэсліў у сувязі з гэтым В. Л. Шайбак, які сказаў, што там, дзе мясцовая ўлада працуе сумесна з кіраўніком гаспадаркі, справы ладзяцца і ў вытворчасці і ў навядзенні парадку на падведамаснай тэрыторыі. Там наладжана сістэмная работа.
За значны ўклад у развіццё народнай гаспадаркі раёна ў 2010 годзе 16 партрэтаў лепшых працаўнікоў занесены на раённую Дошку Гонару. Адпаведныя пасведчанні ім уручыў кіраўнік раённай “вертыкалі” і кожнаму знайшоў цёплае, шчырае слова падзякі.
Ганаровымі граматамі раённага выканаўчага камітэта за шматгадовую добрасумленную працу і дасягненне высокіх вытворчых паказчыкаў узнагароджаны 8 працаўнікоў: сярод іх медыцынская сястра, настаўнікі, машыніст бульдозера, слесар-рамонтнік, аператар машыннага даення кароў, фармацэўт-рэцэптар, жывёлавод.
Падзячных пісьмаў старшыні раённага выканаўчага камітэта ўдастоены прадавец, вадзіцель, трактарыст, майстар, служачы, электраманцёр.
На сцэну запрашаюцца дэлегацыі суседніх раёнаў: Стаўбцоўскага і Нясвіжскага Мінскай і Навагрудскага  — Гродзенскай вобласцей.
Першай віншавала перадавікоў Карэліччыны намеснік старшыні Нясвіжскага райвыканкама Л. В. Мядзведзева, якая станоўча ацаніла імкненне карэліччан пераўзысці Нясвіжскіх хлебаробаў па ўсіх паказчыках. “Гэта падштурхоўвае і нас, дадала яна, хутчэй рухацца наперад. А ў цэлым у нас адна задача — забяспечыць заможнае жыццё працаўнікам раёнаў і дастойную будучыню нашым дзецям. Нам дзяліць няма чаго. У нас адна зямля, адно неба і над намі адзін Бог. Дык няхай ваш раён развіваецца дынамічна, а людзі не ведаюць нягод. Няхай вам спадарожнічаюць шчасце і ўдача”.
Да шчырых пажаданняў далучыліся кіраўнікі дэлегацый Стаўбцоўскага і Навагрудскага раёнаў.
Выступаючы са словам у адказ, Віктар Леанідавіч адзначыў, што Карэліцкі раён прадае больш 150 тысяч тон цукровых буракоў Нясвіжскаму раёну для перапрацоўкі на Гарадзейскім цукровым заводзе, які з’яўляецца валаўтвараючым прадпрыемствам. І аб’ёмаў вырошчвання караняплодаў не думаем змяншаць. А яшчэ мы адпраўляем каля 150 тысяч тон малака Навагрудскаму масларобчаму камбінату (валаўтвараючае прадпрыемства суседняга раёна). І пастаўкі ўжо сёлета павялічваем, а гэта дадатковыя фінансавыя сродкі. Так што дружба ў нас узаемавыгадная, а дружба — гэта вялікая сіла.
Пераходныя прызы імя Герояў Сацыялістычнай Працы і грашовыя прэміі пераможцам спаборніцтва ў галінах АПК уручыў першы намеснік старшыні райвыканкама, начальнік упраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання райвыканкама С. В. Барычэўскі.
Пераможцам раённага конкурсу “Лепшы падаткаплацельшчык” узнагароды ўручыў начальнік фінансавага аддзела райвыканкама І. І. Дарашэнка.
Канцэртную праграму ўдзельнікам злёту прадставілі мясцовыя калектывы мастацкай самадзейнасці.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.