Воз праблем пацягнем І ВЫРАШЫМ, калі папрацуем эфектыўна і мэтанакіравана

На пасяджэнні райвыканкама абмеркавана пытанне “Аб ролі грамадскіх фарміраванняў у прафілактыцы злачынстваў і правапарушэнняў у святле патрабаванняў Закона Рэспублікі Беларусь ад 10 лістапада 2008 года “Аб асновах дзейнасці па прафілактыцы правапарушэнняў”.Названым прававым актам вызначаны больш 17 суб’ектаў прафілактыкі правапарушэнняў, іх паўнамоцтвы і прынцыпы дзейнасці.

Да грамадскіх фарміраванняў аднесены грамадзяне краіны, аб’яднаныя ў добраахвотныя дружыны і грамадскія пункты аховы парадку. Для арганізацыі дзейнасці грамадскіх пунктаў ствараюцца іх саветы, асноўная задача якіх — забеспячэнне ўзгодненай дзейнасці органаў тэрытарыяльнага грамадскага самакіравання, калектываў работнікаў арганізацый, добраахвотных дружын і іншых суб’ектаў прафілактыкі па ахове грамадскага парадку і прафілактыкі правапарушэнняў.
Праблемы, звязаныя з п’янствам сярод розных катэгорый насельніцтва, злачынным замахам на жыццё і здароўе грамадзян, а таксама дзяржаўную і прыватную ўласнасць, рэгіструемыя факты парушэння грамадзянамі грамадскага парадку, гібель людзей на пажарах, у ДТЗ і на вытворчасці сведчаць аб тым, што сіламі толькі адных праваахоўных органаў без удзелу і дапамогі ў гэтым зацікаўленай грамадскасці, змагацца з гэтымі негатыўнымі з’явамі вельмі складана.

Адзначалася, што на тэрыторыі раёна створана 31 добраахвотная дружына, 10 — на тэрыторыі сельскіх населеных пунктаў на базе СВК. Зарэгістравана дружына па забеспячэнню бяспекі дарожнага руху аддзялення ДАІ РАУС з 16 чалавек. Яны выходзяць на дзяжурства ў перадвыхадныя і выхадныя дні ў нерабочы час. Актыўнасцю вызначаюцца 7 арганізацый: РЭС, РВЭС, СВК імя Чарняхоўскага і “Жухавічы”, цэх газавай гаспадаркі, ДРБУ-158, УАЗ “Карэліцкая ЦРБ”, а астатнія не ўдзельнічаюць.
Не ва ўсіх арганізацыях, дзе створаны добраахвотныя дружыны, іх дзейнасць адпавядае патрабаванням заканадаўства. Не вырашаны пытанні страхавання членаў дружын, матэрыяльнага забеспячэння за выконваемую работу па ахове грамадскага парадку, навучання дружыннікаў і вядзення дакументацыі. Гэтыя факты негатыўна ўплываюць на арганізацыю і актывізацыю работы па ўдзелу грамадзян у ахове правапарадку і на іх адносіны да выканання грамадзянскага абавязку, звязанага з папярэджаннем злачынстваў і аказаннем дапамогі асобам, пацярпеўшым ад злачынных дзеянняў. У гэтай важнай справе трэба навесці парадак.
Дастойным прыкладам уплыву грамадскасці на стан правапарадку ў раёне з’яўляецца дзейнасць камісіі па справах непаўналетніх і іншых зацікаўленых служб райвыканкама. Яны пастаянна праводзяць мерапрыемствы па агульнай прафілактыцы злачынстваў і правапарушэнняў сярод непаўналетніх (выступленні ў школах, ліцэі, каледжы, рэйды рознай накіраванасці па папярэджанню злачынстваў і правапарушэнняў дадзенай катэгорыяй грамадзян).
З мэтай папярэджання супрацьпраўных паводзін непаўналетніх і ва ўзаемадзеянні з аддзеламі па справах моладзі, адукацыі, камісіяй па справах непаўналетніх райвыканкама, ДУ “Цэнтр сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва” ў раёне праводзяцца агульныя сходы падлеткаў, якія стаяць на ўнутрышкольным уліку, і падлеткаў, якія стаяць на ўліку ў інспекцыі па справах непаўналетніх РАУС; на базе Цэнтра створаны клуб “Заўтра пачынаецца сёння” для работы з “цяжкімі” падлеткамі, непаўналетнімі, якія стаяць на ўліку інспекцыі па справах непаўналетніх; клуб “Сямейная гасціная”; сумесна з райкамам ГА “БРСМ” праведзена акцыя прафілактычнай накіраванасці “Разам за бяспеку і правапарадак!”; на тэрыторыі раёна праведзена акцыя “Няма чым заняцца? Звяртайся да нас” і спецаперацыя “Падлетак”. Праведзены сходы непаўналетніх, якія стаяць на ўліку ў ІСН (ИДН) і ўнутрышкольным уліку, а таксама “куставыя сходы” па сельсаветах, у час якіх перад непаўналетнімі выступілі работнікі розных служб раёна.
Яскравым прыкладам цеснага ўзаемадзеяння і найбольш дзейснай з’яўляецца акцыя “Сям’я без насілля”. У яе рамках кожны чацвер тыдня на пастаяннай аснове ажыццяўляюцца выезды ў нядобранадзейныя сем’і, наведванне сем’яў, з якіх дзеці забраны і змешчаны на дзяржзабеспячэнне, сем’яў, у якіх дзеці былі вернуты ў сувязі з аздараўленнем абстаноўкі, таксама наведваюцца прыёмныя сем’і.
Як адзначалася ўжо, на базе пассельвыканкамаў створаны грамадскія пункты аховы парадку. Штоквартальна на пасяджэннях саветаў гэтых пунктаў разглядаюцца пытанні прафілактыкі злачынстваў і правапарушэнняў з боку жыхароў, аб чым складаюцца адпаведныя пратаколы. Аналіз работы гэтых пунктаў паказаў, што часта пасяджэнні праводзяцца па меры паступлення інфармацыі з міліцыі ці ініцыіруюць такія пасяджэнні супрацоўнікі РАУС.
Гэта гаворыць пра тое, што кіраўнікі грамадскіх пунктаў не вывучаюць стан правапарадку на падведамаснай тэрыторыі, не аналізуюць той ці іншы напрамак прафілактычнай дзейнасці (злоўжыванне грамадзянамі спіртнымі напоямі, захаванасць таварна-матэрыяльных каштоўнасцей юрыдычных асоб, маёмасці ў дамах-дачах, бяспека пажылых людзей і непаўналетніх, насілле ў сям’і). Інфармацыя па выяўленых прычынах здзяйснення правапарушэнняў у зацікаўленыя ведамствы не накіроўваецца. Не ў поўнай меры выкарыстоўваюцца магчымасці старастаў населеных пунктаў. А чаму б не запрасіць на пасяджэнне прадстаўнікоў зацікаўленых ведамстваў, кіраўнікоў райвыканкама, раённага Савета дэпутатаў, прадпрыемстваў, арганізацый, устаноў, дэпутатаў.
Грамадскія пункты аховы парадку таму і не сталі цэнтрамі ўзгодненай дзейнасці органаў тэрытарыяльнага грамадскага самакіравання, дружын, калектываў работнікаў арганізацый, іншых суб’ектаў прафілактыкі праванарушэнняў. А гэта падобна на фармалізм. Што стане дзёйсным рычагом у ахове правапарадку і бяспекі жыхароў? Ці хто стане? Аб гэтым ішла канструктыўная, сур’ёзная размова на сумесным пасяджэнні прэзідыума райсавета дэпутатаў і райвыканкама. Воз праблем трэба цягнуць усім і з высокім пачуццём адказнасці, працаваць эфектыўна і мэтанакіравана.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.