Ветэрану Выдрыцкаму споўнілася 100 гадоў

У гісторыі Турца апошніх гадоў гэта была другая ўрачыстасць такога кшталту і прысвячалася яго доўгажыхарам. Некалькі раней землякі ўшаноўвалі Эмілію Сямёнаўну Руляк, якая пражыла 102 гады. А ў гэты красавіцкі дзень, калі абуджаецца прырода, прынародна адзначалі ў мясцовым Доме культуры стогадовы юбілей Міхаіла Антонавіча Выдрыцкага, які нарадзіўся ў 1911 годзе ў гэтым мястэчку і ніколі не пакідаў яго, апрача перыяду вайны. У гады ліхалецця стралок Міхаіл Выдрыцкі мужна змагаўся з гітлераўцамі пад камандаваннем вядомага ваоеначальніка Чарняхоўскага.


8 мая 1945 года байца кантузіла і Дзень Перамогі ён сустракаў у шпіталі. За мужнасць і гераізм мае шэраг узнагарод, якія з гонарам носіць на святочным касцюме і ў гэтым паважаным узросце. А затым была дэмабілізацыя і франтавік зноў вярнуўся да мірнай стваральнай працы.
Усё жыццё аддаў мясцоваму калгасу імя Чарняхоўскага, названага ў гонар знакамітага палкаводца былымі франтавікамі, якія служылі пад яго камандаваннем.
Самы малодшы ў мнагадзетнай сям’і, Міхаіл Антонавіч выгадаваў сына, названага ў гонар дзеда Антонам, які працаваў ветурачом, а зараз жыве ў горадзе Сарны Ровенскай вобласці, што ва Украіне, дачку Марыю, якая была настаўніцай і жыве ў Любчы. Гэта яна забірае да сябе “зімаваць” бацьку, дачку Людмілу інжынера-будаўніка, якая жыве ў Мінску і часта наведвае бацьку.
Нягледзячы на пажылы ўзрост і інваліднасць, Міхаіл Антонавіч адчувае сябе бадзёра, адносіцца да ўсяго з гумарам і аптымізмам, што і дапамагае доўгажыхару абслугоўваць сябе і нават спрабаваць наводзіць парадак на падворку.
На ўрачыстасць ушанавання юбіляр прыбыў у суправаджэнні дачкі Людмілы ў парадным касцюме пры ўсіх рэгаліях, заняў пачэснае месца за святочным сталом і ўважліва “слухаў” з дапамогай дачкі ўсё, што яму гаварылі прысутныя. А гаварылі яму шмат добрых, цёплых слоў і жадалі  здароўя, добрага самаадчування, цеплыні і пяшчоты ад родных і блізкіх і ўручылі падарункі, кветкі і прывітальныя адрасы старшыня Турэцкага сельвыканкама В. В. Ходар, намеснік старшыні СВК імя Чарняхоўскага па ідэалагічнай рабоце А. А. Чамярыс, намеснік дырэктара Турэцкай СШ па выхаваўчай рабоце   Т. В. Гарох, мастацкі кіраўнік мясцовага ЦСДК Ж. Э. Комар.
І вось урачысты момант — новы пашпарт грамадзяніна Рэспублікі Беларусь на чарговыя 25 гадоў уручаюць юбіляру старшы інспектар групы грамадзянства і міграцыі РАУС, маёр міліцыі Ж. М. Траццякевіч і інспектар ГГіМ, капітан міліцыі А. А. Сакалоўская, якія жадаюць Міхаілу Антонавічу здароўя і ўсіх даброт на ўсё далейшае жыццё.
А якое ж свята без баяна! Тым больш, што М. А. Выдрыцкі некалі быў аматарам мастацкай самадзейнасці і нават прызёрам абласнога агляду, добра іграў на гітары і мандаліне. Вось чаму яго радавалі работнікі ЦСДК не толькі віншавальнымі песнямі, а і мелодыямі яго маладосці.
Апафеозам урачыстасці стаў “салодкі” стол з тортам і гарбатай.

Добавить комментарий