Шчасце маці залежыць ад дзяцей

Напярэдадні свята 8 Сакавіка яшчэ і яшчэ раз хочацца дастукацца да сэрцаў тых, чые матулі жывыя і здаровыя: памятайце — шчасце маці залежыць ад вас, дзяцей. Грамадзянін, воін, мужны чалавек пачынаецца з адданай, бескарыснай і шчодрай любові да матулі. Сапраўдны чалавек, на маю думку, — той, якому патрэбна мама не тады, калі яму, сыну ці дачцы, цяжка, а ў любое імгненне жыцця. Сапраўды, чалавек штохвілінна памятае, што берагчы матулю — значыць клапаціцца аб чысціні вытоку, з якога ты піў з першага свайго дыхання і будзеш піць да апошняга імгнення свайго жыцця: ты жывеш чалавекам і глядзіш у вочы іншых людзей. Як чалавек, ты назаўжды застаешся сынам ці дачкой сваёй маці.
Адназначна лічу, што сёння неабходна ўмацаванне культу жанчыны-маці ў духоўным жыцці дзяцей у імя заўтрашняй матулінай шчаслівай старасці, у імя паляпшэння маральнага здароўя нацыі. Вось чаму і хачу нагадаць дарослым і дзецям казку аб Гусыні.

У гарачы вясенні дзень вывела Гусыня сваіх маленькіх жоўценькіх гусянятак на прагулку. Яна ўпершыню паказвала дзеткам вялікі свет. Ён быў яркім, зялёным, радасным. Гусыня пачала вучыць дзетак шчыпаць пяшчотныя сцяблінкі маладой траўкі. Яны былі салодкія, сонейка цёплае і ласкавае, трава мяккая, свет утульны, добры, і гусяняты адчувалі неймавернае шчасце.


Яны забыліся пра матулю і рассыпаліся па вялікім зялёным лузе. Калі жыццё шчаслівае, маці часта аказваецца забытай. Трывожным голасам Гусыня стала склікаць дзяцей, таму што насоўваліся цёмныя хмары, і на зямлю ўпалі першыя буйныя кроплі дажджу. Толькі тады гусяняткі ўспомнілі пра маці, і кожнаму з іх яна стала раптам патрэбнай, ой, якой патрэбнай: яны паднялі маленькія галоўкі і пабеглі да яе.
А тым часам з неба пасыпаўся град. Гусяняты ледзьве паспелі прыбегчы да матулі, яна падняла крылы і прыкрыла імі сваіх дзетак. Пад крыламі было цёпла і ўтульна. Ім нават стала весела: за мацярынскімі крыламі выў вецер, даносіўся стук градзін, а яны — у цяпле і ў бяспецы! Немаўляткам і ў галаву не прыходзіла, што крыло мае два бакі: у сярэдзіне было хораша і ўтульна, а звонку — холадна і небяспечна.
Потым усё сціхла. Гусянятам хацелася хутчэй на зялёны луг, але маці не паднімала крылляў. Маленькія дзеці Гусыні патрабавальна запішчалі: “Выпускай нас, мама”. Так, яны не прасілі, а патрабавалі. Маці ціхенька ўзняла крылы. Гусяняты выбеглі на траву. Яны бачылі, што ў матулі паранены крылы, вырвана многае пер’е і што яна цяжка дыхала. Але навокал было так хораша, так утульна і ласкава, што ім і ў галаву не прыйшло запытацца: “Мама, што з табою?”. І толькі адно, самае маленькае і слабое гусянятка падышло да Гусыні і спытала: “Чаму ў цябе паранены крылы?”. Яна ціха адказала, нібы саромелася свайго болю: “Усё добра, сынок”. Жоўценькія гусяняткі рассыпаліся па траве, і маці была шчаслівая…
Будзьце харошымі дзецьмі для сваіх матуль. Не забывайцеся: ваша нядобрае слова — драпінка на трапяткой мацярынскай душы. Маці перанясе ўсё: і крыўду, і боль, і гора.
Але ад кожнай драпіны назаўсёды застаецца ранка — памятайце гэта…
Са святам Вас, паважаныя жанчыны-матулі! Сонечнага шчасця Вам усім, павагі і радасці ад дзяцей!

Галіна КАЛТУНОВА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.