Ветэраны займаюць актыўную грамадзянскую пазіцыю

Адбылася справаздачна-выбарная канферэнцыя раённай ветэранскай арганізацыі Беларускага грамадскага аб’яднання ветэранаў. З дакладам выступіла старшыня раённага савета ветэранаў Н. С. Яфрэмава.
Раённая ветэранская арганізацыя налічвае 8800 пенсіянераў, з іх 7380 ветэранаў вайны і працы, якія ўваходзяць у склад 13 пярвічных арганізацый. У тым ліку 69 удзельнікаў Вялікай Айчыннай вайны, 32 інваліды вайны, 8 работнікаў тылу, адзін блакаднік, 23 сям’і загінуўшых, 543 — адзінокія.

Усе гэтыя катэгорыі, па словах прамоўцы, маюць патрэбу ў пастаяннай сацыяльнай абароне з боку дзяржавы і падтрымцы ветэранскай арганізацыі. У гэтым накірунку раённая арганізацыя працуе ў цесным кантакце з упраўленнем па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама. Члены прэзідыума наведваюць ветэранаў вайны і працы па месцы жыхарства, вывучаюць праблемныя пытанні іх жыцця з дапамогай сельскіх і Мірскага пасялковага выканаўчых камітэтаў, кіраўнікоў СВК, арганізацый і прадпрыемстваў. Ветэранская арганізацыя з’яўляецца сувязным звяном паміж ветэранамі і ўладай.
Савет арганізацыі працаваў у складзе 30 чалавек, прэзідыум — 11. За справаздачны перыяд праведзена 8 пленумаў і 57 пасяджэнняў прэзідыума.
Дзейнічалі чатыры камісіі: арганізацыйна-метадычная (старшыня В. В. Шэўка), сацыяльна-бытавая (С. А. Мішчук), па рабоце з моладдзю (К. І. Лейка), па ўвекавечанню памяці абаронцаў Айчыны і ахвяр войнаў (М. Я. Гагарын), якія працавалі згодна з планамі работы.
Кожная важная падзея, прысвечаная ветэранам раёна, асвятляецца ў раённай газеце “Полымя”, гучыць па радыё. Ветэраны вайны і працы неаднаразова заахвочваліся падпіскай на раённае выданне, газеты “Рэспубліка” і “Советская Белоруссия”. Газеты падпісваліся за сродкі раённага бюджэту і ГА “Белая Русь”.
Раённая ветэранская арганізацыя не застаецца ў баку ад важных падзей. Ветэранаў вайны і актывістаў ветэранскага руху віншуюць паштоўкамі, выпушчаны буклеты з успамінамі ветэранаў, напісана гісторыя ветэранскага руху, пачата работа па збору ўспамінаў удзельнікаў і выканаўцаў інтэрнацыянальнага абавязку ў Рэспубліцы Афганістан.
У час падрыхтоўкі да 65-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў прайшлі сустрэчы ўдзельнікаў вайны з моладдзю, школьнікамі і іншымі катэгорыямі насельніцтва. Шмат зроблена па аказанню дапамогі ветэранам вайны па рамонту кватэр, дамоў, хлявоў, печак, устаноўцы агароджаў, пажарнай сігналізацыі і г. д. Вялікую дапамогу ветэранам вайны ў навядзенні парадку аказвалі вучні школ і ліцэя, члены БРСМ правялі шэраг акцый.
Імя ўдзельніка Вялікай Айчыннай вайны А. К. Цобкала, старшыні пярвічнай ветэранскай арганізацыі Мірскага пассавета, занесена ў Кнігу Славы раёна, а імя ветэрана вайны Ф. П. Бядрыцкага — у Кнігу Славы абласнога савета ветэранаў.
Н. С. Яфрэмава адзначыла вялікую ўвагу кіраўніцтва раёна да ветэранаў вайны і працы. Дапамагалі спраўляцца са складанымі сітуацыямі старшыня райвыканкама В. Л. Шайбак, намеснік старшыні Р. Ю. Абрамчык, работнікі фінансавага аддзела, ЦБП № 411 г. п. Карэлічы філ-ла № 413 ААБ “Беларусбанк” на чале з Н. Б. Альшэўскай. Заўсёды дапамагаюць работнікі аддзела ідэалагічнай работы райвыканкама і РК ГА “БРСМ”.
Напярэдадні Дня Перамогі і Дня пажылых людзей праводзіліся “прамыя лініі” і “круглы стол”. Кіраўніцтва ветэранскай арганізацыі прымае ўдзел у правядзенні адзіных дзён інфармавання насельніцтва.
Тэма патрыятычнага выхавання падрастаючага пакалення заўсёды была асноўнай на працягу справаздачнага перыяду. Вялікую актыўнасць праяўляюць ветэраны вайны Ф. П. Бядрыцкі, У. Д. Буй, А. К. Цобкала, І. М. Тур, М. Ц. Забенька, А. П. Карчык, В. М. Чэкан, В. Д. Лядзецкі, І. А. Леановіч, Р. К. Дуда.
Ветэран працы, член прэзідыума ветэранскай арганізацыі М. У. Белянова вядзе гісторыка-краязнаўчы гурток “Спадчына” ў гімназіі № 1 і адказвае за работу музея пры гэтай навучальнай установе. Цікавы вопыт работы гуртка “Пошук” пры Жухавіцкай СШ.
Ветэранскі лідар паведаміла ў сваім выступленні і аб стварэнні аматарскіх аб’яднанняў і адзначыла, што добра ў гэтым плане працуе пярвічная ветэранская арганізацыя г. п. Карэлічы, дзе старастай дзеючых клубаў для пажылых з’яўляецца В. П. Марцюшава, у Турцы — Л. М. Брылевіч, у Горнай Руце — Н. І. Суран, “Надзеяй” у Цырыне кіруе ветэран працы З. А. Навумовіч.
Ветэраны вайны і працы праяўляюць актыўнасць у перыяд правядзення выбарчых кампаній. Так, у склад раённай камісіі па выбарах Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь выбралі Л. І. Угрыну, 14 чалавек — ва ўчастковыя камісіі, ветэраны былі наглядальнікамі на 25 выбарчых участках.
За справаздачны перыяд ветэраны вайны і працы звярталіся за дапамогай па пытаннях рамонту электраправодкі, печаў, жылля, устаноўкі агароджаў, забеспячэння палівам, бульбай, апрацоўкі агародаў, прадастаўлення транспарту, добраўпарадкавання прыдамавых тэрыторый лаўкамі для адпачынку пажылых людзей, атрымання кватэры і іншых відаў дапамогі. Многія работы выкананы з дапамогай Цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва.
Шмат гадоў ветэранаў нашага і Краснагорскага раёна Маскоўскай вобласці (Расія) аб’ядноўваюць цесныя сяброўска-дзелавыя сувязі. Нашы дэлегацыі, у склад якіх уваходзілі ветэраны, наведвалі расіян.
З дакладам рэвізійнай камісіі выступіла Н. Д. Урублеўская.
Падзяліліся свамі думкамі і меркаваннямі ветэраны Вялікай Айчыннай вайны Ф. П. Бядрыцкі і В. Д. Буй, старшыні пярвічных ветэранскіх арганізацый Т. Д. Сак (СВК “Свіцязянка-2003”), В. П. Марцюшава (г. п. Карэлічы), З. А. Кулеш (СВК імя Царука), Г. І. Мамончык (СВК “Жухавічы”), старшыня праўлення аб’яднанай грамадскай арганізацыі “Бел.Т.І.” В. М. Сашко, першы сакратар РК ГА “БРСМ” Н. У. Швец, член абласнога савета ветэранаў В. В. Шэўка, начальнік упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама І. А. Богуш, ветэран працы, жыхарка вёскі Забердава Ф. М. Яўсей.
Намеснік старшыні райвыканкама Р. Ю. Абрамчык адзначыў актыўную работу ветэранскай арганізацыі, і ўручуў Падзячныя пісьмы Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь У. Д. Бую, Л. І. Нагорнай, Н. С. Яфрэмавай, Г. А. Ульянка, В. В. Шэўку.
Старшынёй раённай ветэранскай арганізацыі выбрана Н. С. Яфрэмава, сакратаром Г. А. Ульянка.
На абласную канферэнцыю выбраны 5 дэлегатаў: А. В. Сарока, Н. С. Яфрэмава, Г. А. Ульянка, В. М. Сашко, В. В. Шэўка.
Старшыня райкама прафсаюза работнікаў АПК І. Л. Пянькоўская, нагадаўшы аб сумеснай рабоце прафсаюзных і ветэранскіх арганізацый, уручыла падарункі актывістам ветэранскага руху і ветэранам вайны — якія ўзначальваюць пярвічныя ветэранскія арганізацыі.

 

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.