“Зорны паход” праходзіць на Карэліччыне

Наш раён наведалі студэнты і выкладчыкі ўстановы адукацыі “Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт фізічнай культуры”.  Мэта ўдзельнікаў “Зорнага паходу” — вывучэнне гісторыі краю, прапаганда ў маладзёжным асяроддзі здаровага ладу жыцця, а таксама прафарыентацыйная работа.
Мітынг, прысвечаны адкрыццю “Зорнага паходу”, адбыўся ў г. п. Мір каля помніка воінам, якія загінулі за вызваленне Айчыны.

Начальнік аддзела па справах моладзі райвыканкама Н. С. Гоцка вітала гасцей:
— Стала добрай традыцыяй правядзенне “Зорных паходаў” на гасціннай карэліцкай зямлі. Гэта мерапрыемства — унікальная магчымасць для студэнтаў праявіць свае таленты, расказаць аб вучобе ва ўніверсітэце, а школьнікі змогуць пагутарыць са студэнтамі. А яшчэ гэта выдатная традыцыя, якая павінна існаваць, пакуль паступаюць у ВНУ нашай краіны творчыя  і таленавітыя людзі. Не мае значэння, хто ты — будучы трэнер ці настаўнік фізкультуры, матэматык ці філолаг, — галоўнае, каб у сэрцы гарэла жаданне тварыць і змяняць навакольны свет да лепшага, бо ўсё ў нашых руках, трэба толькі захацець.
Звяртаючыся да ўдзельнікаў “Зорнага паходу”, маладзёжны лідар раёна гаварыла, што нашы госці выступяць з канцэртамі ў школах г. п. Карэлічы і г. п. Мір, прымуць  удзел у спартыўных спаборніцтвах, а таксама наведаюць славутыя мясціны Карэліччыны. І пажадана, каб час, які правядуць у раёне, гісторыя якога багата падзеямі мінулых гадоў і сённяшняга дня, быў карысным.
Рады быў вітаць удзельнікаў паходу на старажытнай мірскай зямлі і старшыня мясцовага пасялковага выканкама І. У. Пятрушка, які гаварыў аб супрацоўніцтве ВНУ краіны і нашага раёна, якое для абодвух бакоў служыць толькі на карысць.
Намеснік старшыні ДП “Птушкафабрыка “Чырвонаармейская” па ідэалагічнай рабоце М. В. Язерская пераканана, што ў нас цудоўная моладзь, і добрыя пачынанні мы заўсёды падтрымліваем. Яна запрашала ўдзельнікаў паходу наведаць касцёл Святога Мікалая ў Міры і іншыя славутыя мясціны.
Начальнік аддзела выхаваўчай работы Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта фізічнай культуры, намеснік старшыні Беларускай алімпійскай акадэміі С. А. Васіленка выказала падзяку за цёплы прыём і запрасіла на выступленне майстроў спорту  — удзельнікаў паходу.
У прамове намесніка дырэктара турыстычнага цэнтра Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта фізічнай культуры А. М. Анісіма прагучала надзея на тое, што традыцыя “Зорных паходаў” будзе прадаўжацца, а выпускнікоў школ нашага раёна рады будуць  бачыць ва ўніверсітэце.
Слова прадастаўляецца ветэрану Вялікай Айчыннай вайны У. Д. Бую. Уладзімір Данілавіч прывітаў ад імя ветэранаў удзельнікаў паходу і адзначыў, што дадзеная акцыя выхоўвае патрыятызм і любоў да Радзімы, пажадаў ім поспехаў у гэтай важнай справе.

Удзельнікі мітынгу ўсклалі вянкі і кветкі да помніка воінам, якія загінулі ў гады вайны.І сфатаграваліся на памяць.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.