Каб важкім быў колас

У першай тройцы сельгаскааператываў Карэліччыны, якія пачалі сяўбу ранніх яравых культур, і СВК “Жухавічы”. У мінулым годзе тут атрыманы высокі ўраджай каласавых. Асобныя ўчасткі ячменю далі па 65 ц/га.
Цёплае надвор’е, якое ўсталявалася ў пачатку красавіка, максімальна стараліся выкарыстаць усе, хто закладвае ў гэтыя дні аснову будучага ўраджаю. 4 красавіка літаральна напрыканцы рабочага дня журналісты газеты наведалі трэці вытворчы ўчастак СВК “Жухавічы”. Уся тэхніка ў полі, на ўскрайку — машына для запраўкі пасяўных агрэгатаў. У разгары — сяўба ранніх яравых культур.


—    Сёння на маім участку першы дзень сяўбы, але ўжо не першы тыдзень працуем у полі, — расказвае ўпраўляючы Генадзь Сцяпанавіч Каласоўскі. — Падкармілі шматгадовыя травы, унеслі арганічныя і мінеральныя ўгнаенні на плошчы больш 3000 га. Зараз на ўчастку, які займае больш ста гектараў, сеем авёс і піваварны ячмень. Плануем гэты палетак засеяць за два дні.
Глеба паспела, і вельмі важна не ўпусціць аптымальныя тэрміны сяўбы. Вось і шчыруе тут шэсць адзінак тэхнікі. Трактары, што працуюць у полі як на культывацыі глебы, так і на сяўбе, дааснашчаны спаранымі коламі. Сяўбу яравых даручылі правераным механізатарам. Ведаюць яны сваю хлебаробскую справу, любяць і, самае галоўнае, умела выкарыстоўваюць сучасную энерганасычаную тэхніку.
У першы дзень механізатар А. М. Знайдзён трактарам МТЗ-3022 з сеялкай АПП-6 пасеяў 25 гектараў аўса і актыўна пачаў сяўбу ячменю. На трактары John Deere ў агрэгаце з сеялкай Amazone працуе механізатар Д. Д. Сяляўка. “Вось хто прыроджаны сейбіт, – так яго характарызуе загадчык участка. — На Новы год праўленнем СВК яму выдзелены дабротны дом, які ўзведзены гаспадарчым спосабам”.
Культывацыю глебы на трактарах МТЗ-1221 вядуць руплівыя механізатары У. І. Ламанос і П. У. Булдык. На ўнясенні азотных угнаенняў (КАСа) працуе механізатар М. М. Варанко, які паспяхова выконвае дзённыя нормы выпрацоўкі. Усе занятыя на сяўбе імкнуцца працаваць плённа, бо ёсць жаданне атрымаць і добры заробак. Усе вытворчыя падраздзяленні працуюць зладжана. З сямі гадзін раніцы выходзяць механізатары ў поле і працуюць поўны светлавы дзень. Для ўдзельнікаў сяўбы прадугледжана двухразовае харчаванне.
Пакуль мы размаўлялі, агранамічная служба гаспадаркі рабіла сваю справу – разам з механізатарам на камп’ютары выбірала найбольш аптымальную норму высеву і глыбіню задзелкі насення. Такое стала магчыма дзякуючы прымяненню сучасных пасяўных агрэгатаў, дзе разлік робіцца для кожнага участка. Дарэчы, трэці год запар А. М. Знайдзён адначасова вядзе агрэгатам АПП-6 перадпасяўную апрацоўку глебы і сяўбу. Варта адзначыць, што на ўзбраенні жухавіцкага тэхнапарка на сённяшні дзень ёсць ужо тры такія сучасныя пасяўныя агрэгаты вытворчасці ААТ “Лідааграпраммаш”.
Вясну ў сельгаскааператыве сустрэлі ва ўсеўзбраенні. Своечасова падрыхтавалі тэхніку і нарыхтавалі неабходную колькасць насення, угнаенняў, паліва. Эканамічнай службай і праўленнем СВК для механізатараў распрацаваны ўмовы спаборніцтва на веснавых палявых работах і меры маральнага і матэрыяльнага стымулявання. Дзейнічаюць павышаючыя каэфіцыенты пры выкананні і перавыкананні дзённай нормы выпрацоўкі, прадугледжаны надбаўкі за якаснае выкананне работ і тэрміны.
Сяўбу ранніх яравых культур плануюць завяршыць да свята Вялікадня. Сёлета тут пасеюць зерневыя і зернебабовыя на 674 гектарах.
Пётр ЖЭБРАК.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.