Дарогі ліквідатара Віктара Крапіўніцкага

Знаёмцеся: Віктар Канстанцінавіч Крапіўніцкі. Нарадзіўся і вырас у вёсцы Лукі ў шматдзетнай сям’і. Шафёрская справа — яго прызванне, і не злічыць тыя кіламетры, якія ён “накруціў” за сваё свядомае жыццё. З 1981 года, калі звольніўся ў запас з тэрміновай службы, працуе вадзіцелем у СВК “Лукі-Агра”. І ўвесь час на малакавозе.
— Справа гэта адказная. Я штодзённа павінен сабраць з чатырох ферм малако і своечасова даставіць яго на перапрацоўку. І тут асабліва важна, каб тэхніка не падводзіла, — заўважае суразмоўца.


Віктар Канстанцінавіч — удзельнік ліквідацыі наступстваў аварыі на Чарнобыльскай АЭС. З мая па кастрычнік 1987 года сяржант запаса знаходзіўся ў зоне забруджвання (г. п. Касцюковічы). Як і іншыя, ён выконваў справу, якую даручалі аўтамабілісту: вывозіў грунт, удзельнічаў у будаўніцтве дарог. Разам з ім было шмат хлопцаў з Карэліцкага раёна, а таксама землякоў. Сумесную службу нёс з Мікалаем Леанідавічам Крапіўніцкім з Вышкава, Віктарам Мікалаевічам Забенькам і Сяргеем Анатольевічам Булдыком з Лук. Апошні працуе экскаватаршчыкам у гаспадарцы.
— Калі б мне зноў прыйшлося выбіраць жыццёвую дарогу, — працягвае гаворку Віктар, — я без разважанняў выбраў бы гэту самую, па якой пайшоў спачатку.
У гэтыя дні ён завяршае падрыхтоўку свайго МАЗа да тэхагляду. Машыну адладзіў як належыць, і яна выглядае быццам новая. Наперадзе ў яго многія кіламетры дарог.
Міхаіл Парфёнка,намеснік старшыні СВК “Лукі-Агра” па ідэалагічнай рабоце.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.